ЗСУ адбілі ракетную атаку на Кіеў


Больш за 390 мільёнаў долараў. Столькі каштаваў Крамлю сённяшні ракетны ўдар па Кіеве. У ноч на 21 сакавіка акупанты запусцілі па сталіцы Украіны трыццаць адную ракету. Білі ў тым ліку балістычнымі «Іскандэрам» і «Кінжалам». ЗСУ адпрацавалі на 100 адсоткаў: збілі ўсё.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але ў выніку падзення аскепкаў ёсць пацярпелыя. Параненыя трынаццаць асобаў. Некаторыя людзі часова засталіся без жытла.

Жыхары Кіева распавялі падрабязнасці начной атакі:

«Тут быў стрэл. Ну не стрэл, а патрапіла бомба ці ракета ў хату побач. І хваляй усё выбіла! Добра што я быў у калідоры. Так магло б заваліць пасля гэтага».

«Шкло выбітае, люстэрка адарванае. Вырваныя ліхтары ўсе, дах, мусіць, пагнуты. Меліся да бацькоў у вёску ехаць, паехалі… Госпадзе, калі гэта ўсё скончыцца?»

«Я перадаю прывітанне сваім бацькам у Крыме, якія галасавалі. Хадзілі на выбары. І яны галасавалі за Пуціна. Таму, мама, тата, моцна вам дзякую за тое, што мяне сёння амаль не забіла з мужам. Дзякую!»

Пакуль доўжыўся абстрэл, многія жыхары Кіева хаваліся ў метро. Тут падчас расейскага ўдару заставаліся амаль 25 000 асобаў, паведамілі ў мэрыі. З іх каля 3 000 – дзеці.

Апошняя ракетная атака на Кіеў была 44 дні таму. У расейскім Міністэрстве абароны зноў заявілі, што наносілі ўдары па цэнтрах прыняцця пастановаў. Але ці няма ў атацы іншай прычыны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы ракетнай атакі на Кіеў, 7 лютага 2024 году.
Фота: Головне управління ДСНС України у м.Києві / Facebook

«Украінскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва заяўляла аб тым, што сродкаў супрацьпаветранай абароны мала. Што можа быць такая сітуацыя, што ў красавіку нічога не застанецца. Магчыма, расейскі бок быў заінтрыгаваны такім паведамленнем і вырашыў праверыць, а наколькі моцна ў Украіны не хапае сродкаў супрацьпаветранай абароны. І вось паспрабавалі арганізаваць такі масіраваны ўдар», – разважае вайсковы аналітык і былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

За Кіеў адказаў Белгарад. Чальцы легіёну «Свабода Расеі» на прэс-канферэнцыі паведамілі, што атака на абласны цэнтр акупантаў – адплата за начны абстрэл украінскае сталіцы.

Улады расейскай Грайваронскай гарадской акругі заклікалі мясцовых жыхароў эвакуявацца з памежных з Украінаю населеных пунктаў. Сталася тое, пра што неаднойчы прасілі расейскія паўстанцы. Паводле Івана Ступака, расейскія ўлады гатовыя цалкам знішчаць свае гарады і селішчы:

«Просяць з’ехаць цывільных і будуць закідваць вось гэтымі фугаснымі авіяцыйнымі бомбамі 500 кілаграмаў, тона, паўтары тоны. Проста каб не разбірацца. Вось ёсць дамы. Знішчылі, знішчылі, знішчылі… Каб не запускаць туды асабовы склад, каб не несці страты – прасцей з авіяцыі закідваць. А потым заўсёды можна сказаць, што гэта зрабілі вось гэтыя дыверсанты, маўляў, кожную хату знішчылі».

Баі ў Белгародскай вобласці доўжацца больш за тыдзень.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»