Менскі гарадскі суд пачаў разгляд справы экс-журналіста АНТ


Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Семчанка размясціў у сацыяльных сетках публікацыі, што фармуюць у грамадства негатыўнае стаўленне да праваахоўных органаў, вайскоўцаў ды прадстаўнікоў улады. Дзмітрый прызнаў сябе вінаватым.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Працэс над Семчанкам і справа супраць яго – гэта помста ўлады за тое, што журналіст спачатку быў часткай пулу, падтрымліваў усе лукашэнкаўскія рэчы, сам удзельнічаў, а потым раптам выйшаў з крытыкай гэтага», – сказаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

З тэлеканалу АНТ Семчанка звольніўся ў жніўні 2020-га пасля жорсткіх разгонаў пратэставых акцыяў. А ўжо ў верасні яго затрымалі і асудзілі на пятнаццаць содняў. Высветлілася, што ён быў на самай масавай пратэставай акцыі, маршы шаснаццатага жніўня, яшчэ падчас працы на дзяржаўным тэлебачанні. Праз два гады, у верасні 2022-га, Семчанку зноў затрымалі. Ён двойчы запар адбываў содні, пасля чаго на яго завялі крымінальную справу. Журналісту пагражае да пяці гадоў зняволення.

«У Дзмітрыя Семчанкі як у чалавека і журналіста хапіла гонару сказаць, што ён не будзе заплюшчваць вочы на той гвалт, які меў месца на вуліцах Менску і неяк гэта рэтушаваць ці ўвогуле казаць, што гэта правільная практыка», – паведаміў экс-супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў.

Справа Семчанкі – адзін з прыкладаў пераследу экс-працаўнікоў дзяржаўных медыяў. Гэтак, тыдзень таму затрымалі былога журналіста СТВ Дзмітрыя Баяровіча. Дзе ён цяпер – невядома. А ў жодзінскім СІЗА трымаюць экс-менеджарку каналу «Беларусь 2» Вольгу Гладкую. Раней рэжым прыгаварыў да васьмі гадоў калоніі Ксенію Луцкіну, якая адпрацавала на дзяржаўным тэлебачанні пятнаццаць гадоў.

«Сёння кожнага чалавека, хто выказваў свой пратэст, могуць асудзіць, затрымаць, зрабіць ператрус. Асабліва гэта тычыцца былых прадстаўнікоў дзяржаўных медыяў», – дадаў Барыс Гарэцкі.

Але пераслед былых працаўнікоў дзяржаўных установаў не абмяжоўваецца толькі журналісцкай сферай. Дастаткова прыгадаць справы супраць былога следчага Мікіты Старажэнкі і памочніка пракурора Першамайскага раёну Яўгена Бабака, якія звольніліся на знак пратэсту супраць ґвалту пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020-м. Абодва цяпер у калоніі. З апошніх прыкладаў помсты рэжыму былым дзяржслужбоўцам, што перайшлі на бок народу, – завочныя васямнаццаць гадоў прысуду для экс-дыпламата Паўла Латушкі.

«Людзі, якія далучыліся да пратэстаў з недзяржаўнага сектару ў 2020 годзе, – да іх стаўленне, як да людзей, якія маглі нешта пераблытаць, як да «народца». Да тых, хто працаваў у сістэме, стаўленне, як да здрадніка, таму што Лукашэнка перажывае гэта як асабістую здраду», – адзначыў Анатоль Котаў.

Нядаўняе ўвядзенне смяротнага пакарання для чыноўнікаў і вайскоўцаў за здраду дзяржаве, на думку дырэктаркі даследчага інстытуту «Globsec» Алены Кудзько,  – нішто іншае, як спроба запужаць тых, хто цяпер служыць рэжыму.

«Гэта не адзіны і не першы метад, з дапамогай якога чыноўнікам даводзіцца, чаго ад іх чакаецца. Гэта яшчэ адна спроба нагадаць, што іх праца ў першую чаргу – абсалютная лаяльнасць. Я думаю, што большасць чыноўнікаў гэта ўжо зразумелі», – адзначыла дырэктарка даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

Паводле Анатоля Котава, людзі, не згодныя з сістэмай, знойдуць сваё месца ў новай Беларусі, а створаныя чыноўнікамі рэпрэсіўныя законы пачнуць працаваць супраць іх саміх.

Андрэй Сульжыц, « Белсат»