Міжнародная супольнасць адрэагавала на смерць Ігара Ледніка


«Рэжым Лукашэнкі панясе пакаранне». Гэтак некаторыя еўрапейскія палітыкі адрэагавалі на чарговую смерць беларускага палітвязня. Чакаецца ўзмацненне ціску на рэжым з боку заходніх уладаў. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародная супольнасць адрэагавала на смерць палітвязня Ігара Ледніка. Гэтак, галоўны прадстаўнік у пытаннях вонкавай палітыкі і бяспекі Еўракамісіі Пэтэра Стана зазначыў, што рэжыму Лукашэнкі не пазбегчы адказнасці за рэпрэсіі і парушэнне правоў зняволеных.

«Мы заклікаем вызваліць усіх палітычных вязняў і яшчэ раз нагадваем, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. У панядзелак міністры замежных справаў краінаў-сябровак Еўрапейскага Звязу зрабілі высновы аб Беларусі. У высновах, якія ёсць своеасаблівым палітычным дакументам Еўразвязу, мы прынялі шэраг санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ды ягоных прыхільнікаў за ўсе парушэнні правоў чалавека», – сказаў ён.

З патрабаваннем вызваліць беларускіх вязняў сумлення выступіў і дэпутат Бундэстагу Робін Вагенэр.

«У Беларусі памёр Ігар Леднік – яшчэ адзін палітвязень. Падставай для яго арышту стаў крытычны артыкул. У Ледніка было хворае сэрца. Ягонае ўтрыманне ў турме было недапушчальнае. Я ў думках з яго блізкімі», – адзначыў палітык.

У сваю чаргу прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам скіраваць у лукашэнкаўскія турмы экспертныя камісіі. Маўляў, гэта ўжо пятая смерць палітычнага вязня. І сітуацыя, і ўмовы ўтрымання толькі пагаршаюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калонія.
Фота: na-dache.pro

«Калі ў цябе захворванне на сэрца і ты маеш другую інваліднасць, ты ўсё роўна, з таго што ты палітычны, ты ўсё роўна павінен хадзіць на самую шкодную працу. Я знаходзіўся ў гэтай калоніі 9 месяцаў. І за 9 месяцаў было 8 нябожчыкаў – і 7 нябожчыкаў непасрэдна з гэтага атраду», – апавёў напярэдадні ў эфіры «Студыі «Белсат» былы палітзняволены Алег Кулеша.

Увядзенне санкцыйных захадаў прадстаўнікі дэмакратычных сілаў ухваляюць, гэта можа паспрыяць далейшаму ціску на рэжым Лукашэнкі. Аднак не ўсе з былых палітычных вязняў гэтак жа адзінагалосна выступаюць за такія крокі.

Журналістка Вольга Лойка, якая правяла за кратамі 10 месяцаў у «справе “Tut.by”», схіляецца да неабходнасці весці перамоўныя працэсы для вызвалення асуджаных паводле палітычных справаў:

«Ёсць у рэшце рэшт інструменты накшталт званкоў вядомых палітычных дзеячаў. Я не бачу ў гэтым ніякага прагінання пад рэжым ці чагосьці падобнага. Гэта фактычна выратаванне чалавека».

На сёння праваабарончай супольнасці вядома як мінімум пра 13 палітычных вязняў, якія маюць праблемы са здароўем. Гэтак, у Паўла Кучынскага дыягнаставалі лімфому ў чацвёртай стадыі. Лячэнне, якое ён атрымлівае, не дапамагае. У былога старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва пагоршыўся стан у Гарадзенскай турме. Яшчэ да прысуду ў яго выявілі рак. Патрэбная перасадка ныркі актывісту незалежных прафсаюзаў РЭП Васілю Берасневу. Журналістка Ксенія Луцкіна мае пухліну галаўнога мозгу, якая расце і правакуе боль.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»