Журналісты раскрылі планы Масквы па асіміляцыі Беларусі


Чаго не дарабіў расейскі штык – даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп. Вядомы наратыў Расейскай імперыі дзевятнаццатага стагоддзя. Цяперашнія ж намеры Расеі адносна беларускіх земляў – стварыць паўнавартасную Саюзную дзяржаву да 2030 года. Гэткія планы заяўленыя на старонках дакументу пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі ў Беларусі». Доступ да дакументу атрымалі журналісты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Перад публікацыяй кансорцыум журналісцкіх расследавальнікаў правяраў яго са сваімі крыніцамі ў шэрагу заходніх выведак. Кансэнсус такі, што ён праўдападобны. Ну і плюс тое, што журналісты, якія з ім з’явіліся, гарантуюць тое, што крыніца тая, кім сябе называе», – каментуе прадстаўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Дваццаць восем інтэграцыйных праграмаў, змест якіх не быў апублікаваны цалкам, ужо некалькі гадоў «вось-вось» імплементуюць Менск і Масква. Гэта, напрыклад, максімальная ўніфікацыя заканадаўства, падатковых кодэксаў, энергетычных і транспартных сістэмаў, спрашчэнне выдачы пашпартоў, адмена роўмінгу.

Аднак, далей – цікавей. Згодна з дакументам, задача – сфармаваць устойлівыя прарасейскія групы ўплыву ў беларускай палітычнай эліце. Абмяжоўваць уплыў мясцовых нацыянальна арыентаваных і празаходніх сілаў. На сваіх умовах завяршыць канстытуцыйную рэформу.

Ці бачыць Лукашэнка тут пагрозу сваёй уладзе? Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што ён сам сябе загнаў у расейскую пастку, але адносна шэрагу пералічаных у дакуменце пытанняў будзе спрабаваць супраціўляцца:

«Там жа ідзе, напрыклад, у гэтым дакуменце, гаворка пра ўвядзенне адзінай валюты. Гэта не ў інтарэсах Лукашэнкі. І на эканамічным кірунку – ён супраціўляецца, бо не хоча страціць кантроль. Ну а іншыя галіны, тая ж культурная, палітычная, – там ён паводзіць сябе найбольш лаяльна. І робіць тое, што ад яго чакаюць».

Згодна дакументу, расейцы плануюць у тым ліку пашырыць інфраструктуру сваёй вайсковай прысутнасці. Наўпрост гэта значыць – расейскія вайсковыя базы на беларускай зямлі. Хочуць таксама стварыць супольную сістэму кіравання ўзброенымі сіламі, увесці адзіныя нормы рыхтавання асабовага складу. Станіслаў Івашкевіч кажа:

«Ужо на сённяшні дзень ёсць такія сістэмы, як адзіная сістэма СПА і адзіная групоўка войскаў (сілаў, міліцыі і гэтак далей), у якіх у абедзвюх прапісана: у выпадках ваеннага становішча камандны пункт становіцца адзін. І ён у Маскве».

Асобнай увагі заслугоўвае гуманітарная сфера. Тут на парадку дня павелічэнне ўплыву расейскіх СМІ, збліжэнне адукацыйных стандартаў, адкрыццё ў Беларусі філіялаў расейскіх ВНУ і расейскіх школаў. Аднак галоўнае – «Умацаванне пазіцыяў расейскай мовы, яе дамінаванне над беларускай у якасці дзяржаўнай». Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана:

«Аўтары гэтага дакументу па-ранейшаму бачаць беларусізацыю або развіццё беларускай культуры як пагрозу для сваіх інтарэсаў у Беларусі, лічаць патрэбным з гэтым далей змагацца і прасоўваць культурныя, прапагандысцкія, палітычныя ды іншыя наратывы».

Рызыкамі для расейскіх планаў на ўсіх этапах у дакуменце называецца пераарыентацыя Беларусі на Еўразвяз або на Кітай.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»