Мовазнаўца Вінцук Вячорка: «Мы вельмі шмат страцілі жывога моўнага рэсурсу»


У сваім канале «Янахімічыла» Яна Карслян з Чыкага распавядае пра хімічны бок побытавых з’яваў: як лепш запарваць каву ці чым чысціць посуд. Створаны некалькі месяцаў таму канал мае ўжо больш за тысячу падпісчыкаў, а відэа набралі з дзесяць тысяч праглядаў. Канал – па-беларуску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне падаецца, што ўвогуле на беларускай мове весці блог – гэта перадвызначана рабіць нешта новае, не ісці па плыні. А гэта значыць, не вельмі гэта і проста. Але цікава», – кажа Яна Карслян.

Былая гамяльчанка Яна Карслян скончыла аспірантуру ў Злучаных Штатах. Жыве з мужам, армянінам паводле нацыянальнасці, і дваімі дзецьмі ў Чыкага.

Дзеці ў сямʼі гавораць на трох мовах: англійскай, армянскай і беларускай. Але каштоўнасць роднай мовы Яна асэнсавала, толькі за мяжою.

«Пачала чытаць гісторыю, пачала знаёміцца з палітыкай таксама і зразумела, што гэта вельмі несправядліва. І насамрэч, мая родная мова, калі б не было тых падзеяў у Беларусі, была б беларуская», – Кажа Яна.

Пяць гадоў – з 1990-га ад моманту прыняцця закону Вярхоўным Саветам БССР да так званага рэферэндуму 1995-га, ініцыяванага Лукашэнкам, – беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай.

«Так званае дзяржаўнае двухмоўе, уведзенае ў 1995 годзе, ужо прывяло да таго, што ў 2009-м беларуская мова была прызнаная моваю пад пагрозай знікнення, яна ў так званым чырвоным спісе UNESCO», – кажа мовазнаўца і журналіст Вінцук Вячорка.

З таго часу выкладанне па-беларуску пачало змяншацца. Напрыклад, калі ў 2005–2006 навучальным годзе амаль кожны чацвёрты школьнік навучаўся па-беларуску, то ў 2020–2021 навучальным годзе – толькі кожны дзясяты.

Усё менш дзяцей пераймае жывую мову і ад бацькоў. Пераязджаючы з вёскі, людзі стараліся пазбыцца беларускай мовы, якая ў горадзе выкарыстоўвалася ўсё менш.

«Мы вельмі шмат страцілі жывога моўнага рэсурсу. Цяпер бальшыня беларусаў жыве ў гарадах і для многіх беларуская мова… Вось людзі называюць яе матчынай, але папраўдзе яна – бабуліна. І вымушаныя ў некаторых семʼях гэты разарваны ланцуг звязваць, звязваць недастатковае звяно», – адзначае Вінцук Вячорка.

Сёння беларусы пераважна не атаясняюць сваёй нацыянальнасці з мовай, кажа дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі, прэзентуючы праект «Двухмоўнае аднамоўе» – пра стан і перспектывы моўнай палітыкі ў Беларусі.

Але пры гэтым, на адрозненне ад васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, каштоўнасць беларускай мовы ўсведамляе сёння пераважная большасць беларусаў.

«Беларуская мова – найважнейшая частка нашай культуры і павінная захавацца. Абсалютная большасць з гэтым згодная. Нельга цалкам забываць беларускую мову – таксама абсалютная большасць згодная» – пералічвае Пётр Рудкоўскі.

Слабое ж выкарыстанне мовы стварае небяспеку для ўсведамлення яе каштоўнасці, кажуць навукоўцы. Таму важна вяртаць беларушчыну ва ўжытак. Дамагацца адукацыі для ўласных дзяцей па-беларуску – права на гэта зацверджанае ў Канстытуцыі. Ствараць моўнае асяроддзе і беларускамоўны кантэнт у інтэрнэце.

«Вось у гэтым годзе, напрыклад, быў запушчаны вельмі каштоўны праект. Ён называецца «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра». У межах гэтага праекту будуць падтрыманыя разнастайныя адукацыйныя ініцыятывы, якія будуць стварацца ці ўжо існуюць менавіта для школьнікаў», – кажа Таццяна Шчытцова, дарадца ў справах адукацыі і навукі Офісу Святланы Ціханоўскай.

Або змагацца за беларускамоўнае афармленне беларускіх тавараў, як гэта нястомна робіць актывіст Ігар Случак. Бо лёс нашае мовы залежыць сёння ад кожнага з нас.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»