Падлеткі менш «дымяць», але ўсё больш «параць»


Перацерці ў руках хвойную галінку ці з‘есці зярнятка кавы. Цяпер падлетку, каб схаваць ад бацькоў сваю прыхільнасць да нікаціну, такія архаічныя метады не патрэбныя. Пры ўжыванні вэйпу едкага паху тытуню няма. А вось праблема ёсць. Паводле Навукова-практычнага цэнтру гігіены, за апошнія пяць гадоў колькасць вэйпераў сярод школьнікаў вырасла ў тры разы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта больш сацыяльныя прычыны. Паліць пачынаюць у асноўным у падлеткавым узросце. Гэта і сродак інтэграцыі ў групу, і нейкая імітацыя даросласці. Падлеткі назіраюць гэта вакол, гэта з’яўляецца пэўным атрыбутам у пэўных сітуацыях. Таксама прыкладам могуць быць бацькі», – лічыць нарколаг Павел Перапёлкін.

НПЦ гігіены апытаў тры з паловаю тысячы вучняў сёмых-дзясятых класаў у трыццаці дзевяці школах. Выявілася, што электронныя цыгарэты надзвычай папулярныя ў падлеткаў. Доля вэйпераў сярод школьнікаў – пятнаццаць адсоткаў ад апытаных. Звычайныя ж цыгарэты робяцца ўсё менш папулярнымі: з 2004 года доля курцоў знізілася ў пяць разоў. Але пазітыву мала – пара ад электронных цыгарэтаў таксама можа змяшчаць нікацін.

«Нікацін – гэта рэчыва, якое пры працяглым прымяненні выклікае залежнасць, мацнейшую за гераін», – заявіў доктар-імунолаг Алег Дарашкевіч.

Апытанне паказвае, што лік вэйпераў сярод вучняў дзявятых класаў у тры цэлыя чатыры дзясятыя разу большы, чым сярод сямікласнікаў. Прычым дзяўчаты амаль у два з паловаю разу часцей за хлопцаў не бачаць небяспекі ў электронным курэнні. Пакуль шкода ад вэйпу вывучаная недастаткова, але адрозныя ад тытуню наступствы ўжо вядомыя.

Падлеткі з вэйпам.
Фота: Расціслаў Нетысаў

«Пара ад электроннай цыгарэты ўтрымлівае фармалін – рэчыва, якое нават у малых дозах можа пашкодзіць сятчатку вока», – дадае Алег Дарашкевіч.

Заўважылі праблему і лукашэнкаўскія ўлады, але метады барацьбы абралі спрэчныя. Гэтак, у адной са школаў Магілёва «супрацоўнікі ў форме» правяралі ў старшакласнікаў заплечнікі на прадмет «забароненых рэчываў», сярод якіх – электронныя цыгарэты. Наколькі законная такая працэдура?

«Няма законных падставаў праводзіць дагляд рэчаў у вучнях, калі іх не падазраюць у чымсьці. Калі іх падазраюць, то трэба ўсё рабіць згодна з працэдурамі – выклікаць бацькоў, каб правесці дагляд», – паведаміла юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.

Якія наступствы чакаюць непаўнагадовага, калі ў яго знойдуць электронную цыгарэту?

«Няма такога злачынства, як мець пры сабе вэйп. Нават калі ты непаўнагадовы. То бок гэта не крымінальнае і не адміністратыўнае злачынства», – дадае Святлана Галаўнёва.

У Беларусі продаж электронных курыльных прыстасаванняў рэгламентуецца заканадаўствам. Продаж вэйпаў асобам, якія не дасягнулі паўналецця, забаронены.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»