Беларусь адкрыла аўтобусныя рэйсы ў Ялту


З Беларусі ў анексаваны Крым на аўтобусе. Перавознік «БелЭкспрэс Бай» адкрыў рэйсы з Менску ў Ялту. Аўтобусы будуць хадзіць раз на чатыры дні, а паездка ў адзін бок на адну асобу каштуе крыху больш за 185 рублёў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У кампаніі «БелЭкспрэс Бай» нам паведамілі: «Білет можна набыць і за гадзіну да паездкі. Галоўнае, каб яны былі ў наяўнасці. На дадзены момант месцаў хапае».

Маршрут аўтобуса ў часова акупаваны Крым – адзін з двух магчымых цяпер. Праз расейскія Бранск, Арол, Варонеж, Растоў-на-Доне, некаторыя рэйсы заязджаюць у Краснадар. І далей – праз Керчанскі мост на паўвостраў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй ва ўсіх гэтых рэгіёнах перыядычна здараюцца ракетныя абстрэлы ці атакі беспілотнікаў. Таму, адзначыў вайсковы аглядальнік Уладзіслаў Селязнёў, гарантавана бяспечная такая паездка толькі па тэрыторыі Беларусі:

«Асноўная зона рызыкі пачынаецца з Таманскага паўвострава – там, дзе пачынаецца Керчанскі мост. Бо Керчанскі мост з’яўляецца законнаю цэллю. Асабліва з улікам таго, што ўрад ЗША актывізаваў кейс перадачы ракетаў “ATACMS”. Пакуль Украіна атрымала ракеты, здольныя пралятаць адлегласць да 160 кіламетраў».

Аднак, мяркуе эксперт, бліжэйшым часам Украіна можа атрымаць ракеты «ATACMS» з далёкасцю да двухсот васьмідзесяці кіламетраў, здольныя знішчаць пабудовы з металу і бетону. Пры гэтым у кампаніі «БелЭкспрэс Бай» нас запэўніваюць:

«У аўтобусе вы аўтаматычна застрахаваныя. Гэта абавязак перавозніка. Выйшлі з аўтобуса на санітарны прыпынак – страхоўка не распаўсюджваецца. А што датычыць усёй сітуацыі… Ну, уласна, трэба дзейнічаць па факце. Тут ніякіх гарантыяў няма».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтавакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Дэ-юрэ рэжым Лукашэнкі з 2014 года так і не прызнаў Крым расейскім. Хаця сам дыктатар трымаўся неадназначна: называў паўвостраў то расейскаю тэрыторыяй, то ўкраінскай, а потым зноў расейскаю.

«З іншага боку, далучэнні да краіны нейкіх тэрыторыяў, яны юрыдычна фармальна не патрабуюць нейкага прызнання. А вось утварэнне новых краінаў – патрабуе», – патлумачыў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Афіцыйны Менск сваймі дзеяннямі таксама дэманструе прызнанне Крыму расейскім. Сёлета ў сакавіку кіраўніцтва Віцебскай вобласці падпісала ўсёабдымнае пагадненне з акупацыйнымі ўладамі паўвострава. А ў ліпені прадстаўнікі гэтых уладаў прыехалі ў беларускую сталіцу на Дні Крыму. На думку Юрыя Дракахруста, падобныя дзеянні рэжыму Кіеў, безумоўна, улічвае, але:

«Калі адбываюцца нейкія элементы “паўзучага прызнання”, калі, умоўна кажучы, нейкі аблвыканкам ці гарвыканкам заключае нейкія пагадненні з Крымам, ці ДНР, ці нейкімі іншымі акупаванымі тэрыторыямі, на гэта рэакцыі няма. Гэтак жа і на аўтобус».

Пры гэтым, паводле ўкраінскага заканадаўства, парушэнне парадку ўезду ў часова акупаваны Крым прадугледжвае крымінальную і адміністратыўную адказнасць. Да поўнамаштабнай вайны беларусам, якія наведвалі анексаваны паўвостраў праз тэрыторыю Расеі, забаранялі ўезд ва Украіну мінімум на 3 гады.

Ірына Юр’ева, «Белсат»