Ліз Трас абвясціла аб адстаўцы


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Ліз Трас падала ў адстаўку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я размаўляла з Ягонаю Вялікасцю Каралём, каб паведаміць яму пра свой сыход з пасады лідара Кансерватыўнай партыі. Сёння раніцаю я сустракалася з кіраўніком Камітэту 1922 Грэямам Брэйдзі. І мы пастанавілі, што выбары новага лідара адбудуцца цягам тыдня. Гэта забяспечыць нашую магчымасць стварыць фіскальныя планы, каб падтрымаць эканамічную стабільнасць нашай краіны», – такую заяву зрабіла прэм’ер міністарка.

Адстаўка Ліз Трас сталася апагеем крызісу ў Вялікай Брытаніі, які справакавалі планы Трас і экс-міністра фінансаў Квазі Квартэнгі знізіць падаткі і выдзеліць грошы на субсідыі для насельніцтва. Пры такой падатковай ініцыятыве ўрад краіны не мог растлумачыць, дзе будзе браць грошы на яе рэалізацыю. Гісторыя вельмі заклапаціла не толькі фінансістаў, але і саюзнікаў Вялікай Брытаніі. Напрыклад, на мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў план Трас для скарачэння падаткаў памылкаю.

«Гэта прадказальна. Я маю на ўвазе, што я быў не адзіным, хто думаў, што гэта была памылка. Але паслухайце, я думаю, што ідэя зніжэння падаткаў для звышбагатых – гэта няправільна. Ва ўсякім разе, я проста так думаю, я не згодны з такой палітыкай, але гэтае рашэнне павінна прымаць Вялікая Брытанія, а не я», – мяркуе Джо Байдэн.

У сваю чаргу Вялікая Брытанія, здаецца, усё вырашыла. Жыхары Лондану яшчэ з раніцы заклікалі Ліз Трас пакінуць сваю пасаду:

«Мы павінны пазбавіцца яе, ці не так? Яна павінна пайсці. Я маю на ўвазе, гэта проста такі кашмар. Усё, што яна абяцала, ейнае абяцанне, усё, што яна сказала, было ў найлепшым выпадку поўным разваротам, або хлусня ў горшым выпадку, і яна выступала за сумленнасць?!»

«Не магу ўсачыць за падзеямі ні на хвіліну, яны проста мяняюцца кожны дзень. Шчыра кажучы, я здзіўлюся, калі ўрад перажыве гэты дзень».

«Гэта нешта накшталт бруднага шоу, я не ведаю, што яшчэ сказаць, акрамя гэтага. Гэта даволі дрэнна».

«Вядома, калі б яна сышла ў адстаўку, гэта дэстабілізавала б сітуацыю. Але яна ўжо настолькі дэстабілізаваная, што я не ўпэўненая, што насамрэч можа быць горш. Таму я думаю, што праблема ў тым, што ім трэба нешта зрабіць для стабільнасці. Але Ліз Трас трэба сысці! Я не думаю, што яна можа стварыць гэтую стабільнасць».

Цяпер вядома, што Ліз Трас будзе займаць сваю пасаду да абрання новага пераемніка. Выданне «Таймз» піша, што за пасаду кіраўніка ўраду гатовы змагацца Борыс Джонсан. Паводле даследавання брытанскай кампаніі для аналізу звестак «YouGov», у яго ёсць усе шанцы вярнуцца на пасаду і развеяць туман над Альбіёнам.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»