Крадзяжы, карупцыя, прыпіскі: сілавікі ўзяліся за сельскую гаспадарку


На Гомельшчыне ідзе зачыстка ў аграрным сектары, пішуць незалежныя медыі. Пад следства трапляюць чыноўнікі і кіраўнікі сяльгаспрадпрыемстваў. Крадзяжы, карупцыя, прыпіскі – гэта праблема для беларускай сельскай гаспадаркі агулам, што прызнаваў сам Лукашэнка. Чаму рэжым не можа даць рады злачынствам у аграрнай сферы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На Гомельшчыне – зачыстка ў аграрным сектары. Пад следствам – два намеснікі старшыняў выканкамаў, што адказвалі за сельскую гаспадарку. Агулам лік затрыманых кіраўнікоў сяльгаспрадрыемстваў і чыноўнікаў ідзе на дзясяткі, піша выданне «Флагшток». Такое дзеецца не толькі на Гомельшчыне.

«Жніво толькі пачалося, а Міністэрства ўнутраных справаў за крадзяжы паліўна-аліўных матэрыялаў і збожжа распачало шэсцьдзесят адну крымінальную справу і выявіла амаль дзве тысячы дзвесце адміністратыўных правапарушэнняў», – абураўся Лукашэнка ў ліпені.

На той момант у калгасаў скралі 5 тонаў угнаенняў, 17 – камбікорму, 30 – паліва і 40 тонаў збожжа. Больш за 800 асобаў працавалі нецвярозымі. На дзяржаўных аграпрадпрыемствах кіраўнікі і працаўнікі не ёсць гаспадарамі, тлумачыць прычыны крадзяжоў і хабарніцтва Мікалай Лысянкоў, спецыяліст у сельскай гаспадарцы.

«Як бы там ні пужалі, хоць смяротнай карай, усё адно людзі несвядома будуць красці. Бо лічаць, што гэта ўсё нічыё. Я краду не ў канкрэтнай асобы, а бяру нічыйнае», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На калгасных палях ідзе збор ураджаю бульбы. Барысаўскі раён, Беларусь. 9 верасня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

Другая адвечная бяда дзяржаўнага сектару ў сельскай гаспадарцы – прыпіскі.

«У рэспубліцы пракуратура выявіла 185 такіх выпадкаў, калі тэхніка была гатовая да працы толькі на паперы», – казаў Лукашэнка падчас ліпеньскай нарады.

А за ўтойванне мору жывёлы летась распачалі больш 122 крымінальныя справы.

«Калі ідзе добрае фінансаванне – прыпісак менш. Фінансаванне заканчваецца, а планы ўсё адно трэба выконваць. На жаль, планы для кіраўнікоў пэўнага ўзроўню ставяць нерэальныя», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Кіраўнікі робяць прыпіскі, каб не вылецець з пасадаў, тлумачыць эксперт. Лекаваць адвечныя хваробы сельскай гаспадаркі Лукашэнка адпраўляе сілавікоў. Ажно да намеснікаў генеральнага пракурора.

Хіба прыбіранне кароўнікаў мае кантралявацца людзьмі ў пагонах? У беларускіх суседзяў – Літвы ці Польшчы – такога не практыкуецца, кажа былы працаўнік міліцыі Уладзімір Жыгар.

«Тут фермеры – гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выдатна ўсведамляюць, што іхная праца – іхны прыбытак. А для дзяржавы – гэта падаткі, і дзяржава не лезе ў іхныя справы. Тым больш, праваахоўныя органы», – тлумачыць Уладзімір Жыгар.

Чаму Лукашэнка, усведамляючы хранічныя праблемы дзяржаўнага сяльгассектару, не рэфармуе прадпрыемстваў, многія з якіх паходзяць з савецкае эпохі?

«Гэта ягонае мінулае, тое, што ён спрабуе вярнуць. Ён хоча, каб мы зноў атрымалі краіну, у якой ён нарадзіўся. Ён савецкі чалавек. Ён ніколі не хаваў, што ён камуніст, сацыяліст, нават пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь», – мяркуе Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.

Чыноўнікі тым часам рапартуюць пра скарачэнне долі стратных аграпрадпрыемстваў. З мінулага года яна нібыта знізілася з 6,2 % да 5,5 %, заявіў сёння міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ. У якой ступені можна верыць афіцыйнай статыстыцы – пытанне адкрытае.

Валянцін Васіленка, «Белсат»