Беларускі бізнес развіваецца за мяжою


Сёння ў Варшаве Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой і Дэпартамент Гандлю ЗША падпісалі дарожную мапу аб інстытуцыйнай супрацы. Гэта азначае, што ABBA павялічвае сваю дзейнасць у Паўночнай Амерыцы, і беларускі бізнес, не звязаны з Лукашэнкам і Пуціным, будзе мець больш магчымасцяў, каб павялічыць дабрабыт і фінансаваць грамадзянскую супольнасць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы знаходзімся ў цэнтры польскай сталіцы, ля гатэлю «Maryott», якраз насупраць Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу Варшавы. Тут сёння сабраліся беларускія прадпрымальнікі розных узроўняў з асацыяцыі ABBA, каб супольна вызначыць стратэгію дзеянняў на бліжэйшы час, а таксама каб вырашыць канкрэтныя персанальныя бізнес-праблемы, звязаныя з дзеяннем антываенных санкцыяў або легалізацыяй у Еўропе. Такая магчымасць тут ёсць.

На III Беларускі бізнес-форум арганізатары адмыслова запрасілі прадстаўнікоў Дэпартамент Гандлю ЗША, Агенцтва Злучаных Штатаў у міжнародным развіцці USAID, Еўрапейскай камісіі і Міністэрства замежных справаў Польшчы.

«Мы будзем падтрымліваць беларускі бізнес столькі, колькі спатрэбіцца. І зробім усё, каб нашае суіснаванне было прымальным для ўсіх, хоць гэта і не быў наш выбар – прыняць тут столькі людзей з Беларусі ў такіх абставінах», – заявіла Анна КастшэваМішталь, віцэ-дырэктар Усходняга дэпартаменту Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Як распавяла Анна Кастшэва-Мішталь, толькі Польшча за апошнія 3 гады выдала беларусам 700 тысячаў візаў, з іх 90 тысячаў – візы для бізнесоўцаў. Таму дзяржаўныя органы часам проста не даюць рады з хуткай апрацоўкай дакументаў.

«Тыя інстытуты, якія мусяць своечасова выдаваць дазвольныя дакументы для перабывання ў Польшчы, дзейнічаюць і выконваюць свае абавязкі не зусім карэктна», – мяркуе беларускі бізнесовец у Вроцлаве Раман Цімафееў.

Яўген Буры (трэці злева) падпісвае «дарожную мапу» супрацы з Дэпартаментам камерцыі ЗША. ІІІ канферэнцыя беларускага бізнесу за мяжою «Belarus Business Harbour 2023». Варшава, Польшча. 20 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Праблемаў хапае. Часам банкі адмаўляюць у крэдытах ці адкрыцці рахункаў, пабачыўшы беларускі пашпарт – гэта калі ён ёсць. Кампаніі баяцца, што беларус-прадпрымальнік можа падвесці іх пад санкцыі, хоць сам ён мог раней пацярпець ад рэжыму Лукашэнкі. Але як даказаць, што канкрэтна гэты бізнес – этычны, не звязаны з крыміналам дый проста прафесійны? На Форуме ішла гаворка пра самарэгуляцыю бізнес-аб’яднанняў і акрэдытацыю канкрэтных фірмаў іх калегамі.

«Напрыклад, у ЗША акрэдытацыя ў розных галінах існуе больш як 100 гадоў. І гэта неадʼемная частка ў станаўленні іх дзяржаўнасці. Самарэгуляцыя важная, асабліва калі няма даверу ў дзяржаўных інстытутаў. Асабліва для бізнесаў за мяжой», – тлумачыць прафесарка Флорыдскага атлантычнага ўніверсітэту Паліна Прысмакова.

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой тым часам толькі пашыраецца. У яе ўжо ўваходзяць 80 чальцоў. І гэта не 80 чалавек, а 80 юрыдычных асобаў.

«Шмат кампаніяў з рэальнага сектару, гэта радуе. То бок гэта вытворчасць. Шмат кампаніяў, паслугаў. ІТ, у параўнанні з іншымі сектарамі, рэпрэзентацыі ўсіх кампаніяў у Польшчы і краінах Балтыі, у нас займаюць мінімальную долю», – распавёў «Белсату» віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Серж Наўродскі.

У Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой няма іншых ворагаў, акрамя рэжыму Лукашэнкі, які супраць сумленнага бізнесу, заявіў на форуме прэзідэнт ABBA Яўген Буры. А крытыкі, апаненты і нават нядобразычліўцы – гэта частка дэмакратычнага грамадства. ABBA гатовая да дыялогу.

Як распавёў нам прадстаўнік польскага Міністэрства адукацыі і навукі, пасля падзеяў 2020-га года афіцыйная Варшава стварыла Польскі Бізнес Хаб, каб дапамагчы беларускім прадпрымальнікам адаптавацца і бяспечна пераехаць, у тым ліку ад палітычнага пераследу. Беларускія прадпрымальнікі прынеслі суседзям настолькі добры досвед супрацы і развіцця, што яго скарысталі для супрацы з бізнесам з Грузіі, Украіны і іншых дзяржаваў. Але найбольш эфектыўная супраца яшчэ наперадзе, з бізнесам Свабоднай Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»