Лукашэнка ў крамлёўскай «павуціне»: ці страчвае Беларусь суверэнітэт?


Рэжым Лукашэнкі трапіў у залежнасць ад Масквы – адзначыў у сваім штогадовым звароце да парламенту прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Расея завозіць ядравую зброю ў Беларусь, каб мацней кантраляваць краіну – піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ў свежай аналітыцы. А вось кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў кажа, што ні воднай ядравай боегалоўкі пакуль няма ў Беларусі. Ці праўда, што нашая краіна страчвае свой суверэнітэт праз размяшчэнне ў сябе расейскіх войскаў і ядравай зброі? Якімі наступствамі пагражае яе ўжыванне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларусь вымагае нашай асаблівай увагі. Рэжым у гэтай краіне заблытаўся ў павуцінні залежнасці ад Расеі і цяпер дазваляе ёй сябе ператравіць. Адначасова Беларусь занепадае», – сказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў звароце да парламенту.

Аналагічныя думкі выказвае і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Паводле яго, Расея размесціць у Беларусі ядравую зброю бестэрмінова, каб узмацніць кантроль над краінай. Лукашэнка на гэткія меркаванні рэагуе востра.

«Яны папракаюць вас і мяне, што мы тут суверэнітэт губляем і гэтак далей. Ды Бог з вамі! Вы [еўрапейцы] даўно яго страцілі!» – сказаў Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрамі замежных справаў краінаў АДКБ.

Лукашэнка ўхіляецца ад нязручнай для яго тэмы – мяркуе палітолаг Аляксандра Філіпенка. На ейную думку, ЗША не імкнуцца навязваць сваю волю Еўропе.

«Калі існуе нейкая ўзаемазалежнасць, то яна датычыць выключна пытанняў бяспекі. Што да палітыкі, то для ЗША прынцыпова важным ёсць неўмяшанне ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў», – кажа Аляксандр Філіпенка.

Залежнасць еўрапейскай бяспекі ад ЗША – спадчына халоднай вайны, мяркуе палітолаг. Заходняя Еўропа бачыла пагрозу ў камуністычным блоку. Акурат тады амерыканская ядравая зброя і з’явілася ў Старым свеце. Гісторыя, падобна, паўтараецца.

«Запыт цяпер ідзе ад еўрапейскіх дзяржаваў. І розніца ў існаванні рэальнай пагрозы і запыце гэтых краінаў на пастаўку ўзбраенняў», – мяркуе Аляксандра Філіпенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Менск, Беларусь. 10 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Маскве і Менску Захад не пагражаў – звяртае ўвагу экспертка. Але ядравую зброю ў Беларусь завозяць.

Ці сапраўды Беларусь страчвае суверэнітэт? Лукашэнкаўскія ўлады кантралююць інфраструктуру краіны і вядуць сваю ўнутраную палітыку. За мяжой прызнаюцца беларускія пашпарты і працуюць беларускія амбасады, як адзначае юрыстка Кацярына Дзяйкала.

«Беларусь мае сваю юрысдыкцыю і, як вынік, суверэнітэту яна не страціла яшчэ. І той факт, што на тэрыторыі дзяржавы знаходзяцца замежныя вайсковыя базы, яшчэ не сведчыць пра страту суверэнітэту, калі дзяржава пагадзілася на гэта», – кажа Кацярына Дзяйкала.

На думку эксперткі, больш карэктна казаць пра залежнасць Беларусі ад Расеі.

«Гэта павялічвае верагоднасць уцягвання краіны ў іншыя злачынствы Расеі як дзяржавы. Калі будзе далей ісці размова пра выкарыстанне ядравай зброі ці пра запалохванне гэтай зброяй», – мяркуе Кацярына Дзяйкала.

На Захадзе да пагрозаў ставяцца сурʼёзна. Паводле прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, Пуцін можа выкарыстаць тактычную ядравую зброю.

Валянцін Васіленка, «Белсат»