«Касметычныя» змены. У Казахстане прайшлі выбары ў парламент


Новыя партыі ды новая сістэма фармавання парламенту. У Казахстане падводзяць вынікі выбараў у ніжнюю палату парламенту (Мэжыйлійс) ды мясцовыя органы кіравання (Мэсліхаты). Сярод новаўвядзенняў электаральнай кампаніі – змяшаная сістэма ўтварэння Мэжыйлійсу. Калі раней казахскі парламент фармаваўся выключна паводле партыйных спісаў, то цяпер 30 адсоткаў у ім (а гэта 29 дэпутацкіх крэслаў) дастанецца пераможцам у аднамандатных акругах. Самавылучэнцаў дапусцілі да выбараў упершыню за 19 гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усёй сям’ёй прыйшлі. Лічу, што нельга быць пасіўным. Нельга быць абыякавым, тады мы вырашым нашыя праблемы. Гэта добра, што зʼявіліся ў нас самавылучэнцы і людзі маюць права выбіраць. Гэта мяне вельмі адухаўляе, што ёсць надзея на будучыню», – кажа жыхарка Мухтарыма Кашкінбаева.

Гэтая выбарчая кампанія завяршае так званы рэфарматарскі электаральны цыкл «Новы Казахстан», распачаты дзейным прэзідэнтам Такаевым на фоне масавых пратэстаў, якія выбухнулі ў Казахстане ў студзені 2022 года.

Пасля зменаў Канстытуцыі на рэферэндуме ў чэрвені Казахстан з суперпрэзідэнскай рэспублікі ператварыўся ў прэзідэнцкую з моцным парламентам. У лістападзе на пазачарговых выбарах Такаеў быў перабраны прэзідэнтам з вынікам 81 адсотак галасоў. Сёлета ў студзені быў абноўлены і склад вышэйшай палаты парламенту – Сенату.

Для выбараў у Мэжыйлійс зменшылі рэгістрацыйны парог для партыяў. Прахадны адсотак у парламент склаў замест ранейшых сямі – пяць адсоткаў галасоў. Але шэраг экспертаў называюць змены, зыніцыянаваныя Такаевым, выключна касметычнымі.

«Ён ніколі не намагаўся “будаваць новы Казахстан” ці прыносіць змены. Ён мае задачу, намагаецца захаваць спадчыну Назарбаева. Змяшаная сістэма сфармаваная так, каб пры любым сыходзе мець кантроль над парламентам», – упэўнены палітолаг Дымаш Альжанаў.

За шэсцьдзесят дзевяць месцаў у парламенце, паводле партыйных спісаў, змагаліся сем палітычных партыяў. Тры з іх былі рэпрэзентаваныя ў мінулым складзе парламенту, і ніводная не пазіцыянуе сабе як адкрыта апазіцыйная. Згодна папярэдніх звестак неабходны пяціадсоткавы барʼер перакрочылі шэсць партыяў. А пераможцам становіцца партыя ўлады «Аманат», якая набрала амаль пяцьдзясят чатыры (53,9 %) адсоткі галасоў. Яўка на выбары, кажуць у Цэнтрвыбаркаме Казахстану, склала троху больш за 54 адсоткі.

«Давяраць гэтым дадзеным – гэта тое ж самае, што давяраць дадзеным ЦВК Расеі ці Беларусі. Яўка завышаная. Па дадзеных назіральнікаў, напрыклад, у Алмааце яна склала 12,8 адсоткаў. Народ даў сваю адзнаку так званым рэформам і паказаў, што выбары не выклікаюць ні даверу, ні цікаўнасці. І самавылучэнцы не ратуюць сітуацыі», – дадае Дымаш Альжанаў.

Большасць апазіцыйных самавылучэнцаў былі адсеяныя выбарчымі камісіямі яшчэ на стадыі рэгістрацыі. Тыя ж, хто змог трапіць у бюлетэнь для галасавання, распавядаюць пра шматлікія парушэнні: заангажаванасць камісіяў, ціск на прадстаўнікоў кандыдатаў, укід бюлетэняў ды непразрыстасць пры падліку галасоў.

«Такога бязмежжа не было нават у “старым” Казахстане. Таму мы, ад імя незалежных кандыдатаў, звяртаемся да прэзідэнта Такаева і старшыні ЦВК. Хочам сказаць, Касым-Жамарт Кемелевіч, што такі падыход да арганізацыі выбараў цалкам дыскрэдытуе канцэпцыю новага Казахстану», – прамаўляе пад час звароту апазіцыйны кандыдатаў у дэпутаты Санжар Бакаеў.

Назіральнікі ад СНД і АДКБ традыцыйна не пабачылі ніякіх сурʼёзных парушэнняў. У той жа час назіральная місія АБСЕ адзначае, што хоць вяртанне ў выбарчы працэс самавылучэнцаў і ажывіла палітычную канкурэнцыю ў краіне, але магчымасці кандыдатаў не былі роўнымі, а на кожным з этапаў зафіксаваныя істотныя працэдурныя парушэнні.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»