Чыноўнік з Гаспадарчага суда выступіў супраць генерал-маёра КДБ


Новая зорка ў сузор’і лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Старшыня Камітэту дзяржкантролю ў Савеце Рэспублікі абрынуўся на тых, хто кепска выконвае даручэнні ўзурпатара, і паабяцаў жорсткія пакаранні. І ёсць прыкметы, што Васілій Герасімаў ідзе на канфлікт з тым, хто мае генеральскія зоркі КДБ на сваіх пагонах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дохнуць свінні і каровы, толькі старшыня здаровы. Абласныя выканаўчыя камітэты больш за іншых не выконваюць даручэнні Лукашэнкі. Асабліва ў аграпрамысловым комплексе, дзе Камітэт дзяржкантролю распачаў больш за сотню крымінальных справаў аб прыхоўванні мору скаціны. А 31-ін старшыня райвыканкаму – пад дысцыплінарнай і адміністратыўнай адказнасцю. Так сёння выступіў перад Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі старшыня КДК Васілій Герасімаў.

«Ключавыя праблемы: кепска прапрацаваныя праекты, недастатковая кваліфікацыя кадраў, частая змена кіраўнікоў і спецыялістаў, нізкая выканаўчая дысцыпліна», – пералічваў старшыня Камітэту дзяржкантролю выяўленыя ягонымі падначаленымі недахопы.

Чаму цэлы Камітэт дзяржкантролю займаецца дохлымі свіннямі? Эканамісты называюць гэтую зʼяву «мікраменеджмент» – калі буйныя структуры займаюцца тым, што ў нармальным бізнесе вырашаецца на месцы. Як у анекдоце, дзе Лукашэнка па тэлефоне бульбу перабірае.

«У эканоміцы, якая дзейнічае па натуральных законах, рынкавых законах, усё вельмі проста. Ёсць рынкавая цана, сабекошт вытворчасці. Ты спрабуеш ствараць прадукт эфектыўна, каб ён быў таннейшым», – тлумачыць прынцып нармальнага коштаўтварэння эканаміст і публіцыст Алесь Чайчыц.

Але КДК проста выконвае загад Аляксандра Лукашэнкі – трымаць уручную кошты.

Менавіта Камітэт дзяржаўнага кантролю заводзіць крымінальныя справы супраць тых уладальнікаў крамаў, якія не змогуць патлумачыць, чаму ў іх харчы падаражэлі. І сёння ж Васілій Герасімаў казаў пра «псеўдамясакамбінаты», на якія даводзіцца нават са спецназам хадзіць.

«У Беларусі знайшліся пасярэдніцкія структуры, якія ўсімі зубамі ўпіліся ў тушу мясной галіны краіны. Парадак у гэтай сферы наводзіць Камітэт дзяржкантролю. Яны маюць у сваёй назве слова “мясакамбінат”, але па факце ніякай прадукцыі не выпускаюць. Проста рэжуць айчыннае мяса на кавалкі і перапрадаюць з вялізнай нацэнкай – усё», – такі сюжэт пра дзейнасць КДК у мясной галіне выйшаў на прапагандысцкім тэлеканале Лукашэнкі АНТ 6 кастрычніка 2022 г.

Насамрэч у Беларусі ідзе барацьба між кантрольнымі органамі за ўплыў. То бок за магчымасць даваць справаздачы непасрэдна Лукашэнку. У прыхаванай бойцы між КДБ, Міністэрствам унутраных справаў, ГУБАЗіКам і Адміністрацыяй Лукашэнкі цяпер удзельнічае Камітэт дзяржкантролю.

«КДК ад пачатку ствараўся як структура непасрэдна падпарадкаваная Лукашэнку, для выканання самага шырокага круга кантрольных задачаў. Яны заўсёды мелі шырокія паўнамоцтвы і ўмешваліся ў справы, дзейнасці і дзяржаўных органаў, і недзяржаўных», – нагадвае палітычны аналітык, спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Таму сёння ў справаздачы КДК Герасімаў казаў пра ўсё: пошук фінансавання тэрарызму і экстрэмізму, хуткі нумар КДК 191 для ананімак ад насельніцтва, 653 крымінальных справы па выніках праверак і адказнасць за нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў, нават калі без крыміналу. Але галоўны – гэты мэсідж:

«Якасць выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы – найважнейшы паказнік працы ўсіх без выключэння кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацыяў. Камітэт дзяржкантролю будзе выкарыстоўваць усе свае шырокія паўнамоцтвы, каб дамагчыся істотнага падвышэння выканаўчай дысцыпліны і ўзмацнення персанальнай адказнасці службовых асобаў», – падкрэсліў Васілій Герасімаў, выступаючы перад дэпутатамі. Гэтую заяву растыражавалі галоўныя СМІ Лукашэнкі.

Гэты выступ старшыні Камітэту дзяржкантролю аб выніках працы за мінулы год – норма абноўленай Канстытуцыі, падкрэсліла галоўная газета лукашэнкаўцаў SB.BY.

«Якасць выканання даручэнняў прэзідэнта – гэта паказнік працы рэспубліканскіх, мясцовых органаў улады і галіновых ведамстваў. Пад кантролем будзе ўсё, што можа паўплываць на падрыў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту», – цытавала газета Ірыну Даўгалу з Пастаяннай камісіі ў справе заканадаўства ў Палаце прадстаўнікоў Лукашэнкі.

«А чаму не выконваюцца даручэнні Лукашэнкі? Гэта інфармацыя, якую яны фактычна публічна зліваюць нам. І чаму ратацыя ідзе на ўзроўні выканкамаў? Бо няма прафесіяналаў, ёсць кадравы голад, шмат людзей сышло і няма адкуль іх набраць», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

А хто адказны за кадравую сістэму ў Беларусі? Гэта Ігар Сергеенка, генерал-маёр КДБ, які цяпер узначальвае Адміністрацыю Лукашэнкі. Ён часта сядзіць па правую руку ад Лукашэнкі на паседжаннях у вузкім і пашыраным складзе.

А менавіта Адміністрацыя адказвае за ўсе кадры, у тым ліку за выканкамы. Цяпер жа мы бачым, як выхадзец з Вышэйшага гаспадарчага суда Васілій Герасімаў крытыкуе вынікі кадравай палітыкі Сергеенкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»