Смерць Аляксея Навальнага: сваякі і паплечнікі просяць аддаць цела


Новае званне генерал-палкоўніка атрымаў Валерый Баярынеў, намеснік дырэктара расейскай Федэральнай сістэмы выканання пакаранняў. Адметна, што адпаведны ўказ Уладзімір Пуцін падпісаў праз тры дні пасля раптоўнай смерці ў калоніі расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Тым часам цела памерлага палітыка дагэтуль не аддаюць ягонай маці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне не выдаюць яго цела, нават не гавораць, дзе яно знаходзяцца. Я звяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін, вырашэнне пытанне залежыць толькі ад вас. Дайце мне нарэшце ўбачыць майго сына», – звярнулася  Людміла Навальная да Уладзіміра Пуціна.

Цела памерлага палітыка шукалі ў трэцяй калоніі на Ямале, дзе сядзеў Аляксей Навальны. Там спадарыні Людміле паведамілі, што цела яе сына адвезлі ў морг у Салехардзе нібыта для «даследавання». Морг у Салехардзе ў сваю чаргу аказаўся зачынены.

Напярэдадні Следчы камітэт Расеі паведаміў блізкім апазіцыянера, што экспертыза працягнецца яшчэ два тыдні, а значыцца, раней цела не аддадуць. Экспертка па Федэральнай службе выканання пакаранняў Ганна Карэтнікава адзначае: ёсць верагоднасць, што цела Навальнага могуць і ніколі не аддаць.

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Я паглядзела нарматыўную базу, і там ёсць незразумелае месца: ваякам павінныя выдаць цела ў пэўныя тэрміны пасля таго, як была праведзена экспертыза для ўстанаўлення прычынаў смерці. Але я пакуль не знайшла дакументу, у якім напісана, калі павінна быць праведзеная гэтая экспертыза», – кажа Ганна Карэтнікава.

Лекар Аляксандр Палупан, які лячыў Навальнага пасля атручвання ў 2020-м, не выключае, што сэрца палітыка спынілася ў выніку новага атручвання, бо ў выпадку атручвання «Навічком» будзе тое ж самае – проста спыненне сэрца.

Блізкія палітыка падалі ў салехардскі суд пазоў аб бяздзейнасці следчых па выдачы цела. Пакуль адказу не было.

Звароты ў Следчы камітэт з патрабаваннем выдаць цела Аляксея Навальнага яго сям’і адправілі ўжо больш за 70 тысяч чалавек. Ініцыятыву запусцілі на платформе «ОВД-Инфо».

Алена Сяргеева, Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»