Масавана, але безвынікова. Расейцы працягваюць наступ на ўсходзе Украіны


ЗША заклікаюць вайсковае кіраўніцтва Украіны не марудзіць з контрнаступам, паведамляе выданне «Politico» са спасылкаю на крыніцы ў Белым Доме. Пакуль вайсковая дапамога ад Вашынгтону і Еўразвязу будзе павялічвацца і патрапляць ва Украіну. Адначасова расейскае войска не спыняе свае атакі па ўсёй лініі сутыкнення, але беспаспяхова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея можа аб’явіць аб узяцці Бахмуту, нават калі ў рэальнасці гэтага не адбудзецца, сцвярджае брытанская выведка. Заява можа прагучаць 24 лютага, як сімвал ваеннага поспеху на гадавіну поўнамаштабнага ўварвання расейскай арміі ва Украіну.

«Ім патрэбныя перамогі. Калі перамогаў няма, то іх трэба намаляваць. Намаляваць так, як малююць мульцікі пра наяўнасць у іх гіперзвукавых ракетаў, напрыклад. Бо натоўпу патрэбныя хлеб і відовішчы. Хлеб у іх пакуль ёсць, а вось з відовішчамі, з перамогамі – бяда», – кажа падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха.

На штурм гораду расейцы сцягваюць дадатковыя падраздзяленні групы Вагнэра, рэгулярныя часткі, а таксама прадстаўнікоў гэтак званай «ЛНР». Найбольш складаная сітуацыя – у паўночных ваколіцах гораду. Аднак, усе спробы прасоўвання ў горадзе сустракаюць адказ з боку Збройных сілаў Украіны.

«Назапасілася ў іх “двухсотых” і “трохсотых”, і яны іх сёння цэлы дзень цягаюць. Так што ім сёння не да штурму – толькі эвакуацыяй займаюцца. Ну, а мы іх трошкі падкашмарваем наўздагон ўсімі наяўнымі сродкамі. Але Бахмут застаецца пад шчыльным агнём іхнай артылерыі ды мінамётаў», – распавядае «Мадзяр», камандзір асобнай групы ўкраінскай аэравыведкі, што абараняе Бахмут.

Акрамя бахмуцкага кірунку, моцныя баі працягваюцца ў раёне Вуглядару, Аўдзееўкі, у ваколіцах Данецку, Купянску і каля Крэмінной. Паводле Амерыканскага інстытуту вывучэння вайны, асноўныя наступальныя высілкі расейцаў канцэнтруюцца ў Луганскай вобласці, але і там значнага прасоўвання дамагчыся не ўдалося.

«Ужо мінімум два-тры тыдні як Расея рэалізуе сцэнар масаванага наступу. Бачым, што за гэты перыяд прыкладна 80% тых рэзерваў, што былі сабраныя, што былі падцягнутыя да ўкраінскае мяжы, – ужо кінутыя ў бой, але безвынікова», – зазначае вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

Кампенсаваць імклівае скарачэнне рэзерваў Расея спрабуе ў тым ліку з дапамогаю саюзнікаў. Гэтак, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў занепакоенасць, што Пекін можа перадаць Расеі лятальную зброю. У Пекіне намер афіцыйна адмаўляюць.

«Гэта могуць быць снарады ці патроны. Але агулам “свяціцца” з перадачаю расейцам зброі ў Кітая няма абсалютна ніякага рэзону. У Кітая вельмі сурʼёзныя эканамічныя стасункі з Захадам. На фоне праблемаў у эканоміцы і кіраванні гэтыя стасункі набываюць яшчэ большую вагу. Таму рабіць эканамічнае самагубства Кітай не будзе», – кажа Мікалай Саламаха.

На фоне адсутнасці поспехаў на фронце Расея працягвае ракетныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры. Толькі за апошнія содні зафіксаваныя 4 авіяцыйныя і 15 ракетных удараў па Хмяльніцкай, Дняпроўскай, Данецкай і Херсонскай вобласцях. 50 разоў украінскія гарады абстрэльвалі з акупаваных тэрыторыяў з дапамогаю сістэмаў залпавага агню.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»