«Зрабіць правільны выбар»: як рэжым агітуе беларусаў галасаваць


Ужо праз месяц беларусы будуць абіраць прадстаўнікоў народу – дэпутатаў. З гэтае нагоды рэжым запусціў агітацыйную кампанію: зрабіць «правільны, свядомы выбар» заклікаюць усе пласты насельніцтва: ад школьнікаў – да працаўнікоў прадпрыемстваў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За незалежную, моцную і росквітную. Напярэдадні выбараў у Менску прайшоў першы ў новым годзе аўтапрабег. Сярод удзельнікаў усё тыя ж – прадстаўнікі БРСМ і бюджэтнікі.

«Людзі пабачаць гэтыя машыны – і адразу пабягуць галасаваць за праўладных кандыдатаў? Вядома, не. Але тут асаблівай логікі шукаць не трэба. Ёсць план, ёсць метадычка – іх трэба выконваць. Скажуць: лыжы, лыжны прабег – пойдуць на лыжы. Скажуць дрэвы секчы ці саджаць – пойдуць секчы і саджаць», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Уздзейнічаюць на бюджэтнікаў і праз традыцыйныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Размовы пад лозунгам «Год якасці – залог поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны» адбываюцца па ўсёй краіне, ад больніцаў да заводаў і хакейных клубаў.

«Можна б было плюнуць на ўсялякія ўмоўнасці, абвясціць, што парламент будзе прызначацца і вось у нас такая асаблівая беларуская дэмакратыя – не. Ім трэба ўсё роўна выконваць нейкія правілы. З нейкай прычыны ім хочацца працягваць гэтую імітацыю выбарчага працэсу», – кажа палітычны аглядальнік.

Напярэдадні адное з самым пратэставых у 2020-м прадпрыемстваў краіны – Менскі трактарны завод – наведала Наталля Качанава. Да завадчанаў лукашэнкаўская прыхільніца прыехала ў даволі нясціплым для чыноўніцы вобразе – даўгім, меркавана, норкавым футры. На сустрэчы Качанава назвала завод «флагманам» прамысловасці, нагадала пра сацыяльныя гарантыі, што атрымоўваюць працоўныя людзі ў Беларусі – нібыта на адрозненне ад тых, хто выехаў з краіны. А таксама закранула сёлетнюю электаральную кампанію і, вядома ж, не забыла пахваліць Лукашэнку.

«Я яму веру – свята. Мяне крытыкуюць, але за гэтым чалавекам – мір і спакой у маёй краіне, мір і спакой для маіх дзяцей і ўнукаў», – звярнулася да рабочых МТЗ старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава.

Наталля Качанава ў футры падчас візіту на МТЗ. 19 студзеня 2024 года. Крыніца: sovrep / Telegram

Да электаральнай кампаніі актыўна залучаюць і маладых беларусаў. Гэтак, БРСМ запусціў рэспубліканскі праект «Азбука грамадзяніна», каб, цытата, «прыцягнуць увагу студэнтаў і працоўнай моладзі да адзінага дня галасавання». Чырвона-зялёная моладзь з энтузіязмам запісвае і прапагандысцкія ролікі, датычныя розных аспектаў будучых выбараў.

А вось у Крычаве да выбараў рыхтуюць нават тых, каму ўзрост не дазваляе галасаваць – ні цяпер, ні праз год. Гэтак, сакратарка мясцовай ячэйкі БРСМ зладзіла дыялогавую пляцоўку для школьнікаў пятнаццаці – шаснаццаці гадоў, заявіўшы, што падлеткі, цытата, ужо цяпер мусяць залучацца ў грамадска-палітычнае жыццё, каб потым зрабіць свядомы выбар.

«Тут не застаецца выбару сумленнага ў тых, хто пойдзе потым галасаваць. У іх няма асаблівага выбару, бо яны вучацца ў дзяржаўнай школе, потым яны пойдуць паступаць у дзяржаўны ўніверсітэт, дзе будуць такія ж самыя правілы гульні», – кажа сакратарка Задзіночання беларускіх студэнтаў Лізавета Даўгулевіч.

Першыя пасля 2020-га выбары пройдуць дваццаць пятага лютага. Беларусам прапануюць абраць дэпутатаў усіх узроўняў – ад сельсавету да парламенту. Праўда, пра палітычны плюралізм гаворкі не ідзе: сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат – выключна прыхільнікі ўлады. Апазіцыйным кандыдатам зарэгістравацца не дазволілі.

Наста Печанькова, «Белсат»