Хто будуе новыя гандлёвыя цэнтры ў сталіцы


Інвестыцыйны клімат на рынку нерухомасці – як ніколі слабы. Да 15 % плошчаў у гандлёвых цэнтрах застаюцца вакантнымі. Але гэта не палохае некаторых інвестараў. Для жыхароў сталіцы адчыняцца прынамсі чатыры новыя гандлёвыя цэнтры. Хто інвестуе ў сталічны гандаль? І ці будзе гэты бізнес прыбытковы і бяспечны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Набліжаецца да 100 колькасць гандлёвых і гандлёва-забаўляльных цэнтраў сталіцы. Плошча на аднаго чалавека падобная па паказніках у краінах суседзях. Урачыста адкрыюцца сёлета прынамсі чатыры новыя аб’екты. Новыя, але – старыя, кажа бізнесовец і вядоўца праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч:

«Гэта працэс дабудоўвання тых цэнтраў, якія былі запланаваныя яшчэ 10 гадоў таму, калі інвестыцыйны клімат быў спрыяльны, не было вайны, не было ковіду і ўсяго астатняга, не было 2020-га году».

Згодна з пашпартам абʼекту, у ліпені адчыняць ГЦ «Чэрвенскі» на месцы аднайменнага рынку, знесенага яшчэ ў 2013 годзе пад праект іранскага інвестара. Участак забралі і прадалі з аўкцыёну беларускай кампаніі «СільверКапітал». Уладальнік – Генадзь Кірэйкаў, які між іншага валодае буйною сеткаю гіпермаркетаў «Green».

«Да “Green” прыходзілі дзяржаўныя структуры, абяцалі яго закрыць, але не закрылі. Пішуць, што давялося аддаць $ 15 млн за гэта. Тыя інвестары, якія цяпер укладаюцца, гэта беларускія ці расейскія інвестары, якія на рынку ўжо больш чым 20 гадоў», – заявіў Аляксандр Кныровіч.

Сярод згодных гуляць па лукашэнкаўскіх правілах – кампанія «Сігмаполюс», зарэгістраваная Менгарвыканкамам. Абяцае сёлета ўвесці ў эксплуатацыю гандлёва-забаўляльны цэнтр «Prizma». Апроч таго, інвестар набыў з аўкцыёну гандлёвы даўгабуд «Мега парк».

Строительство, подъемные краны, строительные работы, строители, новостройка, Минск, Беларусь
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля гандлёвага цэнтру «Замак». Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

З 2023-га на 2024-ы год перасунулі адкрыццё невялікага шматфункцыйнага цэнтру «Гудвіл» кампаніі «Віранес«. Галоўным жа «адкрыццём» года мае стацца «Avia Mall» – адзін з найбуйнейшых у Беларусі гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Будзе інтэграваны з вестыбюлем станцыі метро «Аэродромная». Належыць кампаніі «Dana Holdings« сербскіх бізнесоўцаў – братоў Багалюба і Драгаміра Карычаў, якія трапілі пад санкцыі Еўразвязу. Найбольш вядомыя іхныя праекты ў Беларусі – «Dana Mall», «Маяк Менску» і «Менск-Свет».

«Пасля 2020-га года супраць іх увялі санкцыі, яны тады перакінулі кантроль над сваімі беларускімі актывамі з Кіпра ў Эміраты. Гэта дае магчымасць пераводзіць грошы, заробленыя ў Беларусі, у выглядзе дывідэндаў у афшоры. Трымаць грошы ў бяспечнай юрысдыкцыі. Бо мы ведаем, што не сёння – заўтра ў Беларусі могуць прыйсці і адціснуць бізнес», – пракаментаваў журналіст-расследавальнік «BuroMedia» Аляксандр Ярашэвіч.

У Беларусі Карычы карыстаюцца прэферэнцыямі. Участкі пад будаўніцтва жылых і бізнес-плошчаў Карычы атрымалі без аўкцыёну, а праз выйграванне конкурсаў на эксклюзіўныя праекты, якіх на цяперашні момант да канца не рэалізавалі.

«Яны зрабілі такую «заманіху» для беларускіх уладаў, што збудуюць нешта супер сучаснае, і атрымаць прэферэнцыі ад беларускіх уладаў. Але ў выніку бачым, што гэта звычайнае жытло. Тое самае з «Менск-Светам». Яны ж увогуле казалі, што пабудуюць у Беларусі такі маленькі Дубай», – распавёў Ярашэвіч.

Паводле журналіста-расследавальніка, праект не адпавядае задуме. А жытло прадаецца з дзяржаўным падтрыманнем.

Юлія Цяльпук, «Белсат»