Хто адбельвае Лукашэнку метадам Валерыя Леонцьева?


Еўразвяз увесь час працуе над новымі антываеннымі санкцыямі супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі і адсочвае магчымыя шляхі іх абыходу. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Еўрапейскай службе замежнапалітычнай дзейнасці. Разам з тым у самім Еўразвязе яшчэ ёсць схаваныя прыхільнікі Лукашэнкі, Пуціна, Башара Асада ды іншых аўтарытарных рэжымаў. Часта іх асноўная матывацыя – грошы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад камандзіра авіябазы ў Баранавічах да старшыні Камітэту дзяржкантролю. Сталі вядомыя беларускія падрабязнасці 12-га пакету антываенных санкцыяў Еўразвязу. У апублікаваным дакуменце – 12 беларусаў, у тым ліку генерал-маёр Павел Муравейка. Намеснік старшыні Савету Бяспекі Лукашэнкі раней пагражаў зброяй прабіць калідор з Беларусі да Калінінграда і Клайпеды. Цяпер ён у чорным спісе.

«Галоўны крытэр уключэння ў санкцыйны спіс – наколькі глыбока гэтыя людзі ўдзельнічаюць у падтрыманні расейскай агрэсіі супраць Украіны. І гэта заўжды калектыўныя захады. Санкцыйныя спісы мусяць быць ухваленыя ўсімі дваццаццю сямю краінамі Еўразвязу на падставе дасяжных доказаў. Таму галоўны крытэр – наколькі дастаткова доказаў», – патлумачыў Пэтэр Стана з Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці.

Пад новыя антываенныя санкцыі Еўразвязу трапілі больш за 140 фізічных і юрыдычных асобаў, цяпер разам там пад 2 тысячы фігурантаў. Апроч забароны продажу ў Еўропе расейскіх алмазаў, Еўразвяз забараніў прадаваць у Расею хімікаты. Гэта важна і для нафтаперапрацоўкі, станкоў, літыевых батарэяў, і авіяцыйных рухавікоў, прыдатных для беспілотнікаў. Галоўнае ў 12-м пакеце – закрыццё шляхоў абыходу ранейшых санкцыяў.

«Беларусь ужо пад шэрагам еўрапейскіх санкцыяў. І мы вельмі ўважліва сочым, каб санкцыі адносна Расеі былі эфектыўнымі, каб іх не парушалі ці абыходзілі рээкспартам праз Беларусь ці любую іншую дзяржаву», – падкрэсліў Пэтэр Стана.

Санкцыі супраць «Беларуськалію» не адменяць і не паслабяць. Пра калійных лабістаў рэжыму мы распавядалі яшчэ ў сакавіку, калі ў Брусель прыязджаў генеральны сакратар ААН. Цяпер жа вярнуць продаж калійных угнаенняў у Еўразвяз заклікаў толькі дэпутат Еўрапарламенту, якога актыўна цытуе міністэрства замежных справаў Лукашэнкі.

«Гэта прыклад санкцыяў, якія шкодзяць нам не менш, а то і больш, чым аб’ектам гэтых санкцыяў», – заявіў у адмысловым відэазвароце французскі еўрадэпутат Т’еры Мар’яні.

Што ж за еўрадэпутат размахваў кавалкам калійнай солі перад самітам Еўразвязу? Афіцыйна – удзельнік Падкамітэту замежных справаў Еўразвязу, Дэлегацыяў і Камісіяў у сувязях з Беларуссю, Азербайджанам, Іранам, Карэяй. На справе Т’еры Мар’яні ездзіў у акупаваны Крым нібыта як міжнародны назіральнік, ды рабіў справаздачы аб тым, што крымскія татары – экстрэмісты, прыгадвае расследавальніца Анастасія Кірыленка. Т’еры Мар’яні наўпрост звязаны з алігархам Уладзімірам Якуніным, які яшчэ ў пачатку 2000-х адкрыў прадстаўніцтва Расейскай Чыгункі на Елісейскіх палях.

«Якунін адчыніў прадстаўніцтва РЖД – і проста насупраць зʼявілася арганізацыя “Франка-Расейскі Дыялог”, якую таксама ўзначаліў Якунін. Ён у сваіх мемуарах апісвае, як гэта важна – сетка чыгункі. Калісьці Якунін нават хацеў балатавацца ў прэзідэнты Расеі замест Мядзведзева. Чалавек з амбіцыямі. І сустаршынём з французскага боку стаў Т’еры Мар’яні», – распавядае журналістка-расследавальніца «The Insider» Анастасія Кірыленка.

Т’еры Мар’яні – фігурант справаздачы «Платформы грамадзянскай салідарнасці» пра так званую «ікорную дыпламатыю» – адбельвання парушэнняў правоў чалавека ў Азербайджане. Французскі правы палітык мае асабістыя стасункі з сямʼёй прэзідэнта Ільхама Аліева.

І літаральна сёлета Мар’яні ў Еўрапарламенце заклікаў зняць санкцыі супраць рэжыму Башара Асада ў Сірыі, уведзеныя за бамбаванні гарадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапарламент. Брусель, Бельгія.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Такая роля ў палітыкаў-лабістаў, тлумачыць Юозас Олякас.

«Увесці нейкія прапановы, нейкія думкі. Яны дзейнічаюць між нашымі дыскусіямі ў Еўрапарламенце. Але таксама дзейнічаюць на свядомасць жыхароў Еўразвязу», – тлумачыць працу лабістаў еўрадэпутат ад Літвы, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю Юозас Олякас.

Яшчэ адна францужанка, якую цяпер актыўна публікуюць СМІ Пуціна і Лукашэнкі, – віцэ-старшыня ўльтраправай партыі «Рэканкіста» Марʼён Марэшалье Пэн. Яна таксама кажа пра катастрофу для французскіх фермераў, але цяпер не ад калійнага дэфіцыту, а ад канкурэнцыі з украінцамі.

Марʼён Марэшаль-Ле Пэн – унучка ультранацыяналіста Жана-Мары Ле Пэна і пляменніца скрайне правай дзяячкі Марын Ле Пэн.

«Ле Пэн – гэта цэлая дынастыя. Да Марын Ле Пэн быў яе бацька – Жан Мары Ле Пэн, які ў маладосці ўвогуле быў шчырым антысемітам. Потым зʼявілася Марын Ле Пэн, якая больш небяспечная, бо яна менш маргінальная. Яна нават выходзіла на другое месца [у выбарах]», – нагадвае Анастасія Кірыленка.

«Белсат» працягне адсочваць, хто з еўрапейскіх палітыкаў мае сувязі з Пуціным і Лукашэнкам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»