Бел-чырвона-белы сцяг ляціць у Беларусь


У Беларусь з боку Украіны паляцеў бел-чырвона-белы сцяг. Акцыю да Дня нацыянальнага сцяга зладзілі цывільныя беларусы і вайскоўцы палка Кастуся Каліноўскага. У гэты дзень 32 гады таму Вярхоўны Савет прыняў новую назву нашай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь, а таксама прызначыў бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня дзяржаўнымі сімваламі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Забараніць нельга дазволіць. Для рэжыму відавочна, дзе паставіць коску, калі справа ідзе пра беларускія нацыянальныя сімвалы. Лукашэнкаўскі суд надаў экстрэмісцкі статус сайту, сацсеткам і сімволіцы Рады БНР, сярод якіх – прызнаная культурна-гістарычнаю каштоўнасцю герб Пагоня. Раней Генпракуратура Беларусі заяўляла, што рыхтуе дакументы аб прызнанні экстрэмісцкім бел-чырвоны-белы сцяг.

«Непасрэдная прычына – пад гэтымі сімваламі быў кінуты беспрэцэдэнтны выклік сістэме, якая амаль 30 гадоў, на той момант 27–28 гадоў, праіснавала адносна бяспечна», – кажа палітолаг Пётр Рудкоўскі.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня прызналі дзяржаўнымі сімваламі 19 верасня 1991 года. Аднак ужо праз чатыры гады – на рэферэндуме 1995-га – Лукашэнка вярнуў замест іх савецкую сімволіку.

«Я думаю, што гэта было самае страшнае, што было ім зробленае за гэтыя дзесяцігоддзі кіравання. Так, мне могуць назваць, і я пагаджуся, што, канечне, былі і забойствы, і гвалтоўныя знікненні, і катаванні тысяч людзей. Усё гэта так, але ўсё гэта стала магчымым толькі таму, што ў 1995 годзе Лукашэнка правёў гэты гвалтоўны рэферэндум», – мяркуе дэпутат Вярхоўнага Савету (1990–1996), палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Герб Пагоня – выява ваяра з узнятым мячом на белым кані – вядомая з глыбокай старажытнасці. Ужо ў 13-м стагоддзі ім пазначаліся дакументы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Бел-чырвона-беламу сцягу – больш за 100 гадоў, яго сучасная версія аўтарства Клаўдзія ДужДушэўскага паўстала ў 1917 годзе. А ўжо ў 1918-м пад гэтым сцягам абвесцілі незалежнасць БНР. Чырвона-зялёнае палатно з’явілася нашмат пазней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

«Чырвона-зялёны сімвал узнік у пачатку 50-х гадоў, калі з Масквы быў аддадзены загад, каб кожная савецкая рэспубліка мела свой сімвал. Ён, адпаведна, мае сваю беларускую гісторыю, паўстагоддзевую, але гэтая гісторыя меншая, чым гісторыя бел-чырвона-белага сцяга», – распавядае гісторык Цімох Акудовіч.

Прапагандысты – праціўнікі нацыянальнай сімволікі – заяўляюць, што бел-чырвона-белы сцяг, нібыта, выкарыстоўвалі беларускія калабарацыяністы падчас Другой сусветнай вайны. Пры гэтым тое, што акупацыйныя ўлады дазвалялі мець нацыянальныя сцягі на ўсіх занятых нацыстамі тэрыторыях, рэжым замоўчвае. Як і пра тое, што, напрыклад, расейскі трыкалор выкарыстоўвала войска генерала Уласава, які ваяваў на баку Гітлера.

«Сімвалы не вінаватыя, што ў гэтым жорсткім супрацьстаянні двух аўтарытарных сістэмаў таксама былі з рознага боку маніпуляцыі нацыянальнымі сімваламі», – кажа палітолаг Пётр Рудкоўскі.

«Пад чырвоным сцягам савецкіх людзей расстрэльвалі. Мы гэта павінны ведаць і вывучаць, а не спрабаваць выкарыстоўваць у палітычных мэтах», – дадае гісторык Цімох Акудовіч.

Нягледзячы на тое, што дэ-факта ні бел-чырвона-белы сцяг, ні герб Пагоня не забароненыя на тэрыторыі Беларусі, сілавікі Лукашэнкі праводзяць сапраўднае паляванне на ведзьмаў. Гэтак, беларусаў затрымоўвалі за тату Пагоні, за выяву гербу на кепцы, на аўтамабільным знаку, працоўным кубку, чахле ад тэлефона. Нярэдка затрыманых прымушаюць зневажаць нацыянальныя сімвалы на камеру.

Пры гэтым Пагоня змешчаная на афіцыйных гербах трох беларускіх гарадоў: Магілёва, Віцебску і Рэчыцы. А бел-чырвона-белы стаў сапраўдным сімвалам пратэстаў 2020-га і цяперашняй барацьбы беларускіх вайскоўцаў супраць агрэсіўнай вайны Расеі ва Украіне. Апошнія разам з валанцёрамі зладзілі акцыю, прысвечаную Дню нацыянальнага сцяга. На ўкраінска-беларускай мяжы яны запусцілі ў неба вялікае бела-чырвона-белае палотнішча – як напамін, што Беларусь будзе вольнай.

Наста Печанькова, «Белсат»