Ракеты і кантынгент РФ застануцца ў Беларусі, пакуль гэтага хоча Масква


Расея выведзе сваю тактычную ядравую зброю з Беларусі, калі сама прыме такое рашэнне. А трымаць на нашай тэрыторыі ракеты, каб пагражаць Захаду, будзе бестэрмінова. Гэта афіцыйная пазіцыя Масквы, агучаная праз дробнага чыноўніка расейскага МЗС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Брусель – сталіца Бельгіі і цэнтр еўрапейскай дыпламатыі. Насупраць беларускай амбасады – мітынг пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі Беларусі, пад сцягам Аб’яднанай Еўропы і незалежнай Украіны.

«Пуцін, які вырашыў размясціць ядравыя ракеты “Іскандэр” на тэрыторыі Беларусі, а раней ужо размясціў іх, здаецца, у Калінінградскай вобласці, усё бліжэй і бліжэй праціскаецца да мяжы Еўрапейскага Звязу, ствараючы вялікую небяспеку для ўсіх нас», – абураецца Нікаля Стасэн, актывіст партыі «Mouvement Reformateur» (Бельгія).

«Усе цывілізаваныя людзі мусяць аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам», – кажа вымушаная перасяленка з Украіны Наталля Гумэнюк.

Акцыю пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі тактычнай ядравай зброі арганізавалі бельгійскія федэральныя дэпутаты разам з беларускай і ўкраінскай дыяспарай.

«Як федэральны народны дэпутат я рашуча пратэстую, патрабуючы, каб ядравая зброя была неадкладна выведзеная з тэрыторыі Беларусі і тэрмінова была спыненая чарговая эскалацыя Крамля», – падкрэслівае дэпутат федэральнага парламенту Бельгіі Жорж Дальмань.

Мітынг адмыслова адбываецца ў панядзелак, у працоўны час, каб яго пабачылі лукашэнкаўскія чыноўнікі ў амбасадзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя памяці ахвярам Чарнобылю з нагоды 37 гадавіны трагедыі правялі беларусы Бельгіі. Брусель, Бельгія. 26 красавіка 2023 года.
Фота: чытачы / Белсат

«Усе, хто адказвае за тое, што адбываецца ў Беларусі з палітзняволеным, за тое, што гніюць людзі ў турмах, за тое, што ядравая зброя ў Асіповічах, 50 км ад Менску і 300 км ад Еўропы, за тое, што канцлагер, а не краіна, пад акупацыяй расейскага варʼята Пуціна – за гэта яны будуць адказваць у Гаазе», – мяркуе рэжысёрка і актывістка Вольга Мікалайчык.

Як заявіў у інтэрвʼю ТАСС адзін з падначаленых Сяргея Лаўрова, Расея будзе трымаць сваю ядравую зброю ў Беларусі неабмежавана доўга. І можа прыбраць яе толькі пры выкананні невыканальных умоваў. Бо сама Масква вырашыць, калі ўмовы выкананыя.

«Асноўнымі ўмовамі гіпатэтычнага вяртання тактычнай ядравай зброі ў Расею магла б стаць адмова ЗША і NATO ад курсу на падрыў бяспекі і суверэнітэту Расеі і Беларусі. Вядома, такому нашаму кроку мусіць папярэднічаць поўны вывад усёй амерыканскай ядравай зброі на тэрыторыю ЗША з ліквідацыяй адпаведнай інфраструктуры ў Еўропе», – заявіў дырэктар другога дэпартаменту краінаў СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.

Той жа Аляксей Палішчук заяўляе, што Украіна пагражае абароназдольнасці так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Таму ў нас нібыта і мусяць размяшчацца расейскія войскі.

«Крывавы дзяржпераварот, які ўдаўся ў 2014-м годзе ва Украіне, спрабавалі паўтарыць праз 6 гадоў у Беларусі. Няўдачна. На гэтым яўна не спыняцца. Шчыра ставяць за мэту разгойдаць унутрыпалітычную стабільнасць і ў нашай краіне», – выступіў у МЗС міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў.

Аляксандр Лукашэнка не раз заяўляў, што расейская ядравая зброя – у ягоных руках паводле ягоных патрабаванняў, і ён ёй камандуе.

«Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў – вярні мне пакуль гэтую зброю. Мне яе дастаткова», – распінаўся Лукашэнка перад расейскай прапагандысткай Скабеевай.

Але сёння словы Лукашэнкі абвяргае расейскі чыноўнік, у якога на старонцы МЗС нават няма ўласнай фатаграфіі.

«Дзеянні Расейскай Федэрацыі не супярэчаць яе міжнародна-прававым абавязацельствам, у тым ліку Дамове аб нераспаўсюдзе ядравай зброі, бо кантроль над ядравымі ўзбраеннямі застаецца за Расеяй», – заявіў дырэктар другога дэпартаменту краінаў СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.

Злучаныя Штаты і блок NATO не спяшаюцца выконваць патрабаванні Пуціна і не спяшаюцца ўспрымаць іх як пагрозу. У ЗША некалькі разоў паўтарылі, што пакуль няма сведчанняў аб пераносе ядравай зброі ў Беларусь, як пра гэта кажа Пуцін.

«Я каментаваў гэта шмат разоў. Гэта цалкам безадказны крок», – каротка пракаментаваў пагрозы Пуціна 46-ы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Пацверджанняў перакідвання ядравай зброі, як здзейсненага факту, няма ні ў вайсковай выведкі Украіны, ні ў праекту «Беларускі гаюн», які займаецца маніторынгам вайсковай актыўнасці ў нашай краіне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»