Расейскія алмазы – не назаўжды


Замест атамных санкцыяў і поўнага эмбарга – «белы спіс» і неба ў алмазах. У японскай Хірасіме распачаў працу саміт «Вялікай сямёркі», дзе цяпер вырашаюць, як неваеннымі дзеяннямі прымусіць Расею спыніць агрэсію ва Украіне. Лідары наймацнейшых дэмакратычных эканомік свету чакаюць за сваім сталом і Уладзіміра Зяленскага – ўжывую ці онлайн. Прэзідэнт Украіны прыняў запрашэнне на саміт, але пакуль няясна, у якім фармаце зможа там быць.

Злучаныя Штаты дазволілі саюзнікам перадаць Украіне знішчальнікі F-16 – пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкаю на свае крыніцы. А Вялікая Брытанія ўводзіць новыя антываенныя санкцыі супраць Расеі. У чорны спіс трапяць 86 юрыдычных і фізічных асобаў, звязаных з крадзяжом украінскага збожжа, ваеннымі тэхналогіямі і крыніцамі прыбыткаў расейскай ваеннай махіны. Такі фон саюзнікі забяспечылі для адкрыцця саміту «Вялікай сямёркі» ў Хірасіме.

«Мы вядзём рэй у абвяшчэнні новых санкцыяў супраць Расеі. Я спадзяюся і пэўны, што нашыя партнёры іх падтрымаюць, як мы ўсе рабілі і раней. Гэта дадасць санкцыям эфектыўнасці, каб запэўніць, што Расея заплаціць за свае незаконныя дзеянні. І гэта зноўку тое, чым мы можам ганарыцца, бо Вялікая Брытанія грае галоўную ролю ў падтрыманні Украіны», – заявіў прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак.

Вялікая Брытанія будзе ціснуць на энергетычны, металургічны, ваенны, транспартны і фінансавы сектары расейскае гаспадаркі. Напрыклад, забароніць расейскія алмазы і каляровыя металы. Пад санкцыі трапяць кампаніі, звязаныя з «Росатамам». Гэта сігнал для Еўразвязу, які ўваходзіць у «Вялікую сямёрку» як арганізацыя – і ўсё яшчэ не можа ўключыць «Росатом» у 11-ты пакет санкцыяў.

«Прадстаўнік ЗША паведаміў, што супраць Масквы ўвядуць сотні новых санкцыяў, і афіцыйныя асобы сфакусуюцца на ўдвая мацнейшым кантролі за выкананнем дзейных санкцыяў. Расея цяпер – самая падсанкцыйная краіна свету, але ёсць пытанні наконт эфектыўнасці санкцыяў у фінансавым сектары. Кіраўніцтва Еўразвязу паведамляе, што Еўропа працуе над закрыццём дзюрак у санкцыйным плоце і плануе абмежаваць гандаль расейскімі алмазамі», – распавёў дырэктар аддзелу навінаў «Associated Press» у Паўднёвай Азіі.

Кіраўнікі Японіі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Канады, ЗША, Вялікай Брытаніі ды Еўразвязу будуць выпрацоўваць супольную пазіцыю тры дні. Цяпер гаворка не толькі пра падтрыманне Украіны, але і пра супольную палітыку адносна Кітаю. Афіцыйны Пекін ужо выказаўся ў падтрыманне Расеі і супраць антываенных санкцыяў. Кітайцы патрабуюць, каб на санкцыі быў дазвол Рады бяспекі ААН, у якую ўваходзяць Кітай і Расея, і абвінавачваюць Вашынгтон у кантролі над усімі краінамі Захаду.

«Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Сінь-Хўа» цалкам выкрыла зладзейства Злучаных Штатаў у прасоўванні прымусовай дыпламатыі ва ўсім свеце, чым дазволіла міжнароднай супольнасці яшчэ лепш пабачыць гегеманічную, свавольную і здзеклівую прыроду амерыканскай дыпламатыі і яе ўплыў на незалежнае развіццё дзяржаваў», – заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Ўан Ўэнь Бінь.

Японскі горад Хірасіма, у Другую сусветную вайну практычна знішчаны ядравымі бамбаваннямі, адмыслова абраны для сустрэчы саюзнікаў, каб падкрэсліць іх антываенныя намеры. На асобную частку саміту таксама запрошаныя Аўстралія, Бразілія, Індыя, Паўднёвая Карэя і В’етнам. Расея ўваходзіла ў клуб наймацнейшых эканомік свету да анексіі Крыму ў 2014 годзе. Тады «Вялікая сямёрка» яшчэ была «Вялікаю васьмёркаю».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»