Выбары ў Каардынацыйную раду: прадстаўнікі дэмакратычных сілаў рыхтуюцца


Каардынацыйная рада апублікавала рэгламент і пратакол паседжання выбарчай камісіі. Журналістку Алену Прыходзьку абралі ў якасці старшыні гэтай камісіі. Апрача таго, маем ужо тры спісы ад выбарчых суб’ектаў і іх лідараў: «Салідарнасць» на чале з Георгіем Дзмітруком, «Закон і правапарадак» пад лідарствам Аляксандра Азарава і «Незалежныя беларусы», якіх ачоліў Максім Шабуцкі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Партыі «Народная Грамада» і «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» абʼядналіся для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду. Яны складуць адзіны спіс са сваіх удзельнікаў. Як гаворыцца ў супольнай заяве, падмуркам супрацы сталася прыхільнасць да нацыянальных і дэмакратычных прынцыпаў пабудовы беларускай дзяржавы.

Сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук падкрэсліў, што партыі аб’ядналі іх лідары Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, якія былі сябрамі і калегамі, і якія разам апынуліся за кратамі.

«Таму, нягледзячы на ​​тое, што мы зʼяўляемся больш правымі, а яны зʼяўляюцца больш левымі, мы прыйшлі да таго, што мы можам супрацоўнічаць», – кажа Георгій Дзмітрук.

Праз такое аб’яднанне з’явілася буйная палітычная сіла ў беларускім палітычным полі, упэўнены выканальнік абавязкаў старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі. І цяпер, калі ёсць спроба правесці рэальныя выбары, палітычныя партыі павінны ўдзельнічаць у іх.

Напярэдадні пра стварэнне кааліцыі для ўдзелу ў выбарах заявілі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету ды кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Да іх далучыліся іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры і прадпрымальнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава ў Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сярод задачаў Каардынацыйнай рады 3-га склікання называе адстойванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі і правоў беларусаў.

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч падкрэслівае, што ўмацаванне прадстаўнічага інстытуту дэмакратычных сілаў праз выбары – гэта натуральны шлях дэмакратычнага працэсу і яго развіцця. І беларусы павінныя скарыстацца магчымасцю абіраць сваіх прадстаўнікоў, якая з’явілася пасля дзесяцігоддзяў пазбаўлення права выбару на Радзіме.

Пра свой удзел у выбарах у Каардынацыйную раду раней заявіў кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў. Разам з калектывам яны вырашылі ісці на выбары, бо разумеюць, што органы, створаныя праз прамыя выбары, маюць легітымнасць перад беларускім народам.

Рэгістрацыю кандыдатаў Выбарчая камісія завершыць 22 красавіка. За месяц да галасавання пачнецца перыяд агітацыі. Выбары ў КР пройдуць з 25-га да 27-га траўня. Вынікі абвесцяць 8-га чэрвеня.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»