Украіна ўпершыню збіла расейскі стратэгічны бамбавальнік


Начны ўдар Расеі па ўкраінскіх гарадах ракетамі і «Шагэдамі». Пацярпеў Дняпро. Разбурэнні ў ваколіцах чыгуначнага вакзалу. Да таго ж ракета трапіла ў пяціпавярховы дом. Ёсць загінулыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прачнулася ад выбуху, – узгадвае падзеі ночы мясцовая жыхарка Ганна. – Сірэны, на жаль, не пачула, ужо патрохі прызвычайваешся да сірэнаў уначы. Мая кватэра на пятым паверсе – павыляталі на гаўбцы шыбы, і самае страшнае, што гарыць дах, а вы ж разумееце, калі гэта тушаць, то ўся вада… Але іншым людзям нашмат горш».

У мястэчку Сынэльныкава на паўднёвы ўсход ад Дняпра моцныя разбурэнні і таксама ёсць ахвяры. У тым ліку дзеці.

«Я не ведаю, што сказаць. Гэта проста страшна», – кажа мясцовая жыхарка.

У адказ ГУР разам з ЗСУ знішчыў у небе расейскі стратэгічны бамбавальнік Ту-22М3. Самалёт упаў проста ў полі ў Стаўрапольскім краі.

Гэта больш за 400 кіламетраў ад тэрыторыі, якую кантралюе Украіна. Прынамсі адзін чалец экіпажу з чатырох загінуў. Масква назвала прычынаю катастрофы тэхнічную няспраўнасць.

«Упершыню ад моманту поўнамаштабнага ўварвання краіны-агрэсара ва Украіну падобны самалёт знішчаны не на зямлі, а падчас выканання баявога задання, – справаздачыцца спікер Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў. – Гэта тое, што паўплывае на псіхалагічна-маральны стан пілотаў варожай стратэгічнай авіяцыі. Раней яны пачуваліся ў небе далёка ад Украіны беспакарана, а цяпер нават у небе над тэрыторыяй РФ яны будуць разумець, што яны не ў бяспецы».

Ту-22М3 – гэта дальні звышгукавы ракетаносец-бамбавальнік, прызначаны для паражэння марскіх і наземных цэляў базавання кіраванымі ракетамі і авіяцыйнымі бомбамі. Украіна не кажа, якім менавіта чынам збіла расейскі самалёт. Неафіцыйна гучаць версіі пра траплянне ў яго ракеты, выпушчанай з ЗРК С-200.

«Далёкасць дзеяння ракеты Х-22, якую нясе гэты самалёт, – 300 кіламетраў. А аператыўная і тэхнічная далёкасць ракеты С-200 таксама гэтыя ж 300 кіламетраў. Трохі мадэрнізаваная – плюс 50 км і яна перахапляе тую Х-22. Ту-22М3 быў падбіты, разгарнуўся, але не дацягнуў да Маздоку», – мяркуе палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Падзенне расейскага бамбавіка Ту-22М3.
Фота: VVV5807 / Telegram

Украіна знішчыла расейскі стратэгічны бамбавальнік, нягледзячы на недахоп боепрыпасаў для сілаў супрацьпаветранай абароны. Дэфіцыт крытычна адчуваецца як на фронце, так і ў тыле, дзе Расея наносіць няспынныя ракетныя ўдары па аб’ектах энергетычнай інфраструктуры і гарадах. Праўда, ёсць і абнадзейлівыя навіны.

«NATO вельмі ясна дало зразумець, што з сістэмаў “Patriot”, даступных у краінах NATO, некалькі краінаў могуць прыняць рашэнне, як і мы, і перадаць сістэму, каб была магчымасць лепшай абароны ад шматлікіх нападаў, якія цяпер адбываюцца супраць Украіны, – упэўнены канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. – Мы чулі, што Украіне трэба яшчэ сем такіх сістэмаў, адна з якіх нашая. І мы спадзяемся, што ў кантэксце NATO будзе знойдзена яшчэ шэсць».

А да таго ж у Кангрэсе ЗША ў суботу, 20 красавіка, нарэшце адбудзецца галасаванне адносна вылучэння Украіне 60-мільярднага пакету вайсковай дапамогі. Гэтае пытанне стаіць на парадку дня яшчэ з мінулай восені.

«Я вельмі спадзяюся, што прадстаўнікі Кангрэсу ЗША ўхваляць гэтае рашэнне, – мяркуе палітолаг Яўген Магда. – Таму што палітычная гульня вакол надання Украіне гэтай дапамогі, як на маю думку, зацягнулася. Мне дзіўна глядзець як рэспубліканцы – нашчадкі ў палітычным сэнсе Роналда Рэйгана – гуляюць у такія гульні, якіх ён бы не змог зразумець ніколі».

Зрэшты, нават у выпадку станоўчага рашэння ў Кангрэсе амерыканская зброя паступіць на ўкраінскі фронт з пэўнаю затрымкаю. Паводле розных ацэнак, гэта зойме не менш за месяц.

Ян Федаровіч, «Белсат»