Ці рыхтуецца візіт Лукашэнкі ў Пхеньян?


Патаемная дыпламатыя паміж дзвюма дыктатарамі: Лукашэнкам і Кім Чэн Ынам. Беларускія чыноўнікі ўжо тры дні вядуць перамовы ў Паўночнай Карэі. Але даведацца пра гэта ад дзяржаўных медыяў нашай краіны немагчыма. Медыі ж КНДР абмяжоўваюцца фармулёўкамі накшталт «супраца ў эканамічнай і культурнай сферах». У чым могуць быць сапраўдныя мэты паездкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Візіт беларускай дэлегацыі ў Пхеньян, пра які нічога не пішуць лукашэнкаўскія медыі. А вось Цэнтральнае карэйскае агенцтва навінаў паведаміла, што прайшлі перамовы паміж намеснікам міністра замежных справаў КНДР Ім Чхон Ілем і намеснікам кіраўніка беларускага МЗС Яўгенам Шастаковым. Карэйскае агенцтва навінаў размясціла і фота сустрэчы. Беларускія чыноўнікі прыляцелі ў Пхеньян яшчэ тры дні таму, але інфармацыя пра візіт на прарэжымных СМІ дагэтуль не з’явілася.

«Гэта ж не самая прыемная паездка, я б так сказаў, з прычыны пэўнага іміджу Паўночнай Карэі. Гэта больш такі тэхнічны візіт. Каб падрыхтаваць нешта большае. Каб падрыхтаваць той жа магчымы візіт Алейніка ў Паўночную Карэю. Магчыма, туды накіруецца і Лукашэнка», – мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Эксперты таксама лічаць, што адна з магчымых мэтаў візіту – супраца ў вайсковай галіне. Тут КНДР ёсць што прапанаваць. Паводле звестак выведнай службы Паўднёвай Карэі, са жніўня мінулага года Пхеньян перадаў Маскве агулам каля мільёна снарадаў і ракетную зброю. Лукашэнкаўскі рэжым можа быць таксама зацікаўлены ў вайсковай прадукцыі КНДР.

«Гэта ў Паўночнай Карэі балістычныя ракеты, якія яна толькі пачала будаваць. Праўда, гэта страшэнная падсанкцыйная справа – атрымліваць у КНДР балістычныя ракеты. Гэта крылатыя ракеты, гэта сістэмы залпавага агню. Вось тое, што можа прапанаваць Паўночная Карэя», – зазначае эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўночная Карэя.
Фота: Getty Images

Адным з кірункаў візіту можа быць прапанова беларускай прадукцыі Пхеньяну. Але апошнія пяць гадоў валавы ўнутраны прадукт КНДР на спадзе. Эксперты характарызуюць эканоміку гэтай дзяржавы як сацыялістычна-планавую і мабілізацыйную. Згодна з Цэнтрабанкам Паўднёвай Карэі, у пазамінулым годзе ВУП іх паўночнага суседа склаў усяго € 22,6 млрд. Гэта 213-ае месца ў свеце паводле ВУП на душу насельніцтва. Ці можа КНДР быць цікаваю для беларускай эканомікі?

«Што можна прапанаваць Паўночнай Карэі – гэта грузавыя аўтамабілі. Раней нават нейкія дробненькія партыі на нейкія капейкі пастаўляліся ў КНДР. Асноўнае, што ляжыць на паверхні, – гэта калійныя ўгнаенні і прадукты харчавання», – зазначае Яўген Красулін.

Найбольш перспектыўнай сферай супрацы двух рэжымаў можа быць накіраванне паўночнакарэйскіх працаўнікоў на прадпрыемствы Беларусі. Нават сам Лукашэнка неаднойчы прызнаваў недахоп працоўных рук у розных галінах вытворчасці. Выкарыстанне танных адмыслоўцаў можа быць на карысць не толькі Беларусі і КНДР.

«Гэта вядомая мадэль для Паўночнай Карэі. Бо гэтая краіна імкнецца ўсялякім чынам зарабляць грошы. На розных беларускіх прадпрыемствах. А магчыма, будуць і супольныя праекты з РФ. Напрыклад, калі прадпрыемствы будуць працаваць на вайсковую галіну расейскую, то выкарыстоўваць тут паўночных карэйцаў, каб менш ішло інфармацыі ў навакольны свет», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Дыпламатычныя стасункі Пхеньян і Менск наладзілі яшчэ 3 лютага 1992 года. Але доўгі час адносіны развіваліся вельмі слаба. Пацяпленне адбылося пасля 2020 года, калі Лукашэнка, зазнаўшы паразу на выбарах і распачаўшы ў краіне масавыя рэпрэсіі, апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Улады ж Пхеньяну, наадварот, яго тады падтрымалі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»