Беларусь заплаціць Расейскай чыгунцы больш за 1,5 млрд долараў


У 1,66 мільярда долараў абыдзецца Беларусі магчымасць адгружаць угнаенні і нафтапрадукты праз расейскі порт Бронка. Рахунак за будаўніцтва пад’язных дарог выставіла Расейская чыгунка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я думаю, Беларусь атрымае ад Расеі крэдыт на гэта ўсё. РЖД – камерцыйная структура: за кошт яе гэтага дакладна не будзе праводзіцца», – кажа эксперт у галіне эканомікі Максім Блант.

Штогод Беларусь плануе адгружаць праз новы порт каля 20 млн тонаў грузаў. Каб забяспечыць падвоз, за беларускія грошы ў суседняй краіне заменяць чыгуначнае палатно і адновяць 6 станцыяў. Таксама пабудуюць дадатковы 75-кіламетровы абыход да станцыі Уладзімірская, што каля Пецярбургу. Колькі яшчэ за гэта запросіць Расейская чыгунка – таксама пытанне. Паводле розных падлікаў, кошт такога праекту будзе ісці на мільёны долараў.

«Мы разумеем, што і магутнасці і іншыя ўмовы там, у Санкт-Пецярбургу, у Бронкі, не такія, як былі ў Клайпедзе. Клайпеда – больш развіты порт, у яго ўкладаліся сотні мільёнаў долараў. Таму, канешне, порт Бронкі яшчэ трэба пабудаваць, каб ён быў параўнальны з Клайпедай», – адзначае вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце Аляксандр Кныровіч.

Размяшчэнне літоўскага порту адчувальна больш выгаднае за расейскі. Бронка месціцца амаль удвая далей ад беларускай мяжы, чымся Клайпеда.

Вагоны «Беларуськалію» у Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

«Карыстанне гэтым портам не выгадна для Беларусі. Як казалі беларускія чыноўнікі, кошт гэтага лагістычнага шляху – ад 2 да 5 разоў даражэйшы, чым ён быў праз Клайпеду. Таму ён на вельмі кароткі тэрмін нам патрэбны – пакуль працуюць санкцыі», – дадае Аляксандр Кныровіч.

На думку эксперта, калі санкцыі знімуць ці змякчаць, Беларусь паспрабуе вярнуцца да перавальвання грузаў праз Клайпеду. У гэтым выпадку маштабнае будаўніцтва, якое ў хуткім часе распачне РЖД, павісне цяжкім грузам на шыі расейскага боку. Каб мінімізаваць рызыку, Беларусь будуць схіляць да падпісання дадатковых абавязковых пагадненняў. Напрыклад, дамовы «ship-or-pay».

«Фактычна агаворваецца пэўная сума: ці карыстаецеся вы расейскім газам, расейскімі чыгункамі, расейскімі партамі, ці не карыстаецеся – вы павінныя плаціць нейкую мінімальна агавораную суму. Гэта значыць, калі порт раптам будзе не запатрабаваны або Рэспубліка Беларусь раптам ачуняе і зразумее, што ніякіх тавараў на экспарт у яе няма і ніхто не хоча іх купляць, усё роўна плаціць давядзецца», – паясняе Максім Блант.

Такое пагадненне будзе кабальным для нашай краіны. Бронка, у якую зараз увальюць грошы, пры пацяпленні адносінаў з Захадам застанецца без працы, як і новае, пабудаванае ў Расеі чыгуначнае палатно. Але выплаты паводле крэдыту і дамоваў «ship-or-pay» застануцца для Беларусі абавязковымі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»