Якія новаўвядзенні чакаюць сферу фізкультуры і спорту Беларусі


Хочаш працаваць фітнес-трэнерам – мусіш мець дзяржаўную ліцэнзію. Каб атрымаць акрэдытацыю на працу, трэба пачакаць у чарзе амаль шэсць месяцаў і адвучыцца ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі амаль два гады. А таксама выдаткаваць дзве тысячы шэсцьсот рублёў, за якія, акрамя профільных прадметаў, табе яшчэ будуць выкладаць дзяржаўную ідэалогію.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хочаш працаваць у сферы фізічнае культуры і спорту ў Беларусі – мусіш мець дзяржаўную акрэдытацыю. Абавязковыя ўмовы – профільная вышэйшая адукацыя або дыплом аб перанавучанні. Змены, што набылі моц з першага студзеня, выклікалі абурэнне фітнес-трэнераў.

«Для чаго гэта зроблена? Хутчэй за ўсё, каб выбіць грошы з трэнераў, з фітнес-цэнтраў», – кажа фітнес-інструктар, музыка Павел Аракелян.

Чыноўнікі Мінспорту ўлічылі скаргі трэнераў. Тыя, хто працаваў у фітнес-цэнтрах да 2024 года, здолеюць працягнуць сваю дзейнасць без профільнае адукацыі. З умоваю, што такія трэнеры ўжо праходзяць перанавучанне.

«Калі быў бы клопат пра здароўе чалавека, то гэта мусіла быць перададзенае на рэгуляванне федэрацыі, адмысловай у гэтым відзе спорту. Яна насамрэч існуе ў Беларусі. Яе сертыфікат, яе курсы павышэння кваліфікацыі, атэстаты трэнераў… Яны б якраз гэтую праблему знялі б, так працуе ва ўсім свеце», – распавёў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

У Беларусі ж гэтым займаецца не адмысловая Федэрацыя бодзібілдынгу і фітнесу, а Інстытут павышэння кваліфікацыі. Час завочнага навучання – дваццаць адзін месяц. Спецыяльнасці «Аздараўленчая фізкультура», прыдатнай для працы фітнес-трэнерам, яшчэ і давядзецца пачакаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

«Гэта будзе не раней, чым, магчыма, другое паўгоддзе, раней не будзе. Вось з 15 студзеня ў нас 2 групы для гэтай спецыяльнасці прыступілі да навучання, мы іх фармавалі на падставе заявак, якія людзі пакідалі ў жніўні 2023 года. На гэты момант кошт навучання складае прыкладна ад 750 да 800 рублёў адна сесія. У вас будзе 4 сесіі, аплата праводзіцца за кожную сесію асобна», – паведамілі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі.

Акрамя профільных прадметаў, за гэтыя грошы вас, напрыклад, будуць таксама вучыць прававому рэгуляванню вашай дзейнасці, дзяржаўнай ідэалогіі, супрацьдзеянню карупцыі ды іншаму. Паводле Таццяны Асіпоўскай, начальніцы аддзелу спартовай навукі Міністэрства спорту, ёсць выпадкі, калі ў выдачы ліцэнзіі на рынку фітнесу адмаўлялі тым, каго прыцягвалі да адказнасці паводле палітычна матываваных артыкулаў.

«Былі выпадкі непаважлівых адносінаў да дзяржаўных інстытутаў і канстытуцыйнага ладу. Асобы, якія ў нейкі момант паводзіліся не зусім па-дзяржаўнаму, паводзіліся няправільна ў дачыненні дзяржавы», – распавяла Таццяна Асіпоўская.

Калі не задавальняе вялікая чарга і доўгі час навучання ў Беларусі, ёсць выйсце – прайсці курсы ў Расеі. Сертыфікат маюць прызнаваць у Беларусі. Навучанне доўжыцца 3 месяцы, за яго трэба будзе аддаць 72 000 расейскіх рублёў, гэта прыкладна 800 долараў.

«Калі ты будзеш на трохмесячных курсах вучыць тры месяцы анатомію, усё роўна без практыкі – гэта толькі паперка. Цяпер шмат хто самаадукоўваецца ў гэтай сферы, цяпер велічэзная колькасць інфармацыі. Таму чым хутчэй ты трапляеш у калектыў добрага фітнес-цэнтру, тым раней ты рэальна кваліфікуешся як добры трэнер», – падкрэсліў Павел Аракелян.

З пачатку 2024 года аказваць паслугі ў сферы фітнесу змогуць толькі акрэдытаваныя арганізацыі. Паводле звестак Мінспорту, на пачатак студзеня акрэдытацыю прайшлі крыху больш за восемдзесят адсоткаў установаў, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. «Зялёнае» святло атрымалі ўсе дзяржаўныя арганізацыі, а вось у прыватнікаў ёсць праблемы.

«Фітнес-трэнеры як прыватныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі – гэта стала вельмі папулярным, бо з‘явіўся попыт на гэтую працу. На жаль, у рэжыму Беларусі такая хворая, нездаровая логіка: з’яўляецца нейкі бізнес, трэба яго зрэгуляваць так, каб прыбытак ад гэтага атрымлівала дзяржава», – удакладніў Анатоль Котаў.

Новыя патрабаванні Міністэрства спорту і турызму да трэнераў і спартовых установаў толькі пачалі дзейнічаць. Таму, хто ў выніку застанецца на рынку працы ў сферы фізічнае культуры, пакажа час.

Павел Алейнікаў, «Белсат»