Віктар Хрэнін прэзентаваў новую Вайсковую дактрыну


Беларусь адкрытая да супрацы ў вайсковай галіне з любымі дзяржавамі – заявіў лукашэнкаўскі міністр абароны Віктар Хрэнін. У тым ліку і з дзяржавамі NATO, але толькі, «пры ўмове спынення імі агрэсіўнай рыторыкі і дзеянняў у дачыненні нас». І хоць з аднаго боку, са словаў Хрэніна, дактрына можа служыць для ўрэгулявання сітуацыі ў Еўропе і для запуску мірнага дыялогу, то што ж з другога?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы гатовыя абараняць сваю краіну ўсімі сіламі і сродкамі, у тым ліку з вайсковымі хаўруснікамі з Саюзнай дзяржавы і АДКБ», – заявіў Віктар Хрэнін.

Міністр у сваім выступе некалькі разоў падкрэсліў, што ворагаў у Беларусі няма, а ёсць «інтарэсы нашых народаў» і «ўзаемныя саюзніцкія абавязанні». Але ён не выключыў магчымасці выкарыстання вайсковай сілы супраць Беларусі:

«Гэта тое, з чым мы сутыкаемся ў цяперашні час на нашых паўднёвых і заходніх межах. Вядома, самі па сабе правакацыі, узброеныя акцыі ды інцыдэнты з боку нашых суседзяў не ёсць ваенным канфліктам. Але рэагаваць на іх неабходна. І ў першую чаргу захадамі стратэгічнага стрымлівання».

Менавіта каб стрымліваць патэнцыйных праціўнікаў, і патрэбная Беларусі ядравая зброя, заявіў Хрэнін, назваўшы яе размяшчэнне ў нашай краіне вымушаным крокам.

Пра тое, што вайсковая сіла сталася галоўным аргументам пры наладжванні міждзяржаўных стасункаў, неаднаразова гаварыў і Лукашэнка, называючы сярод ворагаў Беларусі і Еўропу, і краіны NATO:

«Як толькі ў Беларусі з’явілася ядравая зброя – усе крылы апусцілі: і суседзі ашалелыя нашыя, і іншыя».

Хоць Захад будзе вывучаць новую дактрыну, ніякія дакументы не могуць паўплываць на яго стаўленне да Беларусі, лічыць аўтар і вядоўца міжнароднай праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса:

«Нягледзячы на тое, што з тэрыторыі Беларусі практычна няма атакаў па тэрыторыі Украіны, няма расейскіх сілаў вайсковых і нават вагнэраўцы выйшлі з тэрыторыі Беларусі, тым не менш Беларусь да гэтага моманту фармальна лічыцца саўдзельнікам у агрэсіі супраць Украіны. Вось калі Беларусь пазбавіцца гэтага статусу, тады NATO і пачне сурʼёзна ўспрымаць Беларусь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2023 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу / Telegram

Яшчэ менш даверу да дакументаў, што прымаюцца лукашэнкаўскім рэжымам, у найбліжэйшых суседзяў: Польшчы, Украіны ды дзяржаваў Балтыі, кажа адмыслоўца ў нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

«Разумеюць беларускія рэаліі і разумеюць рэаліі ў тым, што часам не да законаў. І на падставе гэтага будуецца, прынамсі цяпер, амаль уся знешняя палітыка гэтых краінаў у дачыненні Беларусі. Тое, што няма сэнсу ў нейкіх юрыдычных, фактычных гарантыях або дамовах з Беларуссю», – падкрэслівае Аляксандр Казак.

Дактрына створаная найперш для ўнутранага карыстання, лічаць адмыслоўцы. Па-першае, гэта спроба абʼяднаць грамадства, маўляў, пры патрэбе ўсе маюць устаць на абарону краіны: ад прэзідэнта да ўдзельніка самаабароны. Па-другое, гэта спроба падвесці юрыдычную базу пад тое, што і так ужо адбылося ў Беларусі.

«Пэўныя рэчы яны пачалі мяняць фактычна раней, а цяпер дактрына павінна зацвердзіць той стан рэчаў, які ў Беларусі ўжо існуе. Гэта і расейская ядравая зброя, гэта і ўцягванне Беларусі ў вайну супраць Украіны. І гэта гібрыдны канфлікт, створаны рэжымам Лукашэнкі пры дапамозе Масквы на межах Еўразвязу і NATO з дапамогай нелегальных мігрантаў», – кажа Сяргей Пеляса.

У краіне ж надалей нарошчваецца патэнцыял сілавых структураў. Сярод іншага, ствараюцца новыя падраздзяленні як ва ўнутраных войсках, так і ў памежных атрадах. Да прыкладу, у пачатку года ў Мазырскім памежным атрадзе адкрылі новую манеўраную групу.

А мілітарызацыя ўсё глыбей пранікае ўва ўсе сферы грамадства: ад павелічэння колькасці так званых патрыятычных клубаў да планаў рыхтаваць у Тэхналагічным універсітэце спецыялістаў для працы з дронамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»