Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча


Чэргі па асвячоную ваду, купанне ў палонцы і малітва. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча – адно з 12-ці самых шанаваных рэлігійных святаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Набраць сцюдзёнай вады ў марозную раніцу. Вадасвятны малебен – галоўную традыцыю Вадохрышча – святкуюць вернікі, якія прытрымліваюцца юліянскага календара. Свята яшчэ называюць Богаз’яўленнем.

«Быў голас Бога-бацькі з нябёсаў, што гэта сын мой каханы, у якім упадабанне. Сам Хрыстос, Сын Божы, стаіць у рацэ Іярдан, Дух Святы з’явіўся ў выглядзе голуба. Вось таямнічая зʼява Святой Тройцы», – распавядае дабрачынец мужчынскага Свята-Духава манастыра ў Вільні Ігумен Антоній.

У гэты дзень чэргі па святую ваду каля цэркваў збіраюцца па ўсёй краіне. Але асвячоную ваду не варта ўспрымаць як таблетку ці зелле, ад аднаго глытка якога здарыцца цуд, дадае святар:

«Вернікі набіраюць яе звычайна на цэлы год і потым цягам года пакрысе пʼюць. Для ўмацавання. Для ўмацавання веры, для ўмацавання душы, цела, для ўмацавання ў барацьбе з грахом, з запалам».

Мароз і снег не перашкода і каб акунуцца ў палонку, што сімвалізуе раку Іярдан. Але гэта не хрысціянская традыцыя, а народны звычай.

Калі вы ўсё ж такі наважыліся паддаць сябе такому выпрабаванню, то спецыялісты раяць падрыхтавацца да купання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камсамольскае возера. Вадохрышча 2020.
Фота: belsat.eu

«Перад купаннем у палонцы неабходна разагрэць цела, расцерці, зрабіць інтэнсіўныя практыкаванні. Да палонкі неабходна падыходзіць у абутку, які не слізгае, для выключэння страты адчувальнасці ног і пашкоджання іх», – кажа начальнік аддзелу вадалазнай падрыхтоўкі спецатраду МНС Андрэй Войцік.

Падчас акунання трэба выконваць правілы бяспекі.

«З галавой, натуральна, не апускацца, каб не было разнастайных спазмаў судзінаў галаўнога мозгу. Не плаваць, не скакаць ні наперад нагамі, ні з галавой. Знаходжанне ў вадзе не больш за адну хвіліну», – раіць галоўны вадалазны спецыяліст аддзелу Таварыства ратавання на водах Аляксандр Галіцкі.

Спецыялісты нагадваюць, што далёка не ўсім на карысць будзе такое купанне.

«Пры наяўнасці нейкіх вострых захворванняў гэта супрацьпаказанне. Пры наяўнасці сурʼёзных хранічных захворванняў або іх абвастрэння. Не варта акунацца дзецям да 7 гадоў і старым ва ўзросце 70-75 гадоў. Таксама забароненае купанне цяжарным», – перасцерагае загадчык падстанцыі ў Менскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Яўген Юдакоў.

Вадохрышчанская вада не «змывае грахоў» – звяртае ўвагу ігумен Антоній, а рэзкі перапад тэмператураў можа пашкодзіць арганізму, перасцерагае доктар Яўген Юдакоў. Памятайце пра здароўе і са святам!

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»