Свята Вадохрышча. Як адзначаць?


Вадохрышча пачынаецца яшчэ ўвечары 18 студзеня, калі праваслаўныя адзначаюць куццю, на якую пасля літургіі ў цэрквах здзяйсняецца асвячэнне вады. Другі раз вада асвячаецца ў само свята Богаяўлення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле праваслаўнага святара:

«Мы просім, каб Гасподзь вось гэтую матэрыю важную для жыцця чалавека асвяціў. Адарыў яе сваёй святасцю. І вось здзяйсняецца асвячэнне вады. Людзі прыходзяць у храмы і набіраюць ваду».

У гэты час вада, паводле павер’я, набывае гаючыя ўласцівасці, якія захоўвае цягам года. Людзі кажуць, што ўзносяць пашану Богу за ўсё, што ён дае. За чыстую ваду, за неба, за дождж, за дрэвы. Карыстаюцца ёю цэлы год у розных патрэбах. Дапамагае яна, маўляў, і душы, і целу.

Што праўда, бываюць і кур’ёзы. Як, напрыклад, сёлета ў Наваполацку, дзе асвяцілі станцыю абезжалезвання. Відаць, не падумалі, што вада са станцыі абезжалезвання будзе цячы не толькі праз краны…

А што да абраду акунання ў ледзяную ваду? Адметна, што гэта не ўласцівая Беларусі традыцыя. Нашыя продкі адзначалі гэты дзень урачыстымі працэсіямі з выразанымі з лёду крыжамі. Часта хрэсны ход ішоў да ракі ці возера. Людзі набіралі з палонкі асвечаную святаром ваду ў падрыхтаваныя пасудзіны. У самую ваду ніхто не акунаўся.

У масавую свядомасць беларусаў традыцыя акунання ў ваду прыйшла ў 90-я гады. Як і шмат што іншае – з Расеі. У самой жа Расеі яна сталася ўжо сапраўдным культам, лічыцца, што ледзяная вада ў гэты дзень змые ўсе грахі. Часам сам працэс набывае, улічваючы час і кантэкст, даволі гратэскныя формы. Напрыклад, вось так цэнтралізавана сёння змывала свае грахі расейская армія.

У Праваслаўнай царквы няма еднасці ў стаўленні да абраду акунання ў ледзяную ваду. Частка святароў кажа, што гэтае дзеянне ніякай сакральнай сілы не мае ды з ім адназначна не звязанае змыванне грахоў. Але большасць ставіцца паблажліва. Як да традыцыі. Святар кажа:

«Народная традыцыя купання ёсць, хоць яна, вядома, не абавязковая і статут царкоўны яе не згадвае. Але яна ўвайшла ўжо ў народнае ўжыванне, пры правільным падыходзе можа мець месца. Аднак, часта даводзілася бачыць, як для відэаролікаў гэта робяць ці ледзь не з мацюкамі – або ныраюць, або вылазяць, або пад градусам. Вядома гэта з духоўнага пункту гледжання ніякай карысці не нясе, а толькі шкоду».

Розны падыход да традыцыі і ў тых, хто ў ёй удзельнічае. Некаторыя сапраўды вераць, іншыя ўспрымаюць гэта як пераадольванне сябе ці практыкаванні ў здаровым ладзе жыцця.

Тым не менш,  У першую чаргу не варта рызыкаваць людзям, якія маюць праблемы з сэрцам, судзінамі, дыханнем. Падчас такога выпрабавання для арганізма можа здарыцца спазма, што пагражае інфарктам ці раптоўным спыненнем сэрца.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»