Пра што Лаўроў размаўляў з Лукашэнкам?


Расейскі міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў прыехаў у Менск і сустрэўся з Лукашэнкам. Такія візіты на фоне вайны шмат хто ў беларускім грамадстве ўспрымае з трывогай. Што азначае візіт Лаўрова? І пра што ён мог гаварыць з Лукашэнкам сам-насам? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Візіт Лаўрова падаюць як руцінны – з нагоды штогадовага супольнага пасяджэння беларускага і расейскага міністэрстваў замежных справаў. Але ў кантэксце вайны сустрэча выклікае падвышаную ўвагу: ці не дамаўляюцца пра ўцягванне ў канфлікт беларускай арміі? Бо частка размовы праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Тэмы вайны не абмінулі прынамсі ў публічных каментарах.

«У нас адзіная пазіцыя наконт таго, якіх мэтаў неабходна дасягаць і як патрэбна дабівацца таго, каб ні ў дачыненні Расеі, ні ў дачыненні Беларусі ад нашых суседзяў (Украіны ці кагосьці яшчэ) не зыходзілі ніякія пагрозы», – заявіў Сяргей Лаўроў.

«Вы ведаеце планы нашых заходніх суседзяў. Не толькі Украіны. Яны спрабуюць і Украіну выкарыстаць супраць Беларусі. Але што мяне ўражвае і прыемна здзіўляе – Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хаця яе актыўна падштурхоўваюць нашыя заходнія суседзі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка імкнецца пераканаць Крэмль, што Захад мае агрэсіўныя планы і што беларускае войска мусіць заставацца ў Беларусі – прыкрываць рубяжы саюзнай дзяржавы, мяркуе ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Бо наўпроставы ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны нясе для самаабвешчанага прэзідэнта велічэзныя рызыкі.

«Масавая гібель людзей у кароткі прамежак часу можа стаць нават для аўтарытарнай дзяржавы вельмі магутным трыгерам унутраных зменаў. І Лукашэнка, напэўна, гэтага баіцца», – кажа Яўген Магда.

Прыезд Лаўрова – яшчэ не прадвесце апакаліпсісу, мяркуе палітолаг Вадзім Мажэйка. Стратэгічныя пытанні, імаверна, абмеркавалі раней з Шайгу і Пуціным. З Лаўровым Лукашэнка мог гаварыць на больш прыземленыя тэмы, кажа эксперт. У прыватнасці, пра грошы.

«Лукашэнка ўсё сваё палітычнае жыццё спрабуе атрымаць ад Расеі грошы ў розных нагодах у розных кантэкстах. Таму было б дзіўна, калі б Лукашэнка адмовіўся ад гэтага і больш не шукаў грошай у Расеі. Гэта было б незвычайна. А тое, што шукае грошы – нічога новага», – кажа Вадзім Мажэйка.

Яшчэ ў кастрычніку Расея паабяцала Лукашэнку новы крэдыт – нібыта на развіццё імпартазамяшчэння. А днямі беларускі Мінфін загаварыў пра рэфінансаванне Расеяй даўгоў Беларусі. Прасцей кажучы, гаворка пра тое, каб узяць у Масквы новыя крэдыты і пагасіць імі старыя.

На расейскіх крэдытораў прыпадае 70 адсоткаў беларускіх пазыкаў. Да 57 адсоткаў вырасла доля расейскага рынку ў беларускім экспарце пад канец мінулага года. А Крэмль тым часам не збаўляе інтэграцыйных абаротаў.

«Адначасова рыхтуецца новы план дзеянняў па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы і рэалізацыі дамовы пра Саюзную дзяржаву на трохгадовы тэрмін з 2024 да 2026 года», – распавёў Сяргей Лаўроў у Менску.

Ці не пагражае ўсё гэта паступовай стратай незалежнасці Беларусі? Пра анексію нашай краіны і ліквідацыю яе дзяржаўнасці гаворка пакуль не ідзе, мяркуе палітолаг Вадзім Мажэйка.

«Пакуль Беларусь фармальна застаецца незалежнай краінай, то гэта і голас у падтрымку Расеі ў ААН, а таксама іміджавая дэманстрацыя хоць аднаго саюзніка ў цяперашняй вайне, быццам бы нехта Расею падтрымлівае. Мяркую, гэта Маскве таксама важна», – разважае Вадзім Мажэйка.

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам Лаўроў даў супольную прэсавую канферэнцыю са сваім беларускім калегам Сяргеем Алейнікам. Сенсацыйных заяваў не прагучала. Міністры гаварылі пра новыя інтэграцыйныя дамовы і прамаўлялі ўжо звыклыя антызаходнія тэзісы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»