Эх, дарогі!


Ад вёскі Насілава Маладзечанскага раёну да Менску – 76 кіламетраў, да райцэнтру – усяго 3. Але блізкасць да значных гарадоў ніяк не спрыяе вяскоўцам у іхным змаганні за прыстойны стан свайго паселішча: разбітымі вуліцамі ні праехаць, ні прайсці. Праблема датычыць каля дзвюх тысячаў жыхароў, сярод якіх – сем’і з дзецьмі і самотныя пенсіянеры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дарогі ў Насілаве горшыя за танкавы палігон, сумна жартуюць мясцовыя жыхары. Ужо 3 гады яны просяць улады ўладкаваць вулічна-дарожнае пытанне.

І гэта толькі адная з праяваў вялікае праблемы ў краіне.

У Бабруйску на вуліцы Ракасоўскага машына правалілася ў яму, схаваную пад глыбокай лужынай.

Усім, хто адолее шлях да дзіцячай паліклінікі ў Мазыры, можна смела даваць крапавы берэт.

На Астравеччыне з Маркунаў у Міхалішкі немагчыма дабрацца ні роварам, ні аўтам. Пры тым, што Астравецкі раён стабільна ўваходзіць у ТОП-5 найбагацейшых у Беларусі.

А ў гарадскім пасёлку Рэчыца пад Столінам Берасцейскай вобласці мясцовая жыхарка, не дачакаўшыся парадку ад уладаў, за свае грошы купіла 4 самазвалы друзу і засыпала яміны. Але пару тыдняў таму камунальнікі ладзілі каналізацыю дарогі і пакінулі пасля сябе сапраўднае балота.

І гэткіх прыкладаў – безліч.

Агульная працягласць аўтамабільных дарог у Беларусі складае 85700 кіламетраў. 70200 з іх – дарогі мясцовыя. Паводле логікі, мясцовыя ўлады мусяць дбаць пра іх. Але праблема набыла такія памеры, што пра яе сёлета ўжо неаднаразова нагадваў Лукашэнка. Паводле яго, «профільнаму віцэ-прэм’еру пастаўленая задача: да канца гэтага года адрамантаваць усе дарогі, любым коштам!»

9 красавіка 2021 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову ўраду «Аб Дзяржаўнай праграме «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады». Там прапісаныя 1 291 635 455 рублёў з мясцовых бюджэтаў менавіта на дарожнае добраўпарадкаванне.

«Мясцовыя чыноўнікі, кіраўнікі вобласці, кіраўнікі раёнаў могуць рабіць толькі тое, што будзе даручана ім «зверху», на што будуць нейкія пэўныя грошы, – адзначыў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч. – І калі ў Лукашэнкі да пэўнай праблемы рукі не даходзяць, яна і не рэалізуецца, і не вырашаецца».

У 2019 годзе Еўракамісія з удзелам Сусветнага банку распрацавала план амаль на 13 мільярдаў еўраў для развіцця транспартнай сістэмы ў краінах «Усходняга партнёрства». Згодна з тым планам, мільярд дзвесце мільёнаў еўраў прызначаліся для беларускіх дарог. Але не для ўсіх запар – патлумачыў старшыня Руху «За Свабоду», былы дэпутат мясцовага савету Юрый Губарэвіч.

«Сродкі Еўразвязу ішлі, хутчэй за ўсё, на дарогі рэспубліканскага значэння: цэнтральныя трасы, якія звязваюць абласныя гарады і Менск. А рэгіянальныя – гэта ўжо адказнасць мясцовых уладаў, мясцовых бюджэтаў».

Развязанне праблемы часта залежыць ад таго, як грамадзяне змагаюцца за свае інтарэсы. Трэба не маўчаць ды чакаць, а патрабаваць, каб чыноўнікі выконвалі свае абавязкі.

«У бюджэтах мусяць быць закладзеныя сродкі на рамонт дарогаў, – сцвярджае Юрый Губарэвіч. – Трэба апеляваць да мясцовых уладаў. Хутчэй за ўсё, гэта будуць не саветы, а выканкамы. Трэба дасылаць звароты, трэба атрымліваць тлумачэнні: чаму тая ці іншая дарога не рэмантуецца«.

Ну і кантроль таксама не зашкодзіць. Жыхар райцэнтру Рэчыца Гомельскай вобласці надумаў спраўдзіць, як адбываецца рамонт на вуліцы Салтаноўскай. Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што там напоўніцу будуюць дарожкі з бардзюрным каменем.

А насамрэч… па той вуліцы можна на байдарцы катацца!

Марына Яновіч, «Белсат»