ЗСУ да зімы пераб'юць калідор у Крым?


Уладзімір Зяленскі анансуе магутны прарыў ЗСУ на фронце. Кірыл Буданаў не выключае, што ўкраінскія сілы да зімы перабʼюць сухаземны калідор расейцаў у Крым. А Ілан Маск кажа пра жахлівыя чалавечыя страты ўкраінскай арміі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

ЗСУ прарвуць расейскую лінію абароны – вынікае з інтэрвʼю Уладзіміра Зяленскага амерыканскаму каналу «CBS».

«Ведаю, дзе мы збіраемся прарваць, і магутна прарваць. Веру ў нашых ваяроў і вельмі спадзяюся, што гэта адбудзецца», – кажа прэзідэнт Украіны.

ЗСУ могуць паспець разарваць расейскі сухаземны калідор у Крым яшчэ да зімы, заяўляе кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў.

«Каб гэта адбылося, неабходны калапс расейскай групоўкі на поўдні або вычэрпванне яе рэзерваў пры захаванні наступальнага патэнцыялу ўкраінцаў і пераход да іх хуткага прасоўвання», – мяркуе ізраільскі вайсковы аглядальнік Давід Шарп.

Пакуль больш рэалістычным ён лічыць наступ з Работына на Такмак.

Украінскія вайскоўцы ў акопе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ў акопе.
Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook

На бахмуцкім кірунку, дзе напярэдадні вызвалілі ад расейцаў Клішчыеўку, для ЗСУ таксама могуць адкрыцца новыя магчымасці. У выпадку, калі ўдасца адбіць Бахмут.

«Бахмут – важны лагістычны вузел. Ад яго ідзе дарога на Лісічанск, а калі паглядзець на поўдзень, то гэта Горлаўка і Данецк. Калі ўзяць гэтую трасу пад кантроль – гэта неблагая магчымасць для Украіны прайсціся па аператыўным тыле расейцаў», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Крамараў.

Тым часам расейская прапаганда падхоплівае каментар Ілана Маска пра ўкраінскі контрнаступ: маўляў, гэтулькі смерцяў дзеля малога поспеху. Паведамленне прачыталі сотні тысяч карыстальнікаў.

«Іх можна разам утрох пасадзіць: Маск, Лукашэнка і Пуцін. І была б тройца – Трус, Балбес, Бывалы. Хай не крыўдуе, але адкуль ён можа ведаць пра ўкраінскія страты? Адкуль ён атрымаў такую інфармацыю? Магчыма, ад Рэспубліканскай партыі. Ці праз стасункі з Расейскай Федэрацыяй», – кажа ўкраінскі вайсковы аглядальнік Іван Ступак.

Украіна з пачатку контрнаступу страціла больш за 70 тысячаў жаўнераў, заяўляў тыдзень таму Уладзімір Пуцін. Але праверыць праўдзівасць гэтых звестак немагчыма. Станам на люты гэтага года Пэнтагон ацэньваў колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў на 17 з паловаю тысячаў – з пачатку поўнамаштабнай вайны. Гэта вынікала з выцеку дакументаў ведамства.

Валянцін Васіленка, «Белсат»