За галаву беларускага добраахвотніка, які ваюе ва Украіне, прызначана прэмія ў мільён расейскіх рублёў


Мільён расейскіх рублёў за забойства «Янкі». Такую прэмію прызначыла камандаванне за галаву беларускага добраахвотніка, які ваюе ва Украіне. Іронія ў тым, што зарабіць іх збіраецца таксама беларус, які называе сябе снайперам і прызнаецца ў забойстве сарака двух чалавек.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падчас выпадковага тэлефанавання ў чат-рулетцы ўкраінскі блогер Эдгар Міратворац трапіў на нейкага Дзяніса, як аказалася – грамадзяніна Беларусі, які прызнаўся, што служыць паводле кантракту ва Украіне, але – на баку Расеі. Дзяніс шчодра дзеліцца падрабязнасцямі. А праз іх беларускія кіберпартызаны ідэнтыфікавалі найміта.

«Сярод грамадзян Беларусі ўсяго адзін Дзяніс Зуб, таму пераблытаць яго з кім-небудзь было немагчыма. Акрамя таго, мы дадаткова праверылі яго па нашай сістэме распазнання асоб, якая пацвердзіла, што на відэа менавіта Дзяніс Зуб», – тлумачыць прэс-сакратар «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец.

Кіберпартызаны звярнулі ўвагу на несупадзенне дадзеных афіцыйных дакументаў і гісторыі, што распавядае Дзяніс Зуб. Згодна з выпіскамі наконт судзімасцяў, Дзяніс Зуб у 2005 годзе атрымаў чатырнаццаць гадоў пазбаўлення волі за забойства чалавека. І ўвесь гэты час, паводле базаў дадзеных, ён быў у калоніі. То бок не мог выехаць ва Украіну ў 2012 годзе, як распавядае чалавек на відэа. Ці мог?

«Мы лічым, што ёсць верагоднасць, што ён не хлусіць, што ён знаходзіўся на вайсковай службе і жыў у Севастопалі ў 2012 годзе, але гэта азначае, што яго прывозілі ў гэты горад таемна і гэта нідзе не было задакументавана. Адпаведна ўзнікае пытанне: як шмат вязняў Беларусі пагадзіліся таемна працаваць у вайсковых падраздзяленнях РФ у абмен на волю?», – расказвае прэс-сакратар «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец.

З пачатку вайны ва Украіне патрабаванні да кандыдатаў на кантрактную службу ў прыватныя ваенныя кампаніі пастаянна зніжаліся. Цяпер адзіным абмежаваннем ёсць якія-кольвек сувязі кандыдата з краінамі ЕЗ і ЗША. Рэкруцёраў не бянтэжаць ні хваробы, ні судзімасці.

«Калі я правільна памятаю, не бяруць толькі з нечым вельмі ўжо страшным, ну, напрыклад, чалавек быў асуджаны па тэрарыстычным артыкуле – вось такім уваход у групу Вагнэра і ўсе астатнія найміцкія структуры забаронены. Далей – ніякіх праблемаў. Калі чалавек быў судзімы за разбой – калі ласка, калі быў судзімы за забойства – можа гэта нават добра», – распавядае журналіст Ілля Раждзественскі.

Расейскія праваабаронцы заяўляюць, што на вайну не толькі бяруць людзей з судзімасцямі, але і вярбуюць іх наўпрост у месцах пазбаўлення волі. Паводле інфармацыі заснавальніка праекту GULAGU.NET Уладзіміра Асечкіна, зняволеныя атрымліваюць прапановы трох тыпаў. Першы – нібыта аднаўляць Данецк і «ў чымсьці дапамагаць размінаванню». Як мае выглядаць дапамога з ліквідацыяй мінаў ад людзей без адпаведнай кваліфікацыі, можна толькі здагадвацца. Другі тып прапановаў – капанне траншэяў і іншая брудная праца. Трэці варыянт Уладзімір Асечкін называе самым бесчалавечным. Яго прапануюць людзям, асуджаным за цяжкія злачынствы, ва ўзросце дваццаці пяці – сарака гадоў, у каго наперадзе працяглыя тэрміны зняволення.

«Іх пачалі афармляць як перавод у растоўскія ўстановы ці ў Кастраму. І казаць наступнае: тыя, хто выжыве, праз 6 месяцаў, вам будзе забяспечаная альбо амністыя, альбо памілаванне ў індывідуальным парадку, але трэба будзе паваяваць… У іх варыянт: ці яшчэ 8, 10 гадоў катавальных турмаў ці пашукаць шчасця там, але ў выглядзе выканання баявых задач», – распавядае праваабаронца, заснавальнік GULAGU.NET Уладзімір Асечкін.

Паводле звестак Уладзіміра Асечкіна, гэтыя баявыя задачы – выступаць у ролі мішэні, выклікаць на сябе агонь украінскай арміі. А за гэты час расейскія вайскоўцы будуць высвятляць, адкуль ідуць стрэлы, і накіроўваць туды сваю артылерыю.

«Падбіраюць асуджаных менавіта за забойства – фармуюць брыгады кілераў для таго, каб выконваць самыя крывавыя баявыя задачы, таму што з гэтым таксама цяпер вялікая праблема ў расейскім войску. Большая колькасць салдат – яны проста не гатовыя забіваць», – тлумачыць Уладзімір Асечкін.

Дзяніс Зуб, выхваляючыся, распавёў незнаёмцу ў чат-рулетцы, што на ягоным рахунку сорак два забітыя. І цяпер ён палюе на «Янкі».

Ніка Несцярэнка, «Белсат»