Дзе чакаюць беларускіх студэнтаў?


Студэнтка факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэту Кася – у мінулым студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, у якім была сябрай страйкаму. Таму і вымушаная была пакінуць Беларусь. Як і многія іншыя ўдзельнікі студэнцкага руху.

«Пасля 12 лістапада калі пачалася справа студэнтаў і пачалі затрымліваць студэнтаў – з‘ехалі іншыя людзі з майго стачкаму і сказалі, што да іх прыходзіла КДБ іх затрымлівалі і КДБ ведае ўсё пра ўдзельнікаў стачкаму», – кажа студэнтка.

Цяпер дзяўчына навучаецца адразу ў двух універсітэтах: Варшаўскім і Еўрапейскім гуманітарным. І розніца паміж беларускай і еўрапейскай сістэмамі адукацыі для яе відавочная.

«У БДЭУ галоўнаю задачаю было ўсё завучыць. А тут? Па-першае – гэта твая адказнасць. Ты хочаш вучыцца і ты вучышся. Калі ты прыйшоў сюды проста каб пасядзець – тады вынікі будуць адпаведнымі з тым, як ты ўкладаешся ў навучанне», – дадае Кася.

Попыт на навучанне за мяжою ў беларусаў заўсёды быў. А пасля пераследу студэнцкай супольнасці ў сувязі з пратэстамі 20 года замежныя ўніверсітэты сталі ледзьве не адзіным шанцам атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэтак, паводле Таццяны Шчытцовай, дарадцы Офісу Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі, у Польшчы ў 2022 годзе навучаліся каля адзінаццаці тысяч студэнтаў, у Літве – каля паўтары тысячы, у Расеі – прыблізна 12 тысячаў.

«Агулам я б сказаў што на сённяшні момант недзе там каля 30 тысячаў студэнтаў навучаюцца за мяжой грамадзянак і грамадзян Беларусі, маладых грамадзян Беларусі – гэта больш за 10 адсоткаў ад колькасці выпускнікоў», – паведаміў эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін.

Для беларускіх студэнтаў існуе шмат магчымасцяў навучацца за мяжой. Гэтак, арганізацыя «Education USA Belarus» дапамагае самым здатным студэнтам атрымоўваць фінансавую дапамогу ад каледжаў і ўніверсітэтаў ЗША.

«Амерыканская адукацыя лічыцца адной з лепшых. Ёсць шмат рэсурсаў для студэнтаў. Для дакладных навук ёсць добрыя лабараторыі», – кажа рэгіянальны дырэктар Амерыканскай рады міжнароднай адукацыі Кевін Рэйлінг.

Адшукаць магчымасці для навучання ды рэалізацыі навуковых праектаў у еўрапейскіх універсітэтах, у тым ліку стыпендыяльныя, можна ў дайджэстах рэсурсу asvetaby.org. Агляд выходзяць два разы на месяц.

«Ёсць стыпендыяльная ўрадавая падтрымка ў Чэхіі, ёсць спецыяльныя гранты ў Літве і ёсць, натуральна, спецыяльныя грантавая і стыпендыяльныя праграмы ў Польшчы. Самая вядомая – гэта праграма Каліноўскага», – паведаміла дарадца Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Для навучэнцаў, якія трапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі, Еўракамісія стварыла праграму «EU4Belarus – SALT», на якой ужо атрымоўваюць поўны курс адукацыі 40 студэнтаў ва ўніверсітэтах Літвы, Латвіі, Польшчы ды Чэхіі.

«У 23 годзе з 25 ліпеня пачнецца 2 тур гэтай праграмы дзе плануецца больш за 150 месцаў, па якіх можна атрымаць стыпендыю, яна пакрывае выдаткі і хапае яшчэ на стыпендыю», – дадаў Андрэй Лаўрухін.

Вядома, існуюць і перашкоды пры паступленні – аб‘ектыўныя і суб’ектыўныя. Да першых можна аднесці элементарнае няведанне замежнай мовы ці неабходнасць вывучэння нацыянальнай мовы краіны, у якой жадае атрымаць адукацыю студэнт. Да суб’ектыўных жа – адмова ў візавым падтрыманні нават пры паступленні ў замежны ўніверсітэт.

«Але вось такога, каб універсітэт забараняў таму, што студэнт мае беларускі пашпарт, спадзяюся не будзе», – дадала Таццяна Шчытцова.

Ёсць прапановы і для паслядыпломнай адукацыі. Гэтак, адзін з самых прэстыжных еўрапейскі каледжаў у Натоліне прапаноўвае стыпендыі, якія цалкам пакрываюць выдаткі на навучанне, пражыванне, харчаванне і праезд для беларусаў. Аднак летась аніводнай заяўкі ад нашых суайчыннікаў у навучальную ўстанову не паступіла.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»