Беларускі ІТ-сектар губляе працоўныя кадры


Беларусь імкліва губляе рэпутацыю IT-краіны. Сёння ўжо больш за палову айчынных айцішнікаў працуюць за мяжою. Пра гэта ў сваім новым даследаванні распавёў партал Dev.by.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дынаміка – несуцяшальная: у 2021-м за мяжу з‘ехалі 17,6 % ІТ-спецыялістаў. Праз год паказнік павялічыўся больш чым удвая – 47,7 %. Летась тэмпы ад‘езду ўвогуле дасягнулі рэкордных 57,2 %.

«Весці бізнес, маючы шырокі вялікі беларускі офіс, станавілася ўсё складаней і складаней. Праблем дадавала і дадае разлік ў замежнай валюце. Зараз пераводы ў валютах могуць адбывацца з затрымкамі альбо могуць наогул не адбывацца», – кажа экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Стрымліваюць масавы ад‘езд фінансавая нагрузка, што кладзецца на плечы ІТ-фірмаў, і праблемы з легалізацыяй працаўнікоў за мяжою. Паводле даследавання, рэлакацыю беларускіх спецыялістаў запаволіла закрыццё праграмы PBH, што дазваляла айцішнікам адносна проста легалізавацца ў Польшчы. Расчараваныя ў рэлакацыі таксама знайшліся: на радзіму вярнуліся 3,3 % апытаных.

Але цяперашніх тэмпаў выцеку дастаткова, каб неўзабаве за межамі Беларусі працавала ў 1,5 разы больш беларускіх айцішнікаў, чым унутры самой краіны.

«Цяпер дастаткова мала наймаюць маладых спецыялістаў, таксама з‘язджаюць кваліфікаваныя спецыялісты – і гэта можа адбіцца не толькі на колькасным паказніку ІТ-сектара, але і на яго якасці», – дадае Настасся Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Сектар ІТ актыўна развіваўся ў Беларусі з пачатку нулявых. За гэты час экспарт айчынных IT-паслуг вырас у трыццаць разоў і да 2020 года прыцягваў у краіну стабільную плынь замежнае валюты. Грошы ў беларускі ІТ-сектар інвеставалі пераважна ЗША, Нідэрланды і Расея. Буйное развіццё індустрыі пазітыўна ўплывала на стан усёй эканомікі.

«Айцішнік, які да гэтага быў на фабрыцы і працаваў там за 200 долараў, калі ў ІТ пачаў атрымліваць 600, то, канечне, ён патраціць 10 долараў на каву ў сваім раёне – гэта і робіць эканоміку. Гэта і пасоўвае эканамічныя і сацыяльныя працэсы», – адзначае IT-эксперт Міхаіл Ананьін.

Калісьці сектар меў стратэгічнае значэнне для Беларусі – доля ІТ у паказніку валавога ўнутранага прадукту год ад году стабільна расла. Але з 2021-га пачаўся спад.

«Чакаць, што будзе лепей… Не. Бо гэтая сітуацыя ідзе горай і горай штодня. Бо, я кажу, гэта не залежыць, айцішнік гэта ці рабочы з фабрыкі. Гэта сітуацыя, дзе людзі. І яна не паляпшаецца», – дадае Міхаіл Ананьін.

Ускладняе сітуацыю ціск на сектар з боку рэжыму і падтрыманне агрэсара-Расеі ў вайне з Украінаю. Праз гэта аб’ём замежных інвестыцыяў абрынуўся ажно на сорак адсоткаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета сектар не далічыўся 160 млн. долараў уліванняў. Такое становішча адбіваецца і на заробках саміх спецыялістаў – за год яны скараціліся на 10%.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»