Рыхтуецца новая рэдакцыя Закону аб СМІ ў Беларусі


Закон аб сродках масавай інфармацыі ў Беларусі робяць больш жорсткім. Так званыя «дэпутаты» Палаты прадстаўнікоў ухвалілі чарговыя змены сёння ў першым чытанні. Падчас абмеркавання яны казалі пра неабходнасць абараняць нацыянальную інфармацыйную прастору Беларусі, патрабавалі абмежаваць дзейнасць медыяў недружалюбных краінаў, заклікалі ануляваць так званыя «экстрэмісцкія» сродкі масавай інфармацыі. «І вычышчаць з галавы нашага пакалення гэтае трызненне! – настойваў дэпутат Алег Гайдукевіч. – Лухта, якую нам забівалі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Яна дагэтуль у некаторых сядзіць. Вось гэтыя казкі: “свабода слова” –  лухта гэта!»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прапанаваныя новаўвядзенні звязаныя з прыняццем новай Канстытуцыі і абаронай інфармацыйнага поля ў перыяд электаральных кампаніяў. Абноўлены Закон аб сродках масавай інфармацыі пашырае спіс падставаў для анулявання ліцэнзіяў так званых «няўгодных» сродкаў масавай інфармацыі. Устаноўленая забарона для замежных грамадзянаў і юрыдычных асобаў выступаць заснавальнікамі СМІ. Дэталізаваныя абмежаванні для інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных і радыёвяшчальных мэдыяў. Штраф за распаўсюд забароненай інфармацыі ў СМІ дасягае пяцісот базавых велічыняў. Дакумент у тым ліку закранае функцыянаванне агрэгатараў навінаў і прававы статус іх уладальнікаў.

«Але ўлада будзе мець доступ толькі да тых агрэгатараў, якія зможа тым ці іншым чынам кантраляваць, – адзначыў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. – Гэта толькі расейскія агрэгатары, тут можна казаць толькі пра Яндэкс і Мэйл.ру. А міжнародныя агрэгатары кшталту Гуглу наўрад ці пойдуць на якіясь змены ў сваёй палітыцы».

Але ж мінулай вясною ўсе незалежныя беларускія медыі зніклі з Яндэкс-навінаў. Сам агрэгатар прыняў такое рашэнне.

У Закон аб СМІ, прыняты ў 2008 годзе, перыядычна дадавалі змены, апошні раз – у 2021-м. У Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць, што гэта – імітацыя якой-кольвек карыснай дзейнасці.

«Змены ў закон аб медыях прымаюцца ў залежнасці ад таго, што беларуская ўлада хоча абмежаваць. І ўсе апошнія змены менавіта на гэта былі накіраваныя, – нагадаў Барыс Гарэцкі. – Можна да бясконцасці гэты закон змяняць. Беларускі падыход – акурат у гэтым. Але нават цяперашнія прапанаваныя змены неістотна яго карэктуюць».

Адзінае адносна новае ў прынятым дакуменце – пагроза «сіметрычных дзеяў» да журналістаў з тых краінаў, якія прымаюць санкцыі супраць Беларусі. Ці будуць пры гэтым абмежаванні ўплываць на доступ спажыўцоў да інфармацыі? Наўрад ці, мяркуе публіцыст і літаратар Севярын Квяткоўскі.

«Ну, будуць людзі карыстацца VPN-ам. У прынцыпе, ужо ў 2020-м годзе шмат хто дазнаўся пра гэтую абрэвіятуру. Яны тады яшчэ падштурхнулі людзей больш актыўна. У нас больш за 90 адсоткаў гарадскога насельніцтва і 80 адсоткаў вясковага насельніцтва інтэрнітазаваныя!»

Яшчэ адно абмежаванне закранула вывучэнне грамадскай думкі. Забароненыя будуць сацыялагічныя апытанні на тэму дзейнасці Лукашэнкі, дэпутатаў і сенатараў, а таксама выбараў усіх узроўняў і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Для такой працы неабходная будзе дзяржаўная акрэдытацыя. Але зноў жа, пасля 2020-га года незалежныя сацыялагічныя даследаванні фактычна атрымалі статус антыдзяржаўнай дзейнасці. Дык нашто ж тады гэтыя змены?

«Яны да чагосьці рыхтуюцца, – лічыць Севярын Квяткоўскі. – Да чагосьці глабальна мярзотнага. І гэты дадатковы закон – гэта плюс проста да таго, што яны ўжо нарабілі супраць грамадзянскай супольнасці, супраць грамадзян нават».

Дэпутаты прапанавалі яшчэ дапоўніць закон аб СМІ забаронай на прапаганду ЛГБТ. Міністр інфармацыі адзначыў, што «ужо прынялі дастатковыя меры для таго, каб распаўсюд такой прадукцыі ў нашай краіне быў абмежаваны».

Марына Яновіч, «Белсат»