Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком «ДНР» Пушыліным


Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком так званай ДНР Дзянісам Пушыліным. Нагадаем, што ва Украіне Данецкую народную рэспубліку лічаць тэрарыстычным утварэннем. Калі раней менскі рэжым ухіляўся ад гэткіх сустрэчаў, то цяпер, падобна, стаў менш пераборлівым. Пра што маглі гаварыць Лукашэнка і Пушылін? І якія наступствы ад гэтага рандэву будуць для Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Госця з так званай ДНР Лукашэнка прымаў у тым самым кабінеце і за тым самым сталом, дзе раней вітаў расейскіх міністраў і кіраўнікоў рэгіёнаў. Пушылін жа нават не губернатар, а кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі ў анексаваным Расеяю Данбасе. Пушылін пазней напісаў у сваім тэлеграм-канале, што абмяркоўвалі магчымую супрацу ў прамысловасці, будаўніцтве і аграгаспадарцы. Маўляў, на будучыню.

«Акурат цяпер час выбудоўваць тую перспектыву, якая адкрыецца перад намі праз год, праз два, пасля заканчэння спецыяльнай вайсковай аперацыі. І, вядома ж, тут трэба працаваць і прапрацоўваць пытанні загадзя», – напісаў Дзяніс Пушылін.

Прэсавая служба Лукашэнкі сустрэчу пракаментавала сцісла. З ягонага боку прагучалі абяцанні – пакуль туманныя – дапамагчы ў адбудове так званай ДНР.

«Я магу сабе цалкам уявіць, што эканамічныя пытанні галоўныя. Бо Лукашэнка бачыць для сябе магчымасць на гэтых тэрыторыях зарабіць, калі Расея будзе туды інвеставаць, калі там будзе нешта адбудоўвацца. Для Лукашэнкі гэта можа быць з эканамічнага боку прывабна», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 18 красавіка 2023 года.

Лукашэнка, падобна, упэўнены, што Данбас застанецца пад кантролем Расеі і ў сваіх дзеяннях сыходзіць з гэтае думкі, мяркуе Аляксандр Фрыдман. Для Пушыліна такая сустрэча – пэўнае прызнанне. Але што яна значыць для дыктатара Беларусі?

«Ён сустрэўся з палітычным нічым. Сядзеў бы там Пушылін або мех з данецкім антрацытам – няма ніякай розніцы. Лукашэнка проста распісаўся ў тым, што ён стоадсоткавая марыянетка Крамля», – кажа ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Раней Лукашэнка ад такіх спатканняў ухіляўся. Але сёлета ў лютым сустрэўся з кіраўніком непрызнанай Абхазіі Бжаніям, якога прэсавая служба Лукашэнкі назвала прэзідэнтам. Дыктатар Беларусі саступае ціску Крамля, мяркуе палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Алякисандр Класкоўскі. І сённяшняя сустрэча з Пушыліным – дэ-факта прызнанне анексіі Данбасу. Гэта павялічвае рызыку ўцягвання Беларусі ў вайну.

«Калі пачнецца той самы ўкраінскі контрнаступ, і калі ўкраінскія войскі пачнуць вызваляць зоны так званых ЛНР, ДНР, можа, нават у Крым увойдуць, то Масква можа сказаць Лукашэнку: давай, маўляў, абараняй. Бо гэта ж частка Саюзнай дзяржавы, ты ж гэтыя рэаліі прызнаў», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Яшчэ адно пытанне – як адрэагуе Украіна, для якой ДНР – тэрарыстычнае ўтварэнне? Ці не прывядзе гэта да канчатковага разрыву дыпламатычных стасункаў з Беларуссю?

«Украіна палітычна не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. Таму ён можа хоць голым бегаць па сваім кабінеце побач з Пушыліным, калі гэта яго неяк узбуджае. Але я мяркую, што мы не будзем на гэта рэагаваць. Захаванне амбасадара Украіны ў Беларусі адпавядае інтарэсам Украіны. Бо праз Беларусь вяртаюцца нашыя бежанцы, праз Беларусь ідзе абмен палоннымі», – разважае Яўген Магда.

Як адзначае Яўген Магда, на кожны новы антыўкраінскі выпад Лукашэнкі Кіеў звяртае ўсё менш увагі. Напрыклад, на момант рыхтавання гэтага матэрыялу прыезд Пушыліна ў Менск украінскія афіцыйныя асобы не пракаментавалі ніяк.

Валянцін Васіленка, «Белсат»