Не ГУБАЗіКам адзіным: у Беларусі стварылі партыю ўлады


Апазіцыйныя партыі ў Беларусі цярпяць пераслед, а праўладным даюць зялёнае святло. Сёння свой устаноўчы з’езд правяла «Белая Русь».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новая партыя, якая называе сябе масавай палітычнай сілаю, заяўляе, што будзе падтрымліваць уладу. Хаця раней Лукашэнка не адчуваў патрэбы ў структурах гэткага кшталту. Што змусіла беларускага дыктатара стварыць уласную кішэнную партыю? І якімі могуць быць яе сапраўдныя мэты?

Дзяржаўныя медыі заяўляюць, што ў Беларусі стварылі новую партыю. У яе ператварылася грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Да гэтага больш чым пятнаццаць гадоў «Белую Русь» трымалі на палітычнай узбочыне. І толькі летась яе кіраўніцтва схамянулася і загаварыла пра жаданне перафарматавацца ў партыю. Бадай, не без каманды зверху. Кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў пазіцыянуе яе як масавую палітычную сілу, так бы мовіць, «сапраўдную» партыю на фоне ўсіх астатніх.

«У нашай краіне існуе 15 палітычных партыяў, але пераважная большасць з іх ёсць такімі толькі на паперы. Фактычна яны не вядуць палітычна актыўнай дзейнасці, у іх няма сацыяльнай базы», – заяўляў Алег Раманаў, кіраўнік «Белай Русі».

Калі ў краіне няма вольных выбараў, то ўсе размовы пра сацыяльную базу – спекуляцыя, мяркуе палітык Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

«Абʼяднаная грамадзянская партыя на апошніх сапраўдных выбарах атрымала галасы прыкладна мільёна выбарнікаў. Гэта зафіксавана, гэта – факт. Вось вам і сацыяльная база», – кажа Анатоль Лябедзька.

Пры гэтым, рэжым працягвае пераследаваць актывістаў апазіцыйных партыяў. Так, у лістападзе траіх сябраў АГП асудзілі на тэрміны ад аднаго да двух з паловай гадоў. Існыя ж палітычныя партыі чакае перарэгістрацыя. І яшчэ невядома, колькі іх застанецца пасля гэтае працэдуры.

«Застануцца толькі партыі ўлады. Зʼяўленне на гэтым фоне «Белай Русі» умацоўвае, на думку Лукашэнкі, праўладны палітычны лагер», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

«Белая Русь» не хавае, што падтрымлівае ўладу і Лукашэнку асабіста. Ствараць новую партыю зʼехаліся больш чым тысяча дэлегатаў з усёй Беларусі. Зʼезд шырока асвятляўся дзяржаўнымі медыямі, і не толькі цэнтральнымі. Раённыя газеты таксама, як на загад, публікавалі фота дэлегатаў са сваіх мясцовасцяў. Былы парламентарый Сяргей Навумчык мяркуе, што рэжым стварае структуру, падобную да кампартыі Савецкага Саюзу, якая ў свой час ахоплівала, бадай, усё грамадства.

«Так званая партыя, партыя «ябацек», выканае сваю функцыю – дапаможа ўсім гэтым сілавым структурам, ГУБАЗіКам, КДБ трымаць людзей у кулаку», – кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Сяргей Навумчык.

Зрэшты, перашкодзіць распаду савецкай сістэмы тагачасная кіроўная партыя не змагла, нягледзячы на масавасць. На думку Анатоля Лябедзькі, «Белая Русь» таксама не дасць рады, калі прыйдуць цяжкія для рэжыму часы.

«Таварыш Раманаў! Вам дапамаглі 4 мільёны чальцоў прафсаюзаў у 2020-м годзе? Дзе былі вашыя 400 тысяч БРСМаўцаў, якія павінныя былі выйсці на альтэрнатыўны мітынг у падтрыманне? Дзе былі вы? Вас было не відаць і не чуваць, калі выйшаў народ!» – звяртаецца да кіраўніка новай партыі Анатоль Лябедзька.

Але рэжым, відаць, мяркуе інакш. Дзяржаўныя медыі падаюць стварэнне новай партыі як здзейснены факт. Хаця «Белая Русь» пакуль толькі правяла ўстаноўчы сход. Ужо на старце ў новай партыі будзе, як паведамляецца, шаснаццаць тысяч чальцоў. А ў красавіку плануецца падпісаць пагадненне наконт супрацы з расейскай партыяй улады «Единая Россия».

Валянцін Васіленка, «Белсат»