Чаго чакаць ад рэферэндуму?


Рэферэндум – адна з самых абмяркоўваных тэмаў апошняга часу. Бо адказаў усё менш, а пытанняў – больш. Калі ён адбудзецца, чаго чакаць ад яго? Сёння Лукашэнка вырашыў прыпадняць заслону і адказаць на пытанні, зладзіўшы сход канстытуцыйнай камісіі. Напрыклад, ён паведаміў, што падчас гэтак званых «усенародных абмеркаванняў» паступіла ажно 6 тысяч прапановаў аб змене Канстытуцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пуховыя хусткі і некалькі слаёў адзення – суровая рэчаіснасць цэхаў гомельскага «Камінтэрну». Гэтак званае «усенароднае абмеркаванне» новага праекту Канстытуцыі ва ўсёй краіне. Чыноўнікі, начальнікі, ідэолагі ў халодных цэхах абяцаюць лепшае жыццё.

«Гэта ўсё робіцца дзеля птушачкі і часам набывае такія карыкатурныя формы. Калі, напрыклад, нейкія следчыя едуць у глухую вёску і там тлумачаць бабулькам прагрэсіўны характар новай Канстытуцыі», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Працоўныя калектывы сустракаюцца і слухаюць, а вось актыўнае абмеркаванне ідзе ў сацыяльных сетках:

«Новая Канстытуцыя не патрэбная. Нічога рэвалюцыйнага там няма, толькі яшчэ большае ўзмацненне ўлады».

«Адну незаконную Канстытуцыю хоча памяняць на іншую незаконную Канстытуцыю. Законная – Канстытуцыя 1994 года».

«Не зразумела, чаму людзі да гэтага часу працягваюць выконваць патрабаванні законаў. Якіх законаў?»

Усеагульны настрой заўважыў нават Лукашэнка. І пракаментаваў яго ў традыцыйнай манеры:

«Усё сышлося на тым, што гэта патрэбна толькі Лукашэнку. Калі ўжо адкрыта, то гэты працэс мне зусім не патрэбны. Як вы бачыце, ёсць маса пытанняў. Ёсць, чым займацца».

Вядома, ёсць чым. Напрыклад, даваць парады наконт правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў новаму старшыню Цэнтрвыбаркаму Ігару Карпенку. Больш дасведчаны кадр сышоў у заслужаны адпачынак.

Рэферэндум – гэта падзея, якая можа паўплываць на жыццё беларусаў. У той час, калі мы амаль бяззбройныя.

«Калі ў 2020 годзе для мяне яшчэ зразумела было ісці галасаваць – сэнс збольшага быў відавочны. То цяпер я не думаю, што мае два крыжыкі штосьці б змянілі», – кажа палітолаг Арцём Шрайбман.

Сітуацыя з рэферэндумам магла б быць падобнай на анекдот ці камедыйны серыял, калі б не нагадвала сцэнар трагедыі. Выбар даўно ўжо зроблены, рашэнне прынятае. А гэта цягне на орўэлаўскую антыўтопію.

Наста Печанькова, «Белсат»