Атракцыён шчодрасці адкрылі на МТЗ


500 рублёў за кожнага прыведзенага на прадпрыемства працаўніка. Новае часовае палажэнне на Менскім трактарным заводзе набудзе моц з наступнага месяца. Але грошы рэкруцёру заплацяць не адразу, а толькі праз 3,5 месяцы. І пры ўмове, што рэкамендаваны работнік будзе працаваць старанна, дысцыплінавана, без заўвагаў. Прэтэндэнт на працоўнае месца мусіць, у тым ліку, мець адпаведны працоўны разрад. А заўвагу, у прынцыпе, можна атрымаць за што заўгодна. І гэта робіць удзел у акцыі «прывядзі і атрымай» яшчэ больш сумнеўным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта такі танны, папулісцкі нейкі, а не маркетынгавы ход, – пракаментаваў прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў. – Каштоўнага працаўніка такім чынам усё роўна не знойдзеш, гэта па-першае. А па-другое, нават калі і прывядзеш адмыслоўца, – трэба, каб супала надта багата ўмоваў, каб гэтыя 500 рублёў атрымаць».

Летась на Менскім трактарным заводзе працавалі 15 400 работнікаў. Змены ў працоўным заканадаўстве дазволілі звальняць праз палітычныя прычыны. Так што цяпер на сайце «belmeta.com» можна знайсці інфармацыю пра 282 вакансіі. Шмат хто мусіў з’ехаць з Беларусі, нагадаў Аляксандр Сакалоў.

«Многія з тых, хто зʼехаў, аказаліся каштоўнымі кадрамі ў сваіх галінах. І вось такія прадпрыемствы, як МТЗ, пазбавіліся такіх працаўнікоў, а цяпер атрымалі ваенныя замовы для ваеннай прамысловасці Расеі. Каб выконваць гэтыя замовы, патрэбныя добрыя, каштоўныя адмыслоўцы. А дзе іх зараз узяць?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі трактарны завод (МТЗ).
Фота: wikipedia.org

Паводле Белстату, колькасць занятых у беларускай эканоміцы ў сёлетнім верасні знізілася на 13100 чалавек – да 4137900 работнікаў. А за апошні год эканоміка страціла 56500 занятых. Калі ж параўнаць са жніўнем-2020, то страта склала 175600 працоўных. Экспертка «BEROC» Настасся Лузгіна прыгадала для параўнання больш раннюю статыстыку:

«Ужо з 2010 года паступова пачалося скарачэнне занятага насельніцтва. І на сёння ўжо страчаныя на рынку працы больш за 550000 чалавек. То бок гэтак рынак працы скараціўся».

Апошнімі гадамі тэндэнцыя скарачэння паскорылася, канстатавала Настасся Лузгіна. І агучыла прагноз: у 2023 Беларусь страціць больш за 100000 працаўнікоў. Гэта непазбежна паўплывае на стан беларускай эканомікі.

«Скарачэнне працаўнікоў і, адпаведна, падаткаў з іхных заробкаў стварае дадатковую нагрузку на Фонд сацыяльнай абароны. А гэта яшчэ адзін пласт праблемаў. Таму, вядома, у дадзенай сферы сітуацыя вельмі і вельмі засмучае».

Але выглядае не ўсё так кепска.

«Гомсельмаш» знайшоў 447000 рублёў на яркую ілюмінацыю. І гэта з улікам эканоміі, бо ў тэндарнай заяўцы ўказвалі на 33000 рублёў болей.

Марына Яновіч, «Белсат»