100 дзён Аб'яднанаму пераходнаму кабінету: ці выконваецца першачарговая задача?


24 лютага, калі пачалося расейскае ўварванне ва Украіну, Святлана Ціханоўская заяўляе пра намер стварыць Абʼяднаны пераходны кабінет – нацыянальны орган Рэспублікі Беларусь. У жніўні падчас канферэнцыі дэмакратычных сілаў Ціханоўская прызначае шасцёх яго прадстаўнікоў. З іх двое – з досведам службы ў сілавых структурах. Гэта адлюстроўвае змену настрояў у дэмакратычных колах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прадстаўніцтва сілавога блоку ўнутры Кабінету вельмі натуральна адлюстроўвае таксама запыт беларускага грамадства. Бо ў публічных дыскусіях усё больш гучыць меркаванне, што сілавы сцэнар – гэта адзіны з магчымых варыянтаў вырашэння сітуацыі», – мяркуе Леся Руднік, даследніца з Цэнтру новых ідэяў.

Тэзы дзяржпрапаганды пра рыхтаванне маштабных баявых дзеянняў прадстаўнікі Кабінету адмаўляюць. Але распавядаюць пра план «Перамога» і шкаленне байцоў.

«Мы падрыхтавалі людзей на ўзроўні лёгкай пяхоты. Але для ўдзелу ў спецыяльных аперацыях патрэбныя іншыя навыкі, і мы якраз будзем займацца гэтай справай», – казаў у інтэрвʼю «Белсату» прадстаўнік Кабінету Аляксандр Азараў.

Сваю галоўную місію Кабінет абазначае ў першай афіцыйнай пастанове.

«Лічыць першачарговай задачай Кабінета аднаўленне і абарону суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Забяспечыць прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне для ўсталявання і падтрымкі кантактаў, гатовых садзейнічаць выконванню першачарговай задачы Кабінета», – было напісана ў пастанове № 1 Абʼяднанага пераходнага кабінету.

На заходнееўрапейскім кірунку дасягаецца дыпламатычны поспех: у Бруселі адкрываецца Місія дэмакратычнай Беларусі. Тым часам Украіна не спяшаецца прызнаваць Абʼяднаны кабінет, нягледзячы на яго антываенныя і праўкраінскія заявы. Украінскае кіраўніцтва, падобна, больш схільнае разглядаць полк Каліноўскага як палітычнае прадстаўніцтва Беларусі.

«У ідэале, вядома, варта, каб і полк Каліноўскага, і Кабінет дамовіліся паміж сабою пра раздзяленне функцыяў, каб не ствараць незразумелай карціны для беларускага грамадства і для ўкраінскіх палітыкаў», – кажа Леся Руднік.

Што да ўласна беларускіх справаў, то праца Кабінету спрыяе зняццю напружанасці паміж офісам Святланы Ціханоўскай і Народным антыкрызісным упраўленнем Паўла Латушкі, мяркуе палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

«Яны ездзяць разам, яны разам сустракаюцца з замежнымі партнёрамі, з беларускімі дзеячамі. І ўзаемнай крытыкі цяпер не гучыць. Гэта вельмі важная рэч», – адзначае Юрый Дракахруст.

Не абыходзіцца, аднак, і без скандалаў. Кабінет пакідае Таццяна Зарэцкая, адказная за эканоміку і фінансы. Раней незалежныя медыі ставілі пад сумнеў ейны імідж паспяховай прадпрымальніцы і мільянеркі. Эксперты адзначаюць таксама хібы ў працы Кабінету. Ён пазіцыянуецца як выканаўчы орган, але ягоныя чальцы актыўна займаюцца палітыкай, адзначае Паліна Прысмакова, прафесарка кафедры дзяржаўнага кіравання ўніверсітэту Флорыды.

«Мне як эксперту ў дзяржаўным кіраванні хацелася б, каб было больш адміністравання ў кабінеце і менш палітыкі. Пажадана, каб Кабінет быў кабінетам міністраў пад прэзідэнтам. Каб вызначэннем палітыкі займалася спадарыня Ціханоўская і ейны офіс. А кабінет ішоў гэтым вызначаным курсам», – кажа Паліна Прысмакова.

Кабінет таксама не ператвараецца і ў штаб пратэставага руху ў самой Беларусі.

«Каардынацыя, нейкае абʼяднанне людзей, узаемадзеянне ўнутры Беларусі адбываецца. Але нельга сказаць, што за гэтым усім стаіць Кабінет», – мяркуе Юрый Дракахруст.

Абʼяднаны пераходны кабінет пры відавочных дыпламатычных поспехах так і не робіцца аналагам ураду Беларусі ў выгнанні.

Валянцін Васіленка, «Белсат»