Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі пасля візіту Джо Байдэна


Прэзідэнт ЗША збіраецца ў Ізраіль 18-га кастрычніка, пра гэта абвясціў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен: «У сераду прэзідэнт Байдэн наведае Ізраіль. Ён прыязджае сюды ў крытычны момант для Ізраілю, для рэгіёну і для ўсяго свету».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле дзяржсакратара Блінкена, галоўная мэта візіту – пацвердзіць салідарнасць Злучаных Штатаў з Ізраілем. Джо Байдэн хоча даведацца ад ізраільскага кіраўніцтва: што трэба для абароны, якія ваенныя мэты і стратэгію мае Армія абароны Ізраілю і як плануе наземную аперацыю. Яшчэ адною тэмаю будзе вызваленне закладнікаў, у тым ліку амерыканскіх грамадзянаў, захопленых баевікамі ХАМАС.

Зранку з’явілася інфармацыя пра тое, што гэты візіт нібыта раптоўна пачаўся сёння, але ізраільскі журналіст Дзмітрый Дубаў гэта зняпраўдзіў. Паводле яго, Байдэн прыязджае ў Ізраіль толькі заўтра:

«Цяпер паказваюць кадры таго, як самалёт Байдэна прызямліўся ў аэрапорце Бэн-Гурыён. Гэтыя кадры – не сённяшнія. Яны былі зробленыя падчас ягонага папярэдняга візіту. Там нават бачна, што яго сустракае Яір Лапід, ён на той момант быў кіраўніком ураду. А зараз ён – лідар апазіцыі».

Стала вядома, што ў ЗША распрацуюць законапраект, які дазволіць выкарыстоўваць амерыканскае войска ў выпадку эскалацыі вайны паміж Ізраілем і палестынскаю групоўкаю ХАМАС, а таксама пры ўступленні Ірану ў вайну. Афіцыйны Тэгеран днямі запатрабаваў неадкладна спыніць абстрэлы сектару Газа і нават не спрабаваць абстрэльваць іранскую тэрыторыю, інакш прыгразіў далучыцца да канфлікту на баку палестынцаў. Сталае прадстаўніцтва Ірану ў ААН апублікавала адпаведны допіс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты ідуць па дарозе каля мяжы Ізраілю з сектарам Газа, на поўдні Ізраілю, 15 кастрычніка 2023 г.
Фота: RONEN ZVULUN / Reuters / Forum

А Расея ўнесла ў Раду бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў рэзалюцыю з заклікам да замірэння на Блізкім Усходзе. Дакумент, у якім нават не згадвалася групоўка ХАМАС, падтрымалі 4 краіны. Сталы прадстаўнік Расеі пры ААН быў незадаволены.

«Сёння ўвесь свет застыў у чаканні, што Рада Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў зможа зрабіць рашучыя крокі для таго, каб спыніць кровапраліцце, – сказаў Васілій Нябензя. – Але дэлегацыі заходніх краінаў паставілі крыж на гэтых чаканнях».

Бразілія прапанавала рэзалюцыю з рэзкім асуджэннем нападу ісламістаў на Ізраіль, галасаванне запланаванае на сённяшні вечар.

Тым часам пасля адзінаццацігадзіннага зацішша палестынцы аднавілі ракетныя абстрэлы Ізраілю. Сірэны паветранай трывогі раўлі ў ваколіцах сектару Газа, выбухі гучалі ў Бээр-Шэве, Рышон ле-Цыёне, Тэль-Авіве. Мэр Ашкелёну запатрабаваў уключыць горад у спіс прыфрантавых і эвакуяваць усіх жыхароў.

Ізраільскае грамадства цяпер вельмі згуртаванае:

«У маёй суседкі, напрыклад, зараз сын рыхтуецца недзе там на поўдні да наземнай аперацыі, – распавёў ізраільскі журналіст Дзмітрый Дубаў. – Яна ў гэтыя дні гатуе проста апантана, вельмі шмат ежы, і раздае ўсім суседзям. Ёй так лягчэй справіцца з хваляваннем. Мы дапамагаем адзін аднаму і стараемся падтрымліваць, як можам. І так пераможам!»

Армія абароны Ізраілю за мінулыя содні атакавала больш за дзвесце вайсковых абʼектаў групоўкі ХАМАС. А сёння зранку перадухіліла спробу групы тэрарыстаў пранікнуць з Лівану. На ізраільска-ліванскай мяжы захоўваецца напружанне. Адзін з мясцовых жыхароў згадзіўся пагаварыць з журналістамі:

«Я жыву тут, у горадзе КірʼЯт-Шмана, ужо 30 гадоў. І мы ўвесь час пакутуем ад праблемаў на ліванскай мяжы. Цяпер мы чуем страляніну вакол нас, мы не ведаем дакладна, што адбываецца, але з мінулай суботы страляніны ўсё болей і болей. Людзі выязджаюць з гораду на некалькі кіламетраў, каб уцячы ад стрэлаў».

Прадстаўнік ХАМАС Халед Машаль абвясціў аб гатовасці абмяняць закладнікаў, якіх палестынцы трымаюць у Газе, на тэрарыстаў, якія застаюцца ў ізраільскіх турмах.

Марына Яновіч, «Белсат»