Ці бяспечна цяпер вяртацца дадому?


У эфірах дзяржаўных тэлеканалаў заклікаюць рэпрэсаваных беларусаў, што з’ехалі за мяжу, вяртацца. Між іншым, стала вядома, што ў так званы «спіс тэрарыстаў» трапіла мазыранка Таццяна Курыліна, якую сілавікі падманам выманілі ў Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так званая камісія вяртання не мае попыту ў беларусаў. За пяць месяцаў існавання дзяржаўнай ініцыятывы, што мелася разглядаць заявы «збеглых за мяжу» пратэстоўцаў, туды, паводле «Кіберпартызанаў», звярнуліся ўсяго шаснаццаць асобаў.

«Шэсць з шаснаццаці – мацёрыя крымінальнікі… Астатнія не даслалі патрэбных дакументаў або ўвогуле не раскаяліся ў тым фармаце, што патрабуе камісія. Пры гэтым мы бачым, што гэтымі лічбамі спекулююць», – каментуе інфармацыю прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец.

Гэтак, генеральны пракурор Андрэй Швед пахваліўся, што камісія вяртання атрымала больш як семдзесят запытаў. Сярод тых, каму «пашчасціла» прайсці адбор прапагандыстаў і хаўруснікаў Лукашэнкі, – маці Рамана Пратасевіча Наталля. Жанчына, якая зʼехала з Беларусі восенню 2020-га і затым неаднаразова выступала ў шэрагу незалежных СМІ, распавяла ў эфіры ОНТ пра сваё жыццё ў Польшчы і вяртанне на радзіму.

«Гэта самае галоўнае ў жыцці – калі ты маеш магчымасць абняць сваіх дзяцей, абняць сваю маму. Калі ты маеш магчымасць выйсці на вуліцу і пачуць родную мову. Гэтыя эмоцыі незабыўныя», – заявіла прапагандыстам Наталля Пратасевіч.

Развагамі пра выгоды вяртання ў Беларусь падзяліўся з прапагандыстамі і Філіп Давыдаў. Маладзёна затрымалі ў Менску ў 2020 годзе падчас акцыі ў падтрыманне палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Праз нейкі час ён зʼехаў ва Украіну. Летась у траўні ягоную заяўку на «вяртанне» ухвалілі чальцы камісіі.

«Людзі жывуць удома – яны не шанавалі гэтага. Што можна схадзіць у душ, можна папіць вады, калі хочаш, паесці», – распавёў Філіп Давыдаў.

Заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і вольных спартоўцаў. Прапагандыст Андрэй Мукавозчык, які ўваходзіць у склад камісіі, заклікаў тых, хто ў дваццатым выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і асудзіў рэпрэсіі супраць беларусаў, пакаяцца ды зноў зарабляць грошы ў «роднай краіне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская мяжа.
Фота: sb.by

«Дык вось, будзьце людзьмі адказнымі: публічна гадзілі – публічна прасіце прабачэння. Апублікуйце пост раскаяння на сваіх старонках. Збярыце ўсю долю хейту, набярыцеся мужнасці адказаць на самыя брудныя лаянкі, а мы пачытаем… Ці ў газету прыйдзіце і там апублікуйце ўсё, што трэба сказаць беларусам, каб яны вам паверылі. І даравалі. І дазволілі вярнуцца да заняткаў прафесійнай дзейнасцю», – прапаноўваў беларусам, што зʼехалі за мяжу, прапагандыст Андрэй Мукавозчык.

Пры гэтым, паводле каардынатара экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі, рэжым не мае вялікай патрэбы ў вяртанні палітычных лідараў ды грамадскіх актывістаў.

«Для гэтых людзей працуе не камісія па вяртанні, а ўсе гэтыя неправамоцныя законапраекты пра тое, каб забіраць у іх пашпарты, пазбаўляць грамадзянства. Таму наадварот – актыўных людзей рэжым спрабуе выштурхоўваць. А камісія па вяртанні патрэбная толькі для прапагандысцкага эфекту, для дэманстрацыі таго, што старонка перагорнутая», – кажа каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Вось толькі не для ўсіх справа з добраахвотным вяртаннем скончылася толькі пакаяннем. Гэтак, жыхарка Мазыра Таццяна Курыліна сёлета ў сакавіку атрымала чатыры з паловаю гады калоніі. А сёння стала вядома, што яе ўключылі ў так званы спіс тэрарыстаў. Чаму ж не варта верыць абяцанням служкаў рэжыму, распавёў юрыст НАУ Арцём Праскаловіч:

«Той, хто ўзначальвае гэтую камісію, – так званы генеральны пракурор Аляксандра Лукашэнкі – можа адмяніць рашэнне гэтай камісіі, распачаць крымінальны пераслед. І трэба разумець, што тэрміны даўніны прадугледжваюць і 10, і 15, і 20 гадоў. І чалавек, які звернецца ў такую камісію, становіцца марыянеткай у руках рэжыму».

Колькасць затрыманых на мяжы пры вяртанні ў Беларусь павялічваецца. Пра гэта сведчыць інфармацыя праваабарончага цэнтру «Вясна», паводле якой толькі за чэрвень дадому не даехалі пяцьсот шэсцьдзесят асобаў, з іх не менш чым сто восемдзесят чатыры асобы былі асуджаныя паводле адміністратыўнай справы, яшчэ трыццаць шэсць трапілі за краты за «экстрэмісцкія падпіскі і рэпосты».

Наста Печанькова, «Белсат»