Ці прымусяць беларусаў палюбіць лукашэнкаўскі сцяг?


Лукашэнкаўцы прапанавалі прыняць закон, паводле якога беларусы павінныя былі б вывешваць дзяржаўныя сцягі на сваіх дамах. Яшчэ адна свежая ініцыятыва – перастаць лічыць Касцюшку і Каліноўскага нацыянальнымі героямі Беларусі. Ці азначае гэта, што прапагандзе ўдасца прымусіць беларусаў палюбіць лукашэнкаўскую сімволіку? Ці стане дзяржаўная ідэалогія часткаю светапогляду нашага народу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Такі спосаб палюбіць дзяржаўную сімволіку беларусам на дзяржаўным канале СТВ прапаноўвае наменклатурны ветэран Барыс Батура.

Ідэалагічныя скокі вакол дзяржаўнай сімволікі выкліканыя шокам уладаў ад падзеяў 2020-га года, калі сотні тысячаў выйшлі на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, мяркуе журналіст і былы парламентар Сяргей Навумчык.

«Рэжым хоча нешта гэтаму супрацьпаставіць. А што ён можа супрацьпаставіць нацыянальным сімвалам? Той жа самай Пагоні, гісторыя якой налічвае сотні гадоў. Ды нічога. Вось і вылезлі з гэтай ідэяй праводзіць дзень герба, сцяга», – кажа Сяргей Навумчык.

І заканадаўча змушаць беларусаў вывешваць дзяржаўныя сцягі. Не кажучы пра афіцыёзныя імпрэзы, калі ад чырвані і зеляніны стракаціць у вачах. Попыт на дзяржаўныя сцягі велічэзны, распавялі ў «Беллёгпраме». Але ці азначае гэта, што афіцыйная сімволіка сталася ўнутрана блізкаю беларускаму грамадству?

«Усё прывучае людзей да рытуалізму, да падвойнага мыслення. Што нармальна хадзіць са сцягам, у які ты не верыш. Што нармальна паўтараць фразы, у якія ты не верыш. Гэта ўсё праходзіла савецкае грамадства ў часы Брэжнева, Андропава, Гарбачова», – кажа палітолаг, журналіст «Белсату» Аляксандр Папко.

«Наколькі памятаю, мы ўсе разумелі, што гэта абавязалаўка. Самі настаўнікі разумелі. Ім гэта непатрэбна было. У іх была “галка”, што трэба зрабіць. Партыя сказала: “Трэба!”, мы сказалі: “Ёсць!” Нам выпішуць прэмію – і ўсё акей», – узгадвае блогер Ян Рудзік.

Але нават зрэжысураваныя акцыі часам даюць збой. Гэтак, пад прапанаваным бээрэсэмаўцамі гэштэгам «Ганаруся роднымі сімваламі» ў сацыяльных сетках апынуліся не толькі чырвона-зялёныя, але і нацыянальныя сцягі. Цяперашнія дзяржаўныя сімвалы не перажывуць рэжыму Лукашэнкі, мяркуе Сяргей Навучык.

«Гэтыя сімвалы ўжо звязаныя з парушэннем законнасці, з фальсіфікацыяй, з дыктатурай, і ўвойдуць яны ў гісторыю Беларусі, калі Беларусь адновіць канстытуцыйную законнасць, выключна як сімвалы таталітарызму», – кажа Сяргей Навумчык.

Таталітарызм, аднак, супраціўляецца. Кіраўнік лукашэнкавай адміністрацыі Сергеенка заклікае прыбраць са спісу нацыянальных герояў Беларусі Барыса Кіта, Тадэвуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага. Хаця яшчэ ў 2019-ым годзе прадстаўнікі рэжыму бралі ўдзел у цырымоніі перапахавання апошняга. Цяпер як прыклад для беларусаў Сергеенка згадвае савецкіх герояў Другой сусветнай вайны і сацыялістычнай працы.

«Беларусы хочуць будучыні. Гэтая прапаганда савецкая можа прапанаваць ім толькі савецкае мінулае. Абсалютна іншае грамадства, іншая эканоміка, іншыя кар’ерныя сцежкі, якія не могуць прывабіць ужо цяперашняга чалавека», – разважае Аляксандр Папко.

Прэцэдэнт, калі грамадства пазбавілася штучна навязанай сімволікі ды ідэалогіі, ужо меў месца ў нядаўняй беларускай гісторыі – у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады адмова ад савецкіх сімвалаў не выклікала ў грамадстве супраціву.

Валянцін Васіленка, «Белсат»