Небывалая паводка ў Арабскіх Эміратах: інфраструктура аказалася не гатовая


Больш за гадавую норму ападкаў усяго за 12 гадзінаў. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – краіна з гарачым і сухім кліматам, дзе дажджы – з’ява нячастая. А таму і гарадская інфраструктура да паводкі аказалася не гатовая. Як стыхіі давалі рады мясцовыя жыхары, а таксама нашыя суайчыннікі, у якіх Дубай – папулярны турыстычны кірунак?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вуліцы ператварыліся ў сапраўдныя рэкі, вадою заліло дамы, офісы і гандлёвыя цэнтры. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты перажываюць адну з наймацнейшых у сваёй гісторыі паводак.

Аўтамабіль тут не дасць рады. Перасоўвацца можна толькі на чаўнах.

Мянчук Андрэй, які жыве ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, такога дажджу тут яшчэ не бачыў. Выданню «Зеркало» беларус расказаў, што на першым паверсе гасцявога дому, дзе ён жыве, вада заліла падлогу і не сыходзіла некалькі гадзінаў.

«Выглядае ўсё навокал, нібы Ноеў каўчэг, – дзеліцца ўражаннямі Андрэй. – Прэвентыўных захадаў не было, але з раніцы шмат каму, хто працуе офлайн, сказалі сядзець удома. Адмянілі заняткі ў школах і ўніверсітэтах, нельга скарыстацца службаю дастаўкі, таксі. Я жыву ў цэнтры гораду: кавярні побач зачыненыя, як і крамкі».

Паводка ў Арабскіх Эміратах. 17 красавіка, 2024 года.
Фота: Amr Alfiky / Reuters / Forum

Аэрапорт Дубаю, які лічыцца другім паводле загружанасці лётнішчам у свеце, моцна абмежаваў сваю працу. Шмат якія рэйсы адмененыя альбо моцна затрымліваюцца.

Праз надзвычайную сітуацыю самалёт кампаніі «Белавія» мусіў зрабіць пасадку не ў Дубаі, а ў горадзе Фуджейра. У «Белавіі» парэкамендавалі сачыць за інфармацыяй праз іх сайт, на якім ёсць табло вылету-прылёту.

Хоць найбліжэйшым часам надворʼе ў Арабскіх Эміратах мае змяніцца, у беларускіх турыстычных фірмах не раяць спяшацца ляцець туды адпачываць.

МЗС Беларусі заклікаў тых беларусаў, якія ў звязку з паводкай апынуліся ў экстранай сітуацыі, звяртацца па дапамогу ў Генеральнае консульства Беларусі ў Дубаі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»