«Нашыя вугорскія партнёры з’яўляюцца свайго роду лабістамі»


Орбан-Пуцін – два сябры. І Лукашэнка збоку прыстроіўся. Вугоршчына лабіюе зняцце ці прынамсі паслабленне антываенных санкцыяў Еўразвязу з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта на дзяржаўным тэлебачанні заявіў беларускі амбасадар у Будапэшце Уладзімір Улаховіч. Але апроч еўрапейскіх лабістаў вайны ёсць і нееўрапейскія.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чыноўнікі Лукашэнкі пасля міжурадавай камісіі, арганізаванай у Будапэшце, у адкрытую хваляцца, што дамовіліся з вугорцамі пра антысанкцыйнае лобі. Асабліва балючая для іх забарона на продаж у Еўразвязе калійных угнаенняў і прадукцыі дрэваапрацоўкі. Пра гэта амбасадар РБ у Вугоршчыне заявіў у інтэрв’ю дзяржаўнаму каналу АТН.

«Нашыя вугорскія партнёры з’яўляюцца свайго роду лабістамі, каб, прынамсі, прабіць квоты па пэлетах, якія вельмі патрэбныя на еўрапейскім рынку», – заявіў Уладзімір Улаховіч у адмысловым інтэрв’ю пра дасягненні лукашэнкаўска-вугорскага сяброўства.

Пэлеты – гэта паліўныя гранулы, якія робяць з адкідаў драўніны. Цяпер, пад еўрапейскімі санкцыямі, прадпрыемствы кшталту «Пінскдрэву» прадаюць пэлеты ў Еўропу пад выглядам казахстанскага і кыргызстанскага лесу – Беларускі расследвальніцкі цэнтр знайшоў адпаведныя дакументы, якія пацвердзілі расследаванне.

Падчас візіту Сяргея Алейніка ў Будапэшт бакі падпісалі мемарандум аб беларуска-вугорскай супрацы ў справе разбудовы вугорскай АЭС «Пакш», якую праводзіць Расея. Раней міністр замежных справаў Петэр Сіярта абяцаў, што Вугоршчына будзе дамагацца, каб дзяржаўная карпарацыя «Росатом» не трапіла ў новы 11 пакет санкцыяў Еўразвязу.

«Мы ніколі не каментуем ні працэс, ні што ўваходзіць у санкцыйны пакет, пакуль яго рыхтуюць. І выключэнняў з гэтага правіла няма», – заявіў сёння афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Эрык Мамэр у адказ на пытанні ўкраінскай журналісткі.

Але Еўразвяз адсочвае спробы абысці антываенныя санкцыі.

«Абыход санкцыяў – незаконны. Таму краіны Еўразвязу адсочваюць свае гандлёвыя плыні, напрыклад, экспарт за межы Абʼяднанай Еўропы. Таксама мы ўвялі новыя крытэры ўжывання другасных санкцыяў. Калі нехта ўцягнуты ў схемы абыходу санкцыяў – ён цяпер сам можа апынуцца ў санкцыйных спісах. І мы шчыльна супрацоўнічаем з трэцімі краінамі. Мы прызначылі новага ўпаўнаважанага ў справе санкцыяў – Дэйвіда О’Салівана, які наведвае трэція краіны, адсочвае таварныя плыні, глядзіць, куды ідуць пэўныя тавары», – так раней афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Дэньел Шэрыдан Фэры патлумачыў «Белсату» механізмы Еўразвязу.

Найбольш уважліва краіны Еўразвязу цяпер сочаць за таварамі з Кітаю, а менавіта за тым, каб у Расею не трапілі кітайскія ўзбраенне і тавары падвойнага прызначэння. Напярэдадні ў Крамлі з Уладзімірам Пуціным і Сяргеем Шайгу сустракаўся міністр абароны Кітаю. Гаворка акурат ішла і пра вайскова-тэхнічную супрацу.

«Супраца Расеі ды Кітаю ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай галінах развіваецца вельмі добра. Гэта вялікі ўнёсак у глабальную і рэгіянальную бяспеку», – заявіў падчас сустрэчы міністр абароны Кітаю Лі Шанг Фу.

На дыпламатычным фронце Пуцін і Лукашэнка атрымалі падмогу ад прэзідэнта Бразіліі. Лула да Сіўва падчас і пасля візіту ў Кітай неаднаразова абвінаваціў ЗША і Еўразвяз, што яны сваёй дапамогай нібыта зацягваюць вайну ва Украіне.

«Мы спрабуем сфармаваць групу краінаў, якія не маюць ніякага дачынення да вайны, не хочуць працягу вайны, а хочуць будаваць мір ва ўсім свеце, хочуць весці перамовы з Расеяй і Украінай, а таксама са Злучанымі Штатамі ды Еўразвязам», – заявіў прэзідэнт Бразіліі.

У Еўракамісіі нагадалі, што Бразілія галасавала ў ААН за асуджэнне дзеянняў Расеі ва Украіне, а таксама, што прапановы перамоваў і дээскалацыі гучалі яшчэ да пачатку расейскага ўварвання.

«Кожная мірная прапанова сустракала далейшую эскалацыю з боку Пуціна. Ён пачаў выкарыстоўваць энергію як зброю, а таксама голад, чым ударыў не толькі па Украіне, але і па людзях ва ўсім свеце. Ён узяў на ўзбраенне зіму, ужывае тактыку ядравага запалохвання, пагражае ядраваю зброяй», – нагадаў на прэс-канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Петэр Стана.

Менавіта за магчымае размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі супраць нашай краіны могуць зʼявіцца новыя абмежаванні ў 11-м пакеце санкцыяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»