Парыж не згарыць у агні дэмакратыі


Прэзідэнт рызыкуе сваім урадам, а на вуліцах сутычкі са спецназам і падпаленыя сметнікі. Так выглядаюць гэтымі днямі французскія гарады. Бо кіраўнік Пятай Рэспублікі Эманюэль Макрон праводзіць даўно запланаваную пенсійную рэформу, а частка грамадзян з гэтым не згодная. Наколькі небяспечна цяпер гуляць па вуліцах Парыжу і што за ўсім гэтым стаіць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На вуліцах гараць смеццевыя бакі і дэманстранты б’юцца з паліцыяй. Некалькі мільёнаў французаў выйшлі на пратэст у розных гарадах краіны. 5 апазіцыйных партыяў выказвае вотум недаверу ўраду, хай гэта і нешматлікая апазіцыя.

«Мы хочам быць карыснымі для нашай краіны ў галасаванні супраць гэтай несправядлівай і неэфектыўнай рэформы. Ідзецца пра захаванне нашай парламенцкай дэмакратыі, якой злоўжываюць, і нашай сацыял-дэмакратыі, якой пагарджаюць», – заявіў, напрыклад, Бэртран Пляншэ, лідар апазіцыйнай парламенцкай групы LIOT.

У такіх умовах ва Францыі праходзіць пенсійная рэформа. Паводле яе французам на два гады павялічылі ўзрост выхаду на пенсію. Да 64-ох гадоў. А асобным катэгорыям працаўнікоў скарацілі пенсійныя бонусы.

У расейскіх і лукашэнкаўскіх СМІ загалоўкі кажуць, што Францыя фактычна на парозе развалу. Але журналісты, якія жывуць у Парыжы, раяць не хвалявацца і не чытаць расейскіх газет і не глядзець расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў. Бо калі мільён парыжан выйшаў на пратэст, то гэта лёгкая прагулка. А сутычкі, нават з падпальваннем машын, у Францыі праходзілі яшчэ за часамі Нікаля Сарказі, нагадвае Анастасія Кірыленка, журналістка-расследавальніца «The Insader», Парыж. Расейскі замежны тэлеканал «Раша Тудэй» казаў пра неабходнасць перавароту ў Францыі ажно да закрыцця свайго парыжскага бюро.

«Былі пратэсты »жоўтых камізэлек«. І гэтыя »жоўтыя камізэлькі« хадзілі з лозунгамі на кардонках, дзе было напісана «Глядзіце «Russia Today»! Толькі там уся праўда!» Яны былі прарасейскія, прапуцінскія, і заяўлялі ў мікрафон той жа «Рашы Тудэй», што Пуцін-та падвысіў пенсіі ў Расеі, а ў нас такі клоўн прэзідэнт, дыктатар і гэтак далей», – нагадвае Анастасія Кірыленка.

Прэзідэнт Эманюэль Макрон перамог на выбарах, як прэзідэнт правых эканамічных поглядаў. Гэтую пенсійную рэформу ён абяцаў у сваёй выбарчай праграме, і цяпер мусіць яе правесці, каб не быць папулістам. Рэформу адкладвалі з прычыны пандэміі каронавіруса. Цяпер Эманюэль Макрон пайшоў на рызыку, але закон не парушыў. Ён ужыў артыкул Канстытуцыі 49.3, якая дазваляе замацаваць закон без галасавання ў парламенце. Але цяпер Нацыянальны сход парламенту можа адмяніць урад Эманюэля Макрона – таксама ў межах дэмакратычных працэдураў.

Супраць пенсійнай рэформы пратэстуюць перадусім будучыя пенсіянеры і прыхільнікі сацыялізму. Але найбольш радыкальна дзейнічаюць ультралевыя і ўльтраправыя палітычныя сілы. Дыяметральна розныя, яны сыходзяцца толькі ў тым, што маюць сувязі ў Маскве.

«Як правіла, гэта самыя скрайне правыя і самыя скрайне левыя. Якія вельмі сыходзяцца па сваіх патрабаваннях і ў падтрымцы ад пуцінскага рэжыму», – тлумачыць Юозас Олякас, еўрадэпутат ад Літвы, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю.

Напрыклад, лідарка скрайне правай партыі «Нацыянальнае абʼяднанне» Марын Ле Пэн, якая цяпер патрабуе адстаўкі ўраду, адначасова патрабуе адмены антываенных санкцыяў адносна Расеі і спынення дапамогі Украіне.

«Да 300 млн еўраў Расея ўклала для падтрымкі розных рухаў у Еўразвязе, у тым ліку скрайне правых у Францыі. Гэта нельга сказаць, што не мае ўплыву на працэсы, якія адбываюцца ў Францыі. Але з іншага боку, ёсць людзі, якія абараняюць свае эканамічныя інтарэсы, выходзячы на вуліцы», – нагадвае Юозас Олякас.

Пратэст – гэта частка дэмакратыі, і нельга казаць, што французаў на вуліцу вывеў Крэмль. Але Крэмль спрабуе ўлезці ў гэтую справу, кажа Анастасія Кірыленка.

«Крамлю ўсё роўна, каго падтрымліваць: левых, правых, прыхільнікаў тэорыі змовы, антыпрышчэпачнікаў. Абы нагадзіць еўрапейскім краінам, абы падзяліць іх і дамагчыся адмены санкцыяў», – падсумоўвае Анастасія Кірыленка.

Напрыклад, 3 гады таму Сяргей Лаўроў у расейскай амбасадзе ў Парыжы прымаў неназваных прадстаўнікоў французскай грамадзянскай супольнасці. Журналісты апазналі сярод іх радыкальных «антываксераў», прыхільнікаў тэорыі змовы, што вакцына ад каронавіруса ўтрымлівае мікрачыпы.

«Расея карыстаецца тым, што заўжды ёсць пэўная маргіналізаваная праслойка ў еўрапейскай палітыцы, якая ніколі не атрымлівала буйнога спонсарства», – тлумачыць Яраслаў Бажко, кіраўнік цэнтру палітычных даследаванняў «Доктрина», Кіеў.

Цікавы момант: у выніку цяперашніх пратэстаў і страйкаў партовых рабочых у Францыі не ідзе разгрузка танкераў са звадкаваным прыродным газам. У выніку газ бяруць са сховішчаў, а тыя цяпер пустыя на 2/3. Нават калі Расея не арганізоўвала гэтыя пратэсты, яна будзе мець з іх палітычны вынік.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»