24 гады на дваіх: агучаныя тэрміны па «справе TUT.by»


Марына Золатава і Людміла Чэкіна за кратамі, у кайданках, але не зламаныя. Абвешчаны прысуд у «справе TUT.by». Паседжанне вяла гэтак званая суддзя Валянціна Зянкевіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яна прызнала галоўную рэдактарку Марыну Золатаву вінаватай у «распаўсюдзе матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады» ды ў «дзеяннях, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці». Генеральную дырэктарку TUT.by Людмілу Чэкіну Зянкевіч асудзіла паводле трох артыкулаў: «ухіленне ад выплаты падаткаў», «арганізацыя распаўсюду матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады» і «арганізацыя дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці». Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын называе гэта помстай з боку рэжыму:

«За тое, што партал быў максімальна непрадузятым, як пры асвятленні пратэстаў, так і дзейнасці органаў улады, ці так званага прэзідэнта. Партал праявіў прынцыповую пазіцыю – не пайшоў на перамовы і здачу сваіх дэмакратычных пазіцыяў».

Выказалася наконт прысуду і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай – гэта чарговая спроба рэжыму забіць сумленную журналістыку ў Беларусі. Абсалютна не сумняюся ў тым, што ўсе каштоўнасці Мілы і Марыны – перамогуць, а яны, нарэшце, выйдуць на волю. А пакуль свет не можа чуць іх саміх – мы будзем іхнымі галасамі».

Адметна, што напярэдадні выраку дзяржаўны тэлеканал выпусціў фільм, прысвечаны TUT.by . У ім прапагандыстка Лебедзева вінаваціць журналістаў і кіраўніцтва кампаніі ў жаданні змены ўлады, арганізацыі паслявыбарчых пратэстаў ды іншых правінах.

«Цяпер на вуліцах Беларусі вось так – гэта мірнае жыццё. Людзі спяшаюцца па сваіх справах, ідуць у крамы. Кіраўніцтва TUT.by з нагавіцаў вылазіла ў 2020 годзе каб усё гэта змяніць – не выйшла», – кажа Лебедзева.

«Там звязваюць рэчы, якія зусім не звязваюцца – здзіўляецца Кірыл Валошын. – Як яны могуць адначасова існаваць у рэальнасці – незразумела. Партал быў стратным, але размяркоўваў дывідэнды. Партал быў русафобскім, але пісаў пераважна на рускай мове».

Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну трымаюць у зняволенні з васямнаццатага траўня 2021 года. Менавіта тады сілавікі разграмілі TUT.by. А сам інтэрнэт-партал, аўдыторыяй якога былі каля сямідзесяці адсоткаў насельніцтва Беларусі, заблакавалі. З таго моманту атака рэжыму на беларускіх журналістаў выйшла на новы ўзровень. Большасць незалежных медыяў прызналі экстрэмісцкімі. Яны мусілі спыніць сваю дзейнасць у Беларусі. Ціск працягваецца дагэтуль.

«На дадзены момант за кратамі трыццаць шэсць прадстаўнікоў медыяў – кажа намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. – У апошнія дні гэты лік вырас: былі ператрусы ў Слуцку і Маладзечне, у выніку чаго трое нашых калегаў апынуліся за кратамі».

На пачатку 2021 года Марына Золатава запісала зварот да журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія адбывалі тэрмін зняволення за асвятленне паслявыбарчых акцыяў пратэстаў. На той момант да арышту самой рэдактаркі TUT.by заставаліся тры месяцы.

«Гэтае ганебнае цемрашальства скончыцца. Дабро і праўда перамогуць, а ў турме будуць сядзець сапраўдныя злодзеі, а не вы», – казала Марына Золатава.

На думку Кірыла Валошына, Марына Золатава і Людміла Чэкіна выйдуць на волю раней, чым скончыцца іхны тэрмін зняволення.

Ян Федаровіч, «Белсат»