Праваабаронцы дапамагаюць мігрантам


Праваабаронцы з Беларусі і Латвіі выратавалі групу мігрантаў з Сірыі, вымушаных жыць паміж дзвюма краінамі проста пад адкрытым небам. Латышскі бок адмаўляў ім у прытулку, а беларускія органы не дазвалялі пакінуць прымежнае зоны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Даць часовы прытулак і гуманітарную дапамогу. З такой просьбай ад імя мігрантаў беларуская праваабарончая арганізацыя «Respect – Protect – Fulfill» ды іх латышскія калегі з арганізацыі «Хачу дапамагаць бежанцам» звярнуліся ў Еўрапейскі суд правоў чалавека. У выніку 5 заяўнікаў з 7, якіх знайшлі ў лесе, атрымаюць дапамогу.

«Гэта ўдалося, бо латышскія праваабаронцы паехалі на мяжу і сустрэлі гэтых людзей. Калі б яны гэтага не зрабілі, наўрад ці загад Еўрапейскага суда правоў чалавека быў бы выкананы», – распавёў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Respect – Protect – Fulfill» Мікіта Мацюшчанкаў.

У 2021 годзе да праваабаронцаў ужо звярталіся мігранты. Тады іх было значна болей – каля 40 асобаў. Але дапамагчы ім не атрымалася праз супрацьстаянне латышскіх памежнікаў.

«Яны прымушалі мігрантаў ісці ў бок Беларусі, а потым іх лавілі беларускія памежнікі і прымушалі вяртацца ў Латвію. Пры гэтым у іх адабралі тэлефоны», – патлумачыў Мікіта Мацюшчанкаў.

Акурат тады ўлады Латвіі ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы пасля вялікай колькасці спробаў нелегальнага пераходу. Мігранты засталіся сам-насам са сваімі праблемамі.

«Усе незалежныя назіральнікі, праваабаронцы, валанцёры, прэса на памежжы не дапускаюцца. І ўсе спробы туды трапіць правальваюцца», – адзначыла журналістка з Латвіі Марыя Кугель.

З увагі на тое, што ўвесь гэты час міграцыйны паток не спыняўся, а нелегальным пераходам спрыялі беларускія памежнікі, летась надзвычайную сітуацыю падоўжылі да 10 лютага 2023 года.

«Ёсць звесткі, што латышскі кірунак цяпер рэкламуецца сярод іх як найбольш спрыяльны. Паколькі ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца на мяжы насамрэч, у гэтых людзей няма, то яны натуральна вераць гэтаму», – дадала Марыя Кугель.

Звозіць сотні мігрантаў з Блізкага Усходу на мяжу з Латвіяй, а таксама з Літвой і Польшчай рэжым Лукашэнкі пачаў вясною 2021 года. Гэта была правакацыя ў адказ на ўведзеныя Еўразвязам санкцыі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»