Джо і Сі цяпер могуць сазваніцца


Гістарычная сустрэча, пацяпленне стасункаў і панда-дыпламатыя – гэтак пазітыўна некаторыя медыі ў ацэньвае перамовы кіраўнікоў ЗША і Кітаю, што адбыліся ў Каліфорніі. Разам з тым, Джо Байдэн адкрыта называе Сі Цзінь Піна дыктатарам, а Пекін пасля перамоваў не змяніў сваёй пазіцыі адносна вайны Расеі супраць Украіны. Дакладна можна сказаць, што сённяшнія перамовы – за 9,5 тыс. км ад Беларусі – так ці іначай адгукнуцца і нам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Джо Байдэн і Сі Цзінь Пін – максімальна блізка каля Сан-Францыска. Кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся наладзіць наўпроставую сувязь між сабой і між вайскоўцамі, каб тыя захоўвалі адпаведную дыстанцыю ў паветры і на моры, і каб не дайшло да інцыдэнтаў, якія могуць перарасці ў баявыя дзеянні.

«Якраз падчас перамоваў дзяржсакратар Энтані Блінкен і міністр замежных справаў Кітаю Ўан І сядзелі за сталом. І Блінкен удакладніў, што на такой адлегласці праляталі кітайскі і амерыканскі самалёт», – адзначыла палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Сувязь між вайскоўцамі кітайцы адключылі ў знак пратэсту супраць візіту спікеркі Палаты прадстаўнікоў на Тайвань, які ў Кітаі лічаць уласнай тэрыторыяй, а не незалежнай дзяржавай. Але цяпер журналісты пытаюць Джо Байдэна, ці ён усё яшчэ лічыць Сі Цзінь Піна дыктатарам, як казаў зусім нядаўна.

«Ён дыктатар – у тым сэнсе, што кіруе камуністычнай краінай, якая заснаваная на зусім іншай форме дзяржаўнасці, чым нашая», – адказаў на пытанне 46-ты прэзідэнт ЗША.

У Пекіне словы пра дыктатуру асудзілі, але так, каб было няясна, ці асуджаюць Байдэна, ці амерыканскіх журналістаў.

«Падобнае выказванне надзвычай няслушнае і ёсць безадказнай палітычнай маніпуляцыяй. Кітай рашуча аспрэчвае яго. Варта адзначыць, што заўжды былі людзі з кепскімі намерамі, якія спрабавалі пасеяць разлад і падарваць кітайска-амерыканскія дачыненні, і гэтага ў іх не атрымаецца», – адказала на пытанне прэс-сакратарка Міністэрства замежных справаў Кітаю Маў Нін, не ўдакладніўшы, каго мае на ўвазе.

Абодва бакі называюць сустрэчу гістарычнай, але асвятляюць яе зусім па-рознаму. У ЗША падкрэсліваюць, што Джо Байдэн пераканаў Сі Цзінь Піна лепш кантраляваць абарот кітайскага фентанілу – моцнага наркотыку. Фентаніл, таксама вядомы, як «зомбі-наркотык» і «белы кітаец» можа з адной дозы выклікаць моцную залежнасць і хуткае разбурэнне асобы. У некаторых рэгіёнах Амерыкі цяпер эпідэмія фентанілавай наркаманіі. Але кітайцы тэму фентанілавай вайны ў перамовах замоўчваюць.

«Паводле кітайскага дзяржаўнага тэлебачання, больш за ўсё ўвагі Сі прысвяціў амерыканскім санкцыям і абмежаванням супраць кітайскіх тавараў, а таксама пытанню Тайваню», – звярнула ўвагу Аляксандра Філіпенка.

Пазіцыі бакоў наступныя: Кітай хоча будаваць двупалярны свет, ЗША – утрымаць свет ад вялікай вайны. Пакуль атрымліваецца – Кітай не чакаў, што амерыканцы і еўрапейцы будуць разам і так рашуча дзейнічаць у дапамогу Украіне, нагадвае Наталля Бутырская.

Сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу ў Тэль-Авіве. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: President Biden / X.com

«Яшчэ больш нечакана для Пекіну было тое, што казалі краіны Захаду. У прыватнасці галоўны еўрапейскі дыпламат Жузэп Бурэль, старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнт Рады Еўразвязу Шарль Мішэль паўтаралі: як Кітай будзе рэагаваць на сітуацыю ва Украіне, шмат у чым будзе ўплываць на іх стасункі з Еўразвязам», – нагадвае Наталля Бутырская, экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі.

Што да стасункаў з Менскам, то незапрашэнне Лукашэнкі на пекінскі Форум «Пояс і шлях» месяц таму паказала: таварыш Сі трошкі ахаладзеў да свайго беларускага ўсепагоднага партнёра, мяркуе экспертка:

«Лукашэнка пагадзіўся на сваёй тэрыторыі паставіць Тактычную ядравую зброю. Гэта адбылося практычна адразу пасля візіту Сі Цзінь Піна ў Маскву. І трэба разумець, што Кітай актыўна прасоўвае палітыку нераспаўсюду ядравай зброі».

Цікава, што Лукашэнка таксама паспрабаваў ускочыць у цягнік галоўнай навіны дня і сёння падпісаў указ аб кітайскіх паслугах ды інвестыцыях. Праўда, топ-навіна па версіі дзяржаўнай прапаганды не атрымалася. Бо гэта ўказ аб праекце пагаднення, якое толькі будзе прадстаўленае на перамовах – калісьці ў перспектыве.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»